Беларускае брацтва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларускае брацтва — тайная нацыянальна-адраджэнская арганізацыя, што па некаторых звестках, існавала на пачатку 1920-х г. у Коўне (сучасны Каўнас, Літва). Паводле матэрыялаў сфальсіфікаванай АДПУ БССР справы «Саюза вызвалення Беларусі» («СВБ»), Беларускае брацтва заснавалі ў 1921 г. В. Ю. Ластоўскі, В. І. Захарка, П. А. Крачэўскі (кіраўнікі Рады БНР), члены арганізацыі: П. А. Бадунова, К. Б. Езавітаў, У. М. Ігнатоўскі, І. І. Краскоўскі, М. Маркевіч, П. В. Мядзёлка, А. І. Цвікевіч, Я. Чарапук і іншыя.

Арыштаваныя ў 1930 г. дзеячы беларускага нацыянальна-дэмакратычнага і дзяржаўнага адраджэння А. Галавінскі, Л. Заяц, І. Краскоўскі, В. Ластоўскі і І. Цвікевіч перш за ўсё абвінавачваліся ў прыналежнасці да «контррэвалюцыйнай арганізацыі» Беларускае брацтва. Усе яны, а таксама П. Мядзёлка, далі на следстве ўласнаручныя паказанні пра Беларускае брацтва. Паводле паказанняў В. Ластоўскага, заснавальнікамі брацтва былі ён, В. Захарка і П. Крачэўскі (усе трое кіраўнікі Рады БНР).

Намаганні Беларускага брацтва, якое нібыта будавалася і дзейнічала па прынцыпе масонскіх ложаў, былі скіраваны на пераадоленне супярэчнасцяў і рознагалоссяў у Радзе БНР, каарднацыю беларускіх нацыянальна-адраджэнскіх сіл на эміграцыі і ў БССР. Паводле слоў Ластоўскага, Беларускае брацтва спыніла існаванне ў маі 1923 г. Тыя, хто ўступаў у брацтва, прымалі масонскі абрад і давалі клятву на вернасць БНР. Пры стварэнні Беларускага брацтва статута і праграмы не было, пратаколы сходаў не вяліся. Адзіным сведчаннем прыналежнасці да Беларускага брацтва была ўрачыстая клятва. Члены брацтва карысталіся паролем беларускіх эсэраў: пытанне «Вялікая справа?» і адказ «Справа бацькаўшчыны». Па словах Ластоўскага, члены брацтва давалі ўрачыстае абяцанне ўзаемна давяраць адзін аднаму і незалежна ад палітычных перакананняў верна служыць беларускаму народу. З паказанняў Галавінскага вынікае, што акрамя яго членамі Беларускага брацтва маглі быць П. Бадунова, У. Ігнатоўскі і М. Маркевіч. Краскоўскі паказаў, што адзін са сходаў быў праведзены на кватэры Я. Варонкі, на якім апошні таксама прысутнічаў. У сваіх паказаннях Краскоўскі атаясамліваў Беларускае брацтва з «СБМ».

АДПУ імкнулася звязаць Беларускае брацтва з «Саюзам адраджэння Беларусі», які быццам бы ўзнік на пачатку 1920-х г. за мяжой і каардынаваў дзейнасць беларускай палітычнай эміграцыі Літвы, Латвіі, Польшчы і Чэхаславакіі, а з пераездам Ластоўскага ў Мінск у 1926 г. быў нібыта ператвораны ў «СВБ». У 2-й палове 1950-х г. у ходзе рэабілітацыі рэпрэсіраваных па справе «СВБ» дакументальных пацвярджэнняў існавання Беларускага брацтва не знайшлося. Захаваўся адзіны дакумент — праект статута Беларускага народнага брацтва, які, верагодна, мае адносіны да дзейнасці Беларускага брацтва.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Міхнюк, У. М. Беларускае брацтва / У. М. Міхнюк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1. А — Беліца / БелЭн; Рэдкал.: М. В. Біч (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — С. 350—351. — ISBN 5-85700-074-2.