Беларуская краёвая абарона

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Беларуская краёвая абарона
Bielaruskaja Krajovaja Abarona.svg
Гады існавання

23 лютага 1944 — ?

Краіна

Сцяг Нацысцкай Германіі Германія

Падпарадкаванне

Вафэн-СС Вафэн СС

Тып

калабарацыянісцкае фарміраванне

Колькасць

21629 чалавек да канца красавіка 1944 года

Дыслакацыя

Генеральная акруга Беларусь

Удзел у

Другая сусветная вайна

Знакі адрознення

Flag of Belarus (1918, 1991-1995).svg — сцяг
Bielaruskaja Krajovaja Abarona.svg — шаўрон

Камандзіры
Вядомыя камандзіры

Ф. Кушаль

Парад Беларускай краёвой абароны каля Дому ўрада. Мінск, чэрвень 1944.

Беларуская краёвая абарона (БКА) — вайсковае фармаванне, створанае ў генеральнай акрузе «Беларусь» у 1944.

БКА была ўтворана паводле загадаў в.а. генеральнага камісара Беларусі К. фон Готберга і прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) Р. Астроўскага ў лютым-сакавіку 1944. Узначальвала БКА Галоўнае камандаванне на чале з маёрам Ф. Кушалем. Аснову фарміравання складала мабілізаванае мужчынскае насельніцтва 1908-24 г.н. Усяго было мабілізавана каля 25 тыс. чал., з якіх планавалася стварыць 48 батальёнаў па 450-500 чал. Да сярэдзіны красавіка 1944 было створана 39 пяхотных і 6 сапёрна-будаўнічых батальёнаў, некаторыя з якіх засталіся недаўкамплектаваныя[1]. Афіцэры і падафіцэры БКА праходзілі падрыхтоўку на 3-тыднёвых курсах у Менску, радавыя — на месцах службы.

Галоўнай задачай БКА з'яўлялася барацьба супраць савецкіх партызан, якая праводзілася ў згодзе з паліцэйскімі ўладамі на месцах. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складаў, іншых гаспадарчых мэт. Пад уплывам агітацыі партызанаў і падпольшчыкаў, поспехаў Чырвонай Арміі частка вайскоўцаў БКА перайшла са зброяй да партызанаў. У той жа час частка насельніцтва з раёнаў, якія знаходзіліся пад кантролем партызанаў, дабраахвотна ішла служыць у БКА.

Пасля 27 чэрвеня 1944 нямецкі персанал, адказны за сувязь пры БКА, пакінуў Мінск, і рашэнне пра лёс асобных атрадаў БКА паклалася на камандзіраў гэтых атрадаў. Яны паставілі жаўнераў БКА перад выбарам: адступіць разам з немцамі ці застацца дома. Напрыклад, толькі 20 з 700 салдат баранавіцкага атрада БКА вырашылі ісці з немцамі на захад[2].

Пасля таго, як тэрыторыю Беларусі занялі савецкія войскі, кіраўніцтва БКА перабралася ў Германію, дзе працягвала сваю дзейнасць. Паводле звестак камандзіра БКА Ф. Кушаля, ва Усходняй Прусіі і Польшчы было каля 10 тысяч жаўнераў БКА[3].

5 кастрычніка 1944 распараджэннем прэзідэнта БЦР Р. Астроўскага вайсковы аддзел БЦР быў рэарганізаваны ў Галоўнае кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР (Weissruthenische Zentralrad—Hauptmilitärverwaltung) на чале з К. Езавітавым, які меў ад'ютанта (лейтэнант Яўген Ніканюк). Камандаванне БКА, якое працягвала намінальна дзейнічаць, падпарадкоўвалася Галоўнаму кіраўніцтву вайсковых спраў БЦР[4]. 15 кастрычніка 1944 прэзідэнт БЦР выдаў загад № 3 аб сфарміраванні ў Берліне 1-га кадравага батальёна БКА. Камандны склад батальёна быў наступны: капітан Пётр Касацкі (афіцэрскі курс), капітан Антон Сокал-Кутылоўскі (падафіцэрскі курс), капітан Зміцер Сажыч (вучэбная каманда), старшы лейтэнант Янка Кісель (гаспадарчая і ахоўная каманда), капітан Мікалай Дзямідаў (намеснік камандзіра падафіцэрскага курса), др. Баляслаў Грабінскі (старшы батальённы лекар)[5]. Агульнае камандаванне батальёнам ажыццяўляў Ф. Кушаль як кіраўнік БКА, аднак непасрэдна адказным быў часова выконваючы абавязкі камандзіра П. Касацкі (25 лютага 1945 яго змяніў на гэтай пасадзе маёр Сцяпан Шнэк). На пачатку 1945 утворана 1-я беларуская грэнадзёрская брыгада «Беларусь» (пазней — 30-я грэнадзёрская дывізія СС «Беларусь №1»), якая ў канцы вайны перайшла на бок амерыканцаў . Пасля вайны значная частка жаўнераў і афіцэраў БКА апынулася ў эміграцыі.

У Сеціве[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Літвін, А. Аупацыя Беларусі (1941—1944). Пытанні супраціву і калабарацыі. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2000. — С. 187.
  2. Туронак, Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Мн.: Беларусь, 1993. — С. 189.
  3. Кушаль,ю Ф. Спробы арганізацыі беларускага войска. — Мн., 1999. — С. 51.
  4. За дзяржаўную незалежнасьць Беларусі... — С. 128.
  5. НАРБ. Ф. 383. Воп. 1. Спр. 11а. Л. 277; За дзяржаўную незалежнасьць... — С. 129.