Баварская дзяржаўная бібліятэка
Баварская дзяржаўная бібліятэка (ням.: Bayerische Staatsbibliothek) — цэнтральная бібліятэка федэральнай зямлі Баварыя, адна з найбольш значных еўрапейскіх універсальных бібліятэк. Размешчана ў горадзе Мюнхен на вуліцы Людвігштрасэ 16. Баварская дзяржаўная бібліятэка прызнана важнай міжнароднай навуковай бібліятэкай сусветнага ўзроўня. У супрацоўніцтве з Дзяржаўнай бібліятэкай у Берліне і Нямецкай нацыянальнай бібліятэкай яна складае «Віртуальную нацыянальную бібліятэку Германіі». Баварская дзяржаўная бібліятэка мае адзін з самых важных у свеце збораў рукапісаў, самую вялікую калекцыяй інкунабул у Германіі, а таксама шматлікія іншыя значныя адмысловыя калекцыі (музычных выданняў, карт і ізавыданняў, краін Усходняй Еўропы, Усходу і Усходняй Азіі).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Бібліятэка была заснавана ў 1558 годзе Вітэльсбахскім герцагам Альбрэхтам V. У аснову прыдворнай бібліятэкі лягло набыццё прыватнай бібліятэкі Іагана Альбрэхта Відманштэтэра. У 1571 годзе фонд бібліятэкі быў пашыраны за кошт набытага збору Іагана Якаба Фугера, які ўключаў бібліятэку Хартмана Шэдэля.
З 1663 года ў Баварыі існуе закон пра абавязковы экзэмпляр, паводле якога два экзэмпляра кожнага выпушчанага ў Баварыі друкарскага выдання павінны перадавацца Баварскай дзяржаўнай бібліятэцы. Гэта правіла засталося нязменным да нашых дзён. З 1802 па 1804 год, падчас секулярызацыі ў Баварыі і далучэння фондаў прыдворнай бібліятэкі Пфальцкага курфюрства, Баварская дзяржаўная бібліятэка папоўнілася 550 000 тамамі літаратуры і 18 600 рукапісамі.
З 1919 года былая мюнхенская прыдворная бібліятэка носіць назву «Баварская дзяржаўная бібліятэка». Падчас Другой сусветнай вайны бібліятэка страціла парадку 500 000 тамоў, нягледзячы на эвакуацыю фондаў. Сам будынак быў разбурана на 85 %. Распачатыя ў 1946 годзе аднаўленчыя працы былі завершаны ў 1970 годзе адкрыццём нанова адрамантаванага паўднёвага крыла. У 1988 годзе распачала працу бібліятэка-дэпазітар у Гархінзе.
У 1997 годзе быў заснаваны «Мюнхенскі цэнтр аблічбоўкі дакументаў», а ў 2007 годзе было абвешчана пра супрацоўніцтва бібліятэкі з кампаніяй Google па аблічбоўцы адзінак захоўвання, на якія не распаўсюджваецца аўтарскае права.
У 2011 годзе Баварская дзяржаўная бібліятэка ў супрацоўніцтве з Інстытутам еўрапейскай гісторыі ў Майнцы і Германскім гістарычным інстытутам у Парыжы адкрыла шматмоўную платформу рэцэнзій Recensio.net. Тэксты рэцэнзій размешчаны пад ліцэнзіяй CC-BY-ND-NC (свабодная спампоўка пры ўмове ўказання аўтарства, забароне камерцыйнага выкарыстання і стварэння вытворных прац).
Фонды
[правіць | правіць зыходнік]- каля 9,39 млн тамоў;
- каля 92 000 рукапісаў, напрыклад:
- «Залаты Кодэкс св. Эмерама»,
- рукапіс «Песні пра Нібелунгаў» (рукапіс А),
- «Карміна Бурана»,
- «Фрэйзінгскія ўрыўкі» — адзін з першых славянскіх помнікаў (і першы помнік славенскай мовы),
- «Баварскі географ» IX стагоддзя, які змяшчае адно з першых згадванняў народа русь і шэрагу іншых плямёнаў Усходняй Еўропы,
- перыкопы Генрыха II,
- «Вавілонскі Талмуд»,
- харавыя кнігі Арланда дзі Ласа,
- Кодэкс 053 (Gregory-Aland);
- больш 52 500 друкарскіх і электронных часопісаў;
- каля 19 900 экзэмпляраў 9 660 інкунабул (складае каля 1/3 ад 28 000 захаваных у свеце інкунабул), напрыклад:
- Біблія Гутэнберга,
- «Турэцкі» каляндар;
- 35 000 аблічбаваных тамоў (аб'ём даных: 103 тэрабайта).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйная старонка (ням.)
- Афіцыйная старонка (англ.)
- Аддзел Усходняй Еўропы на афіцыйнай старонцы Архівавана 5 мая 2009. (ням.)
- Аддзел Усходняй Еўропы на афіцыйнай старонцы Архівавана 31 кастрычніка 2009. (англ.)
- Лічбавыя калекцыі (ням.) (англ.)
- Віртуальная Бібліятэка Усходняя Еўропа (руск.) (ням.) (англ.)