Аляксандр Іванавіч Цвікевіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Аляксандр Цвікевіч
альтэрн.: Аляксандар Цьвікевіч
Аляксандр Цвікевіч.jpg
Сцяг Прэм'ер-міністр (Старшыня Рады народных міністраў) БНР Сцяг
23 жніўня 1923 — 15 кастрычніка 1925
Папярэднік Пётр Антонавіч Крачэўскі
Пераемнік Аўген Калубовіч
Сцяг Міністр замежных спраў БНР
1921 — 1923

Нараджэнне 22 чэрвеня 1888(1888-06-22)
Смерць 30 снежня 1937(1937-12-30) (49 гадоў)
Бацька Іван Цвікевіч
Нацыянальнасць беларус
Адукацыя
Дзейнасць публіцыст, адвакат, палітык, гісторык, філосаф, юрыст
Месца працы
Аўтограф Cvikevich1.png
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аляксандр Іванавіч Цвікевіч (псеўд. А. Гвоздзь, А. Галынец) (22 чэрвеня 1888, Брэст — 30 снежня 1937, Мінск) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, юрыст, філосаф, публіцыст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 22 чэрвеня 1888 г. у Брэсце ў сям’і фельчара чыгуначнай бальніцы. Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта (1912), да 1914 працаваў прысяжным павераным у Пружанах і Брэсце. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны — у бежанстве ў Туле, дзе прымаў актыўны ўдзел у працы камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 у Маскве стаў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады.

Удзельнічаў у працы Першага Усебеларускага з’езда, быў абраны сакратаром прэзідыума, ад бежанцаў-беларусаў уваходзіў у склад Рады з’езда. У студзені 1918 Выканкам І Усебеларускага з’езда накіраваў Аляксандра Цвікевіча разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім на мірныя перамовы ў Брэст. Не атрымаўшы дазволу ўдзельнічаць у перамовах асобнай дэлегацыяй, Цвікевіч і Рак-Міхайлоўскі вымушаны былі ўвайсці ў дэлегацыю УНР у якасці дарадцаў.

У канцы сакавіка 1918 быў накіраваны ў Кіеў у складзе надзвычайнай дыпламатычнай місіі. Падчас дзейнасці місіі Цвікевіч вырашаў пытанні беларуска-ўкраінскай мяжы, дамагаўся прызнання адроджанай беларускай дзяржаўнасці і перагляду Брэсцкага міру, вёў перамовы з місіямі іншых дзяржаў наконт фінансавай дапамогі ўраду БНР. Пад яго кіраўніцтвам быў наладжаны выпуск газеты «Белорусское эхо», арганізавана Беларуская гандлёвая палата ў Кіеве. 29 мая 1918 беларуская місія звярнулася да расійскай мірнай дэлегацыі і падала яе кіраўніку Х. Ракоўскаму ноту, падпісаную Цвікевічам і М. Доўнар-Запольскім, гаворачы аб патрэбе прызнання расійскім савецкім урадам незалежнасці Беларусі.

У ліпені 1918 Аляксандр Цвікевіч увайшоў у склад кіраўнічых органаў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў.

Вясной 1919 урад БНР накіроўвае Цвікевіча ў Берлін, дзе ён павінен быў вырашаць фінансавае пытанне — атрымаць па акрэдытыве ўкраінскую пазыку. Пасля адмовы германскіх улад выдаць грошы ездзіў у Вену, каб атрымаць частку з іх у аўстрыйскім банку.

З 1921 па 1923 Цвікевіч займаў пасаду міністра замежных спраў ва ўрадзе БНР Вацлава Ластоўскага. Быў старшынём І Усебеларускай канферэнцыі ў Празе, якая адбывалася ў верасні 1921 г. Выказаўся за кансалідацыю беларускіх палітычных сіл, выступіў супраць паланафільскай арыентацыі П. Алексюка і інш. На гэтай канферэнцыі ў яго рэдакцыі была прынята рэзалюцыя па віленскім пытанні. Прызнаў Вільню сталіцай Літвы, выказаў згоду на ўключэнне Віленшчыны і Гродзеншчыны ў склад Літоўскай Рэспублікі, што прывяло да ўрадавага крызісу БНР[1].

У 1922 Цвікевіч разам з В. Ластоўскім быў на Генуэзскай канферэнцыі, дзе спрабаваў уключыць беларускае пытанне ў парадак дня яе работы.

У 1923 г., у сувязі з нязгодай часткі беларускіх грамадскіх і палітычных дзеячаў з палітыкай урада БНР В. Ластоўскага быў сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Аляксандрам Цвікевічам. Калі Ліга Нацый прызнала ўсходнія межы Польшчы з савецкай Расіяй, урад Літвы страціў зацікаўленасць у падтрымцы беларускага асяродка ў літоўскай сталіцы (Коўне) і пад уздзеяннем поспехаў і дасягненняў палітыкі беларусізацыі ў БССР, Аляксандр Цвікевіч не хаваў свайго намеру пераехаць у Мінск (БССР)[2]. Перад вяртаннем прадстаўнікі ўрада БССР і ўрада СССР угаварылі Цвікевіча правесці ў Берліне Беларускую нацыянальна-палітычную канферэнцыю[2]. Праз савецкіх агентаў было дамоўлена, што Цвікевіч збярэ канферэнцыю, якая прызнае БССР адзіным цэнтрам адраджэння Беларусі. 12-16 кастрычніка 1925 года Другая Усебеларуская канферэнцыя адбылася ў Берліне. Патрэбная Мінску рэзалюцыя была прынята[3]. Абвяшчаючы на канферэнцыі пра ліквідацыю эмігранцкага цэнтра БНР, Аляксандр Цвікевіч паверыў, што ў БССР былі рэалізаваны палітычныя і сацыяльныя ідэалы беларускіх сацыялістаў[4]. Амаль усе беларускія інтэлектуалы, якія змагаліся за БНР, выказаліся на канферэнцыі ў падтрымку савецкай ўлады, бо створаная ў 1920-х гг. у БССР рэчаіснасць на самой справе недалёка адыходзіла ад іх ранейшых праграмных мэт[4].

У лістападзе 1925 Аляксандр Цвікевіч з сям’ёй пераехаў у Мінск. Пасля пераезду ў БССР працаваў кансультантам у Наркамаце фінансаў, потым — вучоным сакратаром Інбелкульта. З 1929 г. працаваў у Інстытуце гісторыі Беларускай Акадэміі навук[1].

4 ліпеня 1930 г. быў арыштаваны, абвінавачаны па справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10 красавіка 1931 асуджаны на 5 гадоў ссылкі. Адбываў яе ў Пярмі, Ішыме, потым у Сарапуле (Удмурція). Паўторна арыштаваны 17 снежня 1937. 30 снежня 1937 Аляксандр Цвікевіч быў расстраляны ў Мінску.

Рэабілітаваны па першым прыгаворы 10 чэрвеня 1988, па другім — 31 мая 1989.

Навукова-публіцыстычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Аляксандр Цвікевіч — аўтар 6 манаграфій і брашур, а таксама шматлікіх артыкулаў, эсэ і публікацый у тагачасным беларускім друку. У 1918 у Кіеве ён выдае брашуру «Кароткі нарыс узнікнення БНР» (на рускай мове), у якой дае кароткую даведку з гісторыі апошніх этапаў беларускага нацыянальна-палітычнага руху і адлюстроўвае ўсю справядлівасць барацьбы беларусаў за сваю дзяржаўнасць. Каб азнаёміць замежнага чытача з Беларуссю і яе нацыянальным рухам Аляксандр Цвікевіч у 1921 у Берліне на рускай мове выдае брашуру «Беларусь: палітычны нарыс».

З нагоды акупацыі польскімі войскамі Заходняй Беларусі Аляксандр Цвікевіч у 1921 г. напісаў кнігу «Адраджэньне Беларусі і Польшча», дзе прыйшоў да высновы, што галоўныя інтарэсы, якімі кіраваліся палякі пры захопе тэрыторыі Беларусі, былі не столькі палітычнымі, колькі эканамічнымі.

Падчас сваёй працы ў Коўне ва ўрадзе БНР Цвікевіч шмат друкуецца ў беларускіх газетах і часопісах, пераважна ў часопісе «Беларускі сьцяг». З-пад яго пяра выходзяць такія палымяныя артыкулы і эсэ, як «Да пытаньня аб незалежнасьці Беларусі», «Беларусь перад Гэнуэзскай канфэрэнцыяй», «Усе дарогі вядуць у Беларусь», «Эўразійцы» і г.д. Падпісваецца ў асноўным крыптанімам А. Ц. ці псеўданімамі Алесь Галынец, Алесь Незалежны. Там жа ў Коўне ён выдае манаграфію «Погляд П.Бяссонава на беларускую справу».

У 1926 у Рызе намаганнямі Кастуся Езавітава выходзіць наступная праца Цвікевіча «Вялікае апрашчэньне ці вялікае ўдасканаленьне?». Увесь змест гэтай кнігі быў звернуты да той часткі інтэлігенцыі, якая скептычна і адмоўна адносіцца да беларускага нацыянальнага адраджэння.

У 1929 г. у Мінску (БССР) была надрукавана фундаментальная навуковая праца Аляксандра Цвікевіча «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX стст." У ёй аўтар зрабіў аналіз ідэалогіі і практыкі русіфікацыі Беларусі ў перыяд Расійскай імперыі, даў ацэнку розным кірункам «заходнерусізму». Фактычна адразу пасля выхаду гэтая кніга была забаронена, а амаль увесь яе тыраж быў знішчаны. Ацалела толькі некалькі кніг у прыватных зборах, што дало магчымасць перавыдаць яе ў 1993[5].

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Кнігі, брашуры[правіць | правіць зыходнік]

  • Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. — Киев, 1918. — 21 с. (Рэпрынт. — Мн., 1990).
  • Беларусь: политический очерк. — Берлин: Издание Чрезвычайной дипломатической миссии БНР, 1919. — 33 с.
  • Адраджэнне Беларусі і Польшча. — Менск — Вільня — Берлін: Выдавецкае таварыства «Вызваленне», 1921. — 191 с.
  • Пагляд П. Безсонава на беларускую справу. — Коўна: Друкарня А. Бака, 1922. — 23 с.
  • Вялікае апрашчэнне, ці вялікае удасканаленне?: З цыкла «Штодзен. думкі» / А.Галынец; Пад рэд. К.Езавітава. — Рыга, 1926. — 44 с. — (Бібліятэка беларуса-выбаршчыка; N 13)
  • Западно-руссизм: Нарысы з гісторыі грамад. мыслі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в. — Мінск: Беларус.дзярж.выд., 1929. — 340 с.

Артыкулы[правіць | правіць зыходнік]

  • Западная комуна / А. Гвоздь // Белорусское эхо. — 1918. — №. — 3 июня. — С.
  • Прямой долг / А. Гвоздь // Белорусское эхо. — 1918. — №. — 30 мая. — С.
  • Судьба Белоруссии / А. Цвикевич // Белорусская земля. — 1918. — № 1. — 1 марта. — С.
  • Беларусь перад Генуэзкай конфэрэнцыяй / А. Ц. // Беларускі сьцяг. — 1922. — № 1. — С. 10 — 13.
  • Да пытаньня аб незалежнасьці Беларусі / А. Галынец // Беларускі сьцяг. — 1922. — № 2-3. — С. 1 — 7.
  • Незалежнасьць — як програма сёнешняга дня / А. Галынец // Беларускі сьцяг. — 1922. — № 4. — С. 1 — 6.
  • «Эўразійцы» (новыя шуканьня расійскай думкі) / А. Ц-ч // Беларускі сьцяг. — 1922. — № 4. — С. 38 — 44.
  • Политический очерк Западной Белоруссии / А. И. Цвикевич // Западная Белоруссия. Сборник статей: книга 1. — Минск: БГИ, 1927. — С. 3 — 43.

Зноскі

  1. а б Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17). С. 92
  2. а б Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — С. 448.
  3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 390
  4. а б Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — С. 449.
  5. Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадскай мыслі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в. / Пасьляслоўе А. Ліса. — 2-е выд. — Мн .: Навука і тэхніка, 1993. — 352 с. — 5 000 экз. — ISBN 5-343-01425-9.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]