Бананавы хлеб

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бананавы хлеб

Бананавы хлеб (англ.: banana bread), таксама бананавы кекс або пірог — салодкі кекс, галоўным інгрэдыентам якога з'яўляюцца спелыя бананы. Найбольш папулярны ў ЗША і Аўстраліі.

Для прыгатавання бананавага хлеба спатрэбяцца размятыя спелыя бананы, мука, цукар, сметанковае масла, малако, яйкі, разрыхляльнік, прычым для больш здаровага варыянту можна ўзяць карычневы цукар замест белага і размолатыя аўсяныя камякі або цэльназерневую муку замест мукі вышэйшага сорта. Для людзей з непераноснасцю лактозы малако можна замяніць на соевае малако ці мяккі тофу. Таксама ў цеста можна дадаць арэхі, цукаты, сухафрукты і спецыі (ванілін, карыцу). Лепш за ўсё выкарыстоўваць пераспелыя бананы з пацямнелай лупінай, калі бананы не зусім спелыя, варта павялічыць колькасць цукру. Бананавы хлеб часцей за ўсё выпякаюць у прамавугольнай форме для выпечкі.

Гатовы бананавы хлеб можна ёсць як пірог або намазваць на яго масла, канфіцюр або фруктовае пюрэ. Дзякуючы высокаму ўтрыманню вугляводаў кекс часам выкарыстоўваюць як крыніца энергіі падчас інтэнсіўных працяглых нагрузак, напрыклад, падчас марафона.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Бананавы хлеб з'яўляецца традыцыйнай выпечкай амерыканскай кухні. Дакладная дата з'яўлення рэцэпту невядомая. Магчыма, упершыню ён з'явіўся ў канцы XVIII стагоддзя, калі ў якасці разрыхляльніка сталі выкарыстоўваць паташ. Аднак у першай выдадзенай у Амерыцы кнізе рэцэптаў няма згадвання кекса, акрамя таго бананы сталі шырока даступныя толькі ў канцы XIX стагоддзя, калі былі створаны лепшыя ўмовы для транспартавання прадуктаў, якія хутка псуюцца. Можна з упэўненасцю сказаць, што рэцэпт з'явіўся не пазней 1933 года, паколькі ён быў апублікаваны ў адной з кулінарных кніг. Пазней з'явіліся разнастайныя варыяцыі, а таксама гатовыя сумесі-парашкі для выпечкі.