Беларускае таварыства дабрачыннасці

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Белару́скае тавары́ства дабрачы́ннасці ў Стоўбцах. Дзейнічала з 15 ліпеня 1931 да жніўня 1933 года.

За мэту ставіла развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі. Займалася таксама аказаннем матэрыяльнай і маральнай дапамогі бедным, сіротам, інвалідам, прапагандавала санітарныя веды сярод сялян. Пры таварыстве працавалі клуб з бібліятэкай і радыё, беларускі хор (кіраўнік Г. I. Цітовіч) і хор у вёсцы Стары Свержань (40 чалавек, кіраўнік Гарановіч), ставіліся драматычныя спектаклі ў Стоўбцах і навакольных вёсках, а таксама ў Нясвіжы, Міры. Сябры таварыства праводзілі курсы земляробства, чыталі лекцыі, вялі заняткі па беларускай грамаце з дзецьмі, якія вучыліся ў польскіх школах; 20 чэрвеня 1932 года арганізавалі ў Стоўбцах дабрачынную народную забаву-імпрэзу, грашовы збор ад якой перададзены бедным сялянам. За кошт фонду таварыства былі закуплены абутак, вопратка і размеркаваны сярод дзяцей-сірот і інвалідаў. Зімой 1932—1933 у Стоўбцах і вёсках Залужжа і Жацерава былі арганізаваны курсы кройкі і шыцця для сялян. Таварыства неаднаразова падпадала пад рэпрэсіі польскіх улад.

30 ліпеня 1933 года на агульным сходзе арганізацыі прынята рашэнне далучыцца да Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. Актывістамі таварыства былі Ф. Акінчыц, І. Гундзіловіч, М. Сабалеўскі і іншыя[1].

Зноскі

  1. Беларускае таварыства дабрачыннасці // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — С. 401.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.