Бан (тытул)
Бан — кіраўнік зямлі, вобласці. Назва сустракаецца сярод кіраўнікоў Харватыі, Босніі, Мачвы, Валахіі, Малдовы. Разумеўся таксама як «гаспадар»[1].
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Існуе тры асноўныя тэорыі паходжання наймення бан — цюркская, іранская і гоцкая:
- Слова ban выводзіцца ад цюркскага слова baian/bajan «валадар полчышча», пры дапамозе аварскай мовы ў значэнні «багаты» вядомым стала славянам[2][3]. Меркавалася нават выводзіць з імя аварскага правадыра Баяна[4].
- Тэрмін выводзяць ад старажытнаіранскага слова ban са значэннем «чалавек высокага становішча, гаспадар, валадар»[5][6].
- Таксама тэрмін ban выводзілі ад гоцкага слова bandvjan [7].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Назва гэта сустракаецца ўжо ў Канстанціна Парфірароднага, калі ён гаворыць пра Харватыю («Баян (βοεάνος) іх валодае Крывасай, Ліцай і Гуцыскай»).
У Харватыі тэрмін «бан» пасля далучэння да Венгрыі ў пачатку XII стагоддзя на правах асабістай уніі стаў пазначаць прызначанага каралём кіраўніка, які ажыццяўляў у Харватыі аўтаномную ўладу. Харвацкі бан меў вялікія паўнамоцтвы: у дзяржаўных актах яго імя пісалася пасля імя караля, і ён меў тыя ж прывілеі, што і палацін у Венгрыі.
Бан даваў правы горадам, меў вярхоўны нагляд над каралеўскімі замкамі, прызначаў жупанаў, біскупаў і абатаў; ён атрымліваў шостую частку ўсіх мытных даходаў, трэцюю частку пеняў і пэўную частку ўсіх іншых дзяржаўных даходаў, меў права чаканіць манету, быў вярхоўным суддзёю ў сваёй краіне і галоўным палкаводцам; падчас вайны ў межах сваёй правінцыі ён павінен быў клапаціцца пра забеспячэнне войскаў, завошта атрымліваў асобную ўзнагароду грашыма і соллю; у паходах ішоў першым, у адступленні — апошнім. Пры каралеўскім двары харвацкі бан займаў трэцяе месца пасля палаціна і прыдворнага суддзі (лац.: judex curiae).
Межы асобных банатаў часта змяняліся, а часам некалькі банатаў злучаліся ў адзін. Пасля бітвы пры Мохачы туркі займалі паступова адзін банат за іншым, так што нарэшце ў Венгрыі застаўся ўсяго адзін злучаны банат Харватыі і Далмацыі. Падчас барацьбы з туркамі баны былі сапраўднымі валадарамі сваіх абласцей; потым, аднак, іх улада стала абмяжоўвацца сеймамі, на вернасць якім яны прысягалі. Пазней кароль па сваёй волі прызначаў банаў і пазбаўляў іх улады, і дазволена было на рашэнні банскага суда (лац.: judicium octavale) падаваць апеляцыйную скаргу ў прыдворны суд. У 1685 годзе харвацкі сейм пастанавіў, што на час, калі няма пасяджэнняў сейма, бан павінен выбраць сабе шэсць саветнікаў са свецкіх і духоўных асоб, якія складалі так званую банскую канферэнцыю, і кіраваць краінай разам з імі. Яшчэ больш банская ўлада была абмежавана прэсбургскім сеймам 1723 года, калі быў заснаваны новы банскі савет. Далей, у 1746 годзе, калі Марыя Тэрэзія арганізавала так званую Ваенную мяжу, у бана былі адняты яго функцыі военачальніка і перададзены ў распараджэнне вышэйшага савета ў Вене. Затое з трох камітатаў — Пожажскага, Варавіціцкага і Сірмскага, — аднятых Леапольдам I у туркаў, Марыя Тэрэзія стварыла новую правінцыю Славонію і аддала яе бану. Пасля гэтага бан да 1849 года меў наступныя правы: ён быў трэцім па старшынстве саноўнікам венгерскай кароны, выконваў абавязкі: вышэйшага суддзі ў банаце, начальніка дваранскага апалчэння і двух памежных палкоў. Нагляд пры збіранні даніны ў Славоніі быў адняты ў банаў у 1748 годзе і даручаны венгерскай прыдворнай канцылярыі.
Аўстрыйская канстытуцыя 4 сакавіка 1849 года абвясціла Харватыю, Славонію і Далмацыю асобнай кароннай правінцыяй з банам на чале, які не залежаў ад венгерскага ўрада і меў тыя ж правы, якімі валодалі імператарскія намеснікі іншых аўстрыйскіх правінцый; банам тады быў прызначаны Ёсіп Елачыч, які памер у 1859 годзе. Але з 1868 года бана прызначаў аўстрыйскі імператар са згоды венгерскага міністр-прэзідэнта, прычым бан не мог мець ніякай ваеннай улады. Бан з'яўляўся адміністрацыйным начальнікам Харватыі, Славоніі і Далмацыі, непасрэдна падпарадкаваным каралеўскай уладзе.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Банавіна
- Банскія двары — гістарычная афіцыйная рэзідэнцыя банаў
Зноскі
- ↑ Skok P. Etimologijski rječnik hrvatskoga ili srpskoga jezika. — Zagreb: Jugoslavenska akademija znanosti i umjetnosti, 1973. — Kn. 3. — S. 104—105.
- ↑ Brückner A. Słownik etymologiczny języka polskiego. — Warszawa: Wiedza Powszechna, 1985. — S. 13.
- ↑ Алимов Д. Е. Полития Борны: Gentes и Herrschaft в Далмации в первой четверти IX века // Studia Slavica et Balcanica Petropolitana. — 2011. — № 1 (9). — С. 112—113.
- ↑ Mužić I. Hrvatska povijest devetoga stoljeća. — Split: Muzej hrvatskih arheoloških spomenika, 2011. — S. 132.
- ↑ Košćak V. Iranska teorija o podrijetlu Hrvata // Etnogenesa Hrvata. — Zagreb, 1995. — S. 114.
- ↑ Майоров А. В. Великая Хорватия: Этногенез и ранняя история славян Прикарпатского региона. — СПб.: Санкт—Петербургский университет, 2006. — С. 95.
- ↑ Mužić I. Hrvatska povijest devetoga stoljeća. — Split: Muzej hrvatskih arheoloških spomenika, 2011. — S. 132—133.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бан, начальник // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Krizin Sakač S. Otkuda Hrvatima «Ban»? // Obnovljeni život. — 1939. — Vol. 20. — № 7. — S. 388—400.
- Майоров А. В. Великая Хорватия: Этногенез и ранняя история славян Прикарпатского региона. — СПб.: Санкт—Петербургский университет, 2006. — 209 с.
- Mužić I. Hrvatska povijest devetoga stoljeća. — Split: Muzej hrvatskih arheoloških spomenika, 2011. — 367 s.