Базыльянская батарэя
Славутасць | |
Базыльянская батарэя | |
---|---|
52°05′04″ пн. ш. 23°39′33″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Брэст |
Будаўніцтва | 1865—1867 гады |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Базылья́нская батарэ́я — абарончае збудаванне Брэсцкай крэпасці, размешчанае ва ўсходняй частцы Кобрынскага ўмацавання, паміж Лабараторнай батарэяй і Паўбастыёнам V. Узведзена ў 1865—1867 гадах.
Батарэя ўяўляе сабой земляное ўмацаванне, якое закрывае частку абарончай казармы, якая ляжыць ззаду, і служыць для абстрэльвання унутранасцей — першага, другога, трэцяга і чацвёртага франтоў і фланкавання абодвух рэдутаў. Роў наперадзе батарэі сухі. Пад валгангам батарэі знаходзіцца каменная аднапавярховая казематаваная казарма, якая служыла памяшканнем палівальнай майстэрні для крапасной артылерыі, а пасля яе ліквідацыі выкарыстоўвалася для канцылярыі і цэйхгаўзаў артылерыйскіх паркаў. Казарма складаецца з 9 казематаў і была разлічана на 175 чалавек.
З 1922 года па 1939 у казармах былой батарэі пры дапамозе старшых афіцэраў і ваеннага святара, палкоўніка Антонія Матайкевіча , быў створаны кааператыў 9-й ваеннай акругі Войска Польскага. Гэты кааператыў забяспечваў сем’і ваенных і вольнанаёмных, якія атрымалі працу пры гарнізоне, неабходнымі прадуктамі харчавання і іншымі таварамі. Тут мелася невялікая крама і буфет.
У 1941 годзе ў казематах батарэі дыслакаваўся 44-ы палявы аўтахлебазавод са сваёй санчасткай, ленінскім пакоем, казармай транспартнага і гаспадарчага ўзвода, упраўленнем, сталовай, пякарняй, складам і прыбіральні. У час ваенных дзеянняў у чэрвені 1941 года, аж да 26 чэрвеня, у гэтым месцы змагалася адна з груп абаронцаў крэпасці.
Як пункт грамадскага харчавання, установа адкрылася ў 1973 годзе пад назвай «Сталовая № 18», а ўжо пасля распаду СССР атрымала сімвалічную назву — кафэ «Цытадэль». Пры будаўніцтве кухні была прыбрана гаржавая частка вала былой артылерыйскай батарэі, пабудаваны дапаможныя памяшканні.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
Базыльянская батарэя на Вікісховішчы |
- Аб'ект у Базе даных «Спадчына Брэсцкай крэпасці» (руск.)