Абарона Брэсцкай крэпасці (1941)
Абарона Брэсцкай крэпасці | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Аперацыя «Барбароса» | |||
| |||
Дата | 22 чэрвеня — 29 чэрвеня (23 ліпеня?), 1941 | ||
Месца | Брэсцкая крэпасць, Беларуская ССР | ||
Вынік | Узяцце крэпасці | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
![]() |
Абарона Брэсцкай крэпасці — абарона Брэсцкай крэпасці савецкімі войскамі ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны (22 чэрвеня — канец ліпеня 1941). Абарона старой крэпасці стала ўзорам стойкасці і мужнасці.
На працягу тыдня гарнізон крэпасці стрымліваў націск 45-й нямецкай пяхотнай дывізіі, якую падтрымлівалі артылерыя і авіяцыя. Пасля агульнага штурму 29-30 чэрвеня немцам удалося авалодаць галоўнымі ўмацаваннямі. Пасля гэтага абаронцы крэпасці працягвалі змагацца на асобных участках ва ўмовах недахопу вады, харчавання, баепрыпасаў і медыкаментаў.
Пачатковая дыспазіцыя[правіць | правіць зыходнік]
Напярэдадні вайны ў крэпасці дыслацыраваліся часці 6-й і 42-й стралковых дывізій 4-й арміі, падраздзяленні 17-га Брэсцкага пагранатрада, 33-га асобнага інжынернага палка, частка 132-га батальёна войск НКУС, штабы часцей. Некаторыя часці або іх падраздзяленні знаходзіліся ў лагерах, на палігонах, на будаўніцтве ўмацаванага раёна. На час пачатку штурму ў крэпасці было ад 7 да 8 тыс. савецкіх воінаў, жыло 300 сем'яў ваеннаслужачых.
Штурмавалі крэпасць нямецкія 45-я пяхотная дывізія (каля 17 тыс. салдат і афіцэраў) ва ўзаемадзеянні з 31-й і 34-й пяхотнымі дывізіямі 12-га армейскага корпуса 4-й арміі, а таксама 2 танкавыя дывізіі 2-й танкавай групы Гудэрыяна пры падтрымцы авіяцыі і часцей узмацнення, якія мелі на ўзбраенні цяжкія артылерыйскія сістэмы. Паводле плана нямецкага камандавання авалодаць крэпасцю неабходна было да 12 гадзін дня 22.6.1941.
Абарона[правіць | правіць зыходнік]
22 чэрвеня[правіць | правіць зыходнік]
У першыя гадзіны вайны Брэст і крэпасць былі падвергнуты масіраванаму артабстрэлу і авіябамбардзіроўцы. У выніку большасць складоў, іншых ваенных аб'ектаў, водаправод былі разбураны, перарвана сувязь; значная частка байцоў і камандзіраў выведзены са строю, гарнізон крэпасці расчлянёны на асобныя групы. Цяжкія баі разгарнуліся на граніцы, у горадзе і крэпасці.
Праціўнік ставіў за мэту, выкарыстаўшы раптоўнасць нападу, захапіць Цытадэль Брэсцкай крэпасці, потым іншыя ўмацаванні і прымусіць савецкі гарнізон да капітуляцыі. Перадавыя часці 45-й нямецкай дывізіі спрабавалі з ходу авалодаць крэпасцю. Упартае супраціўленне савецкіх воінаў і пагранічнікаў дало магчымасць раніцай 22 чэрвеня выйсці з крэпасці прыблізна палавіне асабовага складу ў раёны сканцэнтравання сваіх часцей, эвакуіраваць першых параненых. У крэпасці засталося 3,5-4 тыс. савецкіх воінаў.
У першы дзень баёў да 9 гадзін раніцы крэпасць была абкружана. Штурмавыя групы праз Цярэспальскае ўмацаванне і мост каля Цярэспальскіх варот прарваліся ў Цытадэль, захапілі будынак палкавога клуба (там пакінулі карэкціроўшчыкаў артылерыйскага агню). Адначасова развівалася наступленне ў напрамку Холмскіх і Брэсцкіх варот, каб злучыцца з групамі, што наступалі з боку Валынскага і Кобрынскага ўмацаванняў. На працягу першага дня абаронцамі адбіта 8 жорсткіх атак пяхоты, вораг выбіты з Цытадэлі; толькі нешматлікія нямецкія аўтаматчыкі ўкрыліся ў будынках клуба і сталоўкі начсаставу (на другі дзень былі знішчаны), якія потым не раз пераходзілі з рук у рукі. Праціўнік захапіў некалькі казематаў апусцелых казармаў 132-га батальёна. Амаль адначасова баі разгарнуліся на тэрыторыі ўсіх умацаванняў. Абаронцаў узначалілі камандзіры і палітработнікі, у асобных выпадках — радавыя байцы.
23—30 чэрвеня[правіць | правіць зыходнік]
Баі ў крэпасці прынялі зацяжны характар. На тэрыторыі Цярэспальскага ўмацавання пагранічнікі ачысцілі ад праціўніка большую частку ўмацаванняў, аднак з-за недахопу боепрыпасаў і вялікіх страт утрымаць яе не маглі. У ноч на 25 і 30 чэрвеня яны групамі фарсіравалі Заходні Буг і далучыліся да абаронцаў Цытадэлі і Кобрынскага ўмацавання. На Валынскім умацаванні камандзіры арганізавалі абарону ў межах шпіталя, на астатняй тэрыторыі яна мела ачаговы характар і працягвалася да канца тыдня; некаторыя байцы ўліліся ў рады абаронцаў Цытадэлі, нямногія прабіліся з акружэння.
У Цытадэлі — самым буйным вузле абароны — да канца дня 22 чэрвеня вызначыліся асобныя ўчасткі абароны: у раёне Цярэспальскіх варот, у паўночнай частцы абарончай казармы, каля Брэсцкіх варот, у казарме 33-га асобнага інжынернага палка, у раёне Белага палаца, у раёне размяшчэння 84-га стралковага палка, будынку інжынернага ўпраўлення. 24 чэрвеня на нарадзе камандзіраў і палітработнікаў было вырашана стварыць зводную баявую групу. Паводле загаду № 1 камандзірам групы прызначаны капітан І. Зубачоў, яго намеснікам — палкавы камісар Я. Фамін. Практычна яны змаглі ўзначаліць абарону толькі ў Цытадэлі. Паводле рашэння камандавання былі зроблены спробы прарваць кальцо акружэння, аднак беспаспяхова.
На Кобрынскім умацаванні ў раёне Заходняга фронту і дамоў начсаставу абарона працягвалася 3 дні. У раёне Усходніх варот амаль 2 тыдні змагаліся байцы 98-га асобнага процітанкавага артылерыйскага дывізіёна. У паўночнай частцы галоўнага вала і ў раёне Паўночных варот 2 дні стрымлівалі ворага савецкія воіны, а потым адышлі ва Усходні рэдзюіт (форт), дзе абарону трымалі байцы 393-га асобнага зенітна-артылерыйскага дывізіёна, 333-га стралковага палка, воіны іншых часцей (каля 400 байцоў і камандзіраў) пад кіраўніцтвам маёра П. Гаўрылава.
У поўным акружэнні, пры нястачы вады, прадуктаў, боепрыпасаў і медыкаментаў гарнізон змагаўся, адбіваючы па 6-8 атак за дзень. Разам з байцамі былі жанчыны і дзеці.
Да канца чэрвеня гітлераўцамі захоплена большая частка тэрыторыі крэпасці. 29 і 30 чэрвеня вёўся бесперапынны 2-сутачны штурм з выкарыстаннем 500- і 1800-кілаграмовых авіябомбаў. У выніку кровапралітных баёў і вялікіх страт абарона распалася на шэраг ізаляваных ачагоў супраціўлення.
Ліпень[правіць | правіць зыходнік]
Да 12 ліпеня ва Усходнім форце вяла баі група савецкіх байцоў. Пазней, вырваўшыся з форта, яна змагалася ў капаніры за знешнім валам умацавання. Цяжка параненыя П. Гаўрылаў і зампалітрука Р. Дзеравянка трапілі ў палон 23 ліпеня. Савецкія воіны працягвалі змагацца і пасля 20 ліпеня. Пра апошнія дні барацьбы вядома мала. Да гэтых дзён адносяцца надпісы, што пакінулі на сценах крэпасці яе абаронцы: «Памром, але з крэпасці не пойдзем», «Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма. 20.VII.41 г.».
Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]
Удзельнікі абароны ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, званне Героя Савецкага Саюза прысвоена П. Гаўрылаву і начальніку 9-й пагранзаставы А. Кіжаватаву. 8.5.1965 крэпасці прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой» з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». На тэрыторыі крэпасці створаны Музей Брэсцкай крэпасці-героя, адкрыты мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой; адна з вуліц горада названа вуліцай Герояў абароны Брэсцкай крэпасці.
Апошні ўдзельнік абароны[правіць | правіць зыходнік]
У рамане Барыса Васільева «У спісах не значыўся», гаворыцца пра апошняга вядомага абаронцы крэпасці, які нібыта загінуў 12 красавіка 1942 года. С. Смірноў у сваёй кнізе «Брэсцкая крэпасць», спасылаючыся на аповед нейкага загінулага падчас акупацыі відавочцы, таксама называе дату — красавік 1942 года, не паказваючы імя героя.
22 жніўня 2016 года «Вести Израиля» паведамілі, што ў Ашдодзе памёр апошні з пакінутых у жывых удзельнікаў абароны Брэсцкай крэпасці Барыс Фаерштэйн[1].
Паводле дадзеных гісторыка-краязнаўчага музея Байгільдзінскага сельскага ліцэя, а таксама мноству запісаў у сетцы Інтэрнэт, апошнім з жывых абаронцаў Брэсцкай крэпасці быў Ісмагілаў Рышат Саліховіч (1920 года нараджэння), які пражываў у Рэспубліцы Башкартастан[2][3], ён памёр 3 верасня 2020 года[4].
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Р. Алиев: Штурм Брестской крепости. М.: ЭКСМО, 2010. Рецензия на книгу Алиева (на беларусском языке)
- Кристиан Ганцер (руководитель группы авторов-составителей), Ирина Еленская, Елена Пашкович [и др.]: Брест. Лето 1941 года. Документы, материалы, фотографии. Смоленск: Инбелкульт, 2016. ISBN 978-5-00076-030-7 [1]
- Кристиан Ганцер: Воспоминания защитников Брестской крепости как исторические источники. Проблемы и шансы // Е. И. Пашкович (ред.): Личность в истории. Героическое и трагическое. Сборник материалов VI международной конференции. Брест, 22-23 ноября 2013 года. В двух частях. Часть 2. Брест 2015, с. 32-42. [2]
- Кристиан Ганцер: Переводчик виноват. Влияние перевода на восприятие исторических событий (на примере отчета генерал-майора Фрица Шлипера о боевых действиях по захвату Брест-Литовска) // Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць. Выпуск 13. Мінск 2015, с. 39-45. [3]
- Ганцэр Крыстыян. Памяць і забыццё: ушанаванне герояў Брэсцкай крэпасці //Сіябган Дусэт, Андрэй Дынько, Алесь Пашкевіч (ред.): Вяртанне ў Еўропу: Мінулае і будучыня Беларусі. Варшава 2011, стр. 141—147. [4]
- Ганцэр Крыстыян. Пашковіч Алена. «Гераізм, трагізм, мужнасьць.» Музей абароны Берасьцейкай крэпасьці// ARCHE пачатак № 2/2013 (чэрвень 2013), с. 43-59.[5]
- Ходцава Т. Брэсцкай крэпасці абарона // ЭГБ у 6 т. Т.2. — Мн., 1994.
- Christian Ganzer: Straty po stronie niemieckiej i radzieckiej jako wskaźnik długotrwałości i intensywności walk o twierdzę brzeską. // Białoruskie Zeszyty Historyczne, 40, 2013, стр. 171—188.
- Ganzer Christian. Czy «legendarna twierdza» jest legendą? Oborona twierdzy brzeskiej w 1941 r. w świetle niemeckich i austriackich dokumentów archiwalnych. // Wspólne czy osobne? Miesca pamięci narodów Europy Wschodniej. Białystok/Kraków 2011, стр. 37-47. [6]
- Ganzer Christian, Paškovič Alena. «Heldentum, Tragik, Kühnheit.» Das Museum der Verteidigung der Brester Festung."// Osteuropa 12/2010, стр. 81-96. [7]
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Абарона Брэсцкай крэпасці (1941)
- ↑ В Израиле умер последний защитник Брестской крепости
- ↑ ПОЗДРАВЬТЕ ЗАЩИТНИКА БРЕСТСКОЙ КРЕПОСТИ! (руск.) . Яндекс Дзен | Платформа для авторов, издателей и брендов. Праверана 19 мая 2019.
- ↑ Защитник Брестской крепости (англ.) . www.baig-museum.ru. Праверана 19 мая 2019.
- ↑ Ушел из жизни последний защитник Брестской крепости Ришат Исмагилов