Беларускі абласны камітэт
Беларускі Абласны Камітэт пры Усерасійскім Савеце Сялянскіх Дэпутатаў, БАК дзейнічаў у лістападзе 1917—1918.
Створаны 17 (30 лістапада) ў Петраградзе з дэлегатаў ад беларускіх губерняў на Усерасійскім з’ездзе сялянскіх дэпутатаў, членаў Устаноўчага сходу, а таксама з прадстаўнікоў арміі і флоту.
У склад Камітэта ўваходзілі Я. Канчар (старшыня), М. Гольман і П. Караткевіч (намеснікі старшыні), А. Кусе-Цюз (сакратар), Ф. Замойскі, Л. Калядка, С. Малашчыцкі, Дз. М. Сабалеўскі, В. Селіванаў і інш. (усяго 70 чал.).
У дэкларацыі ад 17 (30 лістапада) 1917 выступіў з патрабаваннем неадкладна паставіць пытанне аб самавызначэнні беларускага народа з мэтай утварэння аўтаномнай Беларусі ў складзе Савецкай Расіі. Увайшоў у кантакт з Наркамнацам РСФСР з прапановай аб сумеснай рабоце па ўмацаванню савецкай улады ў Беларусі. Пры Наркамнацы было створана прадстаўніцтва Камітэта ў складзе П. Караткевіча і В. Селіванава. 2 (15) снежня 1917 СНК РСФСР на чале з У. Леніным ухваліў і затым выдаў пазыку Камітэту ў памеры 50 тыс. рублёў. Быў дадзены дазвол на карыстанне тэлеграфам і тэлефонам. 6 снежня 1917 былі апублікаваны «Умовы сумеснай працы» БАК з Наркамнацам.
Камітэт імкнуўся ўзначаліць беларускі нацыянальны рух, спрабаваў перахапіць у Вялікай беларускай рады ініцыятыву склікання Усебеларускага з’езда Мінску, але ў выніку ўдалося дасягнуць згоды аб сумесным правядзенні Усебеларускага з’езда 5 снежня 1917 у Мінску.
Камітэт выдаў працы Я. Карскага «Беларуская мова» (1918)[1] і «Этнаграфічная карта беларускага племя» (1917). На працягу студзеня — красавіка 1918 БАК зрабіў спробу склікання II Усебеларускага з’езда, уступіўшы дзеля гэтага ў перамовы са Сталіным, і атрымаў яго згоду. Аднак неспрыяльны для беларускага руху ход падзей прымусіў «часова» адмовіцца ад гэтай думкі[2].
Спыніў сваю дзейнасць у першай палове 1918. Некаторыя яго члены сталі супрацоўнікамі Беларускага нацыянальнага камісарыята.
Структура
[правіць | правіць зыходнік]Першапачаткова акрамя кіраўніцтва (старшыня, яго намеснік, галоўны сакратар, якія стваралі адказную калегію, казначэй) працавала шэраг аддзелаў па напрамках дзейнасці. Іх кіраўнікі складалі пашыраную распарадчую калегію. Аддзелы:
- культурна-асветніцкі
- юрыдычны
- статыстычны
- бежанскі
- ваенны
- выдавецкі
- працы
- агульнага справаводства
Зноскі
- ↑ Белорусская речь: очерк народного языка с историческим освещением / Е. Ф. Карский. — Петроград : издание Белорусского областного комитета при Всероссийском совете крестьянских депутатов, 1918. — 59 с.
- ↑ Канчер, Е. Из истории общественных, национальных и революционных движений белорусов // Неман. — 1993. — № 1. — С. 142.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Скалабан В. Беларускі абласны камітэт // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 423.