Перайсці да зместу

Яўхім Фёдаравіч Карскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Я. Карскі)
Яўхім Фёдаравіч Карскі
Дата нараджэння 20 снежня 1860 (1 студзеня 1861)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 29 красавіка 1931(1931-04-29)[2][1] (70 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Дзеці Наталля Карская[d]
Род дзейнасці мовазнавец, дыялектолаг, філолаг, славіст
Навуковая сфера мовазнаўства, славістыка, этнаграфія, фалькларыстыка і палеаграфія
Месца працы
Альма-матар
Навуковы кіраўнік Раман Фёдаравіч Брант
Вядомыя вучні Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Яўхім Фёдаравіч Ка́рскі (20 снежня 1860 (1 студзеня 1861), в. Лаша, Гродзенскі павет (цяпер Гродзенскі раён) — 29 красавіка 1931, Ленінград, СССР) — філолаг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф. Акадэмік Пецярбургскай АН (1916, член-карэспандэнт 1901), правадзейны член Інбелкульта (1922), Чэшскай АН (1929).

Нарадзіўся ў праваслаўнай сям’і са збяднелай шляхты настаўніка Ф. Карскага і дачкі праваслаўнага дыякана М. Навіцкай. Спачатку насіў прозвішча маці[3]. Па нацыянальнасці бацькі былі беларусамі, што відаць з пазнейшай зацемкі самога Карскага пра тое, што ён «прыродны беларус». Гадаваўся Я. Карскі ў вельмі вялікай сям’і — 8 дзяцей[4].

Пачатковую адукацыю Я. Карскі атрымаў у Ятранскай народнай школе і ў в. Бярозавец, сярэднюю — у Мінскай духоўнай семінарыі, дзе вучыўся 10 гадоў (скончыў у 1881). У 18811885 ён вучыўся ў Нежынскім гісторыка-філалагічным інстытуце імя князя Безбародкі, дзе рыхтавалі настаўнікаў для гімназій. У інстытуце пад кіраўніцтвам прафесара Р. Ф. Бранта ён напісаў сваю першую кнігу, прысвечаную гукавому ладу і марфалогіі беларускай мовы — «Обзор звуков и форм белорусской речи». Пасля заканчэння інстытута, Я. Карскі да 1893 выкладаў рускую мову і літаратуру, а таксама царкоўнаславянскую мову ў 2-й Віленскай гімназіі[5].

Працаваў сакратаром (1885-89) і выбарным членам гаспадарчага камітэта гімназіі (1890-92). Паспяхова здаў магістарскі экзамен (17.9.1891). 23 кастрычніка 1893 абараніў магістарскую дысертацыю «Да гісторыі гукаў і форм беларускай гаворкі»; савет Кіеўскага ўніверсітэта прысудзіў Я. Карскаму вучоную ступень магістра рускай мовы і славеснасці за даследаванні беларускай мовы — першая ў гісторыі дысертацыя па беларускім мовазнаўстве.

З 2 студзеня 1893 выкладаў рускую мову ў Варшаўскім універсітэце. Пазней таксама выкладаў славянскую палеаграфію, рускую дыялекталогію, граматыку царкоўнаславянскай мовы. 26 чэрвеня 1894 абраны на пасаду экстраардынарнага прафесара Варшаўскага ўніверсітэта і загадчыка кафедры рускай і царкоўнаславянскай мовы і гісторыі рускай літаратуры. 14 лютага 1897 стаў ардынарным прафесарам. З 1902 дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта, у 1905-10 рэктар Варшаўскага ўніверсітэта, двойчы пераабраны на пасаду (1905, 1908). Паводле непацверджаных звестак, падаў у адстаўку ў знак пратэсту супраць палітыкі міністра Касо. У 1915-16 працаваў у Растове-на-Доне, выкладаў у Растоўскім універсітэце (былы Варшаўскі ўніверсітэт). У 1905-17 рэдактар «Русского филологического вестника».

3 1917 у Мінску, удзельнік беларускага нацыянальнага руху, дэлегат і ганаровы старшыня Першага ўсебеларускага з’езда. Ледзьве пазбег арышту пры разгоне з’езду, з'ехаў у Петраград. З-за эканамічнай разрухі ў Петраградзе вярнуўся ў Мінск. Прызначаны настаўнікам на Мінскія беларускія настаўніцкія курсы (1918), якія ўзначальваліся Я. Лёсікам і потым былі ператвораны ў Мінскі беларускі педагагічны інстытут, дзе прафесарам стаў Я. Карскі. У маі 1919 Народны камісарыят асветы Літоўска-Беларускай ССР адхіліў Я. Карскага ад пасады прафесара Мінскага педінстытута, ён быў арыштаваны надзвычайнай камісіяй ЧК, але ненадоўга.[6] Я. Карскі займаў пасаду старшыні арганізацыйнай камісіі па адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, удзельнічаў у распрацоўцы статута Інбелкульта.

Летам 1921[7][заўв 1] назаўсёды пераехаў у Петраград, «каб ніколі больш не ўбачыць Бацькаўшчыны».[8] Адзін з арганізатараў акадэмічнай навукі. Член праўлення і прэзідыума АН, дырэктар Музея антрапалогіі і этнаграфіі, супрацоўнік універсітэцкага Навукова-даследчага інстытута, рэдактар «Известий Отделения русского языка и словесности» Расійскай АН. У 1922 стаў поўным членам Інстытуту беларускай культуры. Падараваў сваю бібліятэку новастворанаму Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту.

Удзельнічаў у Першым міжнародным кангрэсе славянскіх географаў і этнографаў (Прага, 1924). У 1926 г. наведаў з навуковай камандзіроўкай Польшчу, Чэхаславакію, Югаславію. Навуковая справаздача з камандзіроўкі была высока ацэнена АН СССР, але палітычны неканфармізм справаздачы стаў дадатковай падставай для далейшых палітычных наступстваў. У снежні 1926 г. адмовіўся прэтэндаваць на прапанаваную яму пасаду віцэ-прэзідэнта АН СССР. З 1927 г. стаў цэллю распачатай вострай палітычнай крытыкі, у газетах «Звязда» (Менск) і «Правда» (Масква). Яго членства ў АН СССР пастаўлена пад пытанне (13.4.1927). Спрабаваў абараніць сябе ў друку, але не атрымаў газетнай плошчы, хоць і карыстаўся пэўнай палітычнай падтрымкай вярхоў. У верасні 1930 г.[7][заўв 2] быў раптоўна зняты з пасады дырэктара Музея антрапалогіі і этнаграфіі.

Аўтар артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры і культуры ў беларускім перыядычным друку. Супрацоўнічаў з беларускім фалькларыстамі і этнографамі П. Шэйнам, М. Нікіфароўскім, Е. Раманавым, падтрымліваў першыя беларускія выдавецтвы, «Нашу ніву», Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. Перапісваўся з Я. Купалам, Я. Коласам, М. Гарэцкім, С. Некрашэвічам, І. Замоціным, Я. Хлябцэвічам, М. Шчакаціхіным.

Мужам дачкі Я. Карскага Наталлі быў В. І. Баркоўскі.

Магіла Яўхіма Карскага на Смаленскіх могілках у Пецярбургу

Пахаваны на Смаленскіх могілках у Ленінградзе.

Навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Яўхім Карскі — аўтар больш як 1000[9] прац па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы, у т.л. даследаванняў па гісторыі беларускай мовы, дыялекталогіі, фальклоры, этнаграфіі, гісторыі беларускай літаратуры і інш.

Сваё першае філалагічнае даследванне (артыкул) апублікаваў у «Рускім філалагічным весніку» (1883). Падштурхнуты адсутнасцю навуковай распрацоўкі беларускай мовы, выдаў у 1885 першую значную навуковую працу «Агляд гукаў і форм беларускай гаворкі» (публікацыя насіла дату 1886). У 1888 апублікаваў «Граматыку старой царкоўнаславянскай мовы ў параўнанні з рускай мовай». Граматыка перавыдавалася 19 разоў, да самага кастрычніка 1917.

Падрыхтаваў «Праграму для збору асаблівасцей беларускіх гаворак» (1897 і 1916). Вывучаў мясцовыя беларускія гаворкі па помніках пісьменнасці і па этнаграфічных камандзіроўках, асабліва па Гродзеншчыне, Віленшчыне, Міншчыне. У запісах фальклорных твораў («Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.»,1884-85; «Беларускія песні в. Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.», 1889) дакладна перадаў асаблівасці мясцовых гаворак.

Аўтар даследаванняў па гісторыі рускай і ўкраінскай моў, славянскай палеаграфіі («Славянская кірылаўская палеаграфія», 1928, факсімільнае выд. 1979). Выдаваў старажытныя помнікі гісторыі і літаратуры («Лаўрэнцьеўскі летапіс», «Руская праўда»).

Карта беларускіх гаворак (1903)

Адна з найбольш значных прац Я. Карскага «Беларусы» (т. 1-3, 1903-22, у 7 вып.; перавыд. вып. 1-3. М., 1955-56) вышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі канца ХІХ — пач. ХХ ст., фактычна энцыклапедыя беларусазнаўства.[10] На аснове глыбокага, комплекснага параўнальна-гістарычнага абагульнення фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў нацыянальную самабытнасць беларусаў як самастойнага славянскага народа, які стварыў сваю багатую і арыгінальную культуру, мае старажытныя традыцыі. У т. 1 «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» (Варшава, 1903, Вільня, 1904) даследаваў паходжанне беларускага народа.

Въ настоящее время простой народъ въ Бѣлоруссіи не знаетъ этого названія. На вопросъ: кто ты? простолюдинъ отвѣчаетъ — русскій, а если онъ католикъ, то называетъ себя либо католикомъ, либо полякомъ; иногда свою родину назоветъ Литвой, а то и просто скажетъ, что онъ «тутэйшій» (tutejszy) — здѣшній, конечно противополагая себя лицу, говорящему по-великорусски, какъ пришлому въ западномъ краѣ. Е. Ѳ. Карскій. — Бѣлоруссы. Т. I, гл. V., с. 116.

Прарадзімай славян Я. Карскі лічыў Палессе (басейн Прыпяці, верхняга Нёмана і ніжняй Бярэзіны), вызначыў час фарміравання беларускай народнасці (ХII-XV ст.), сцвярджаў, што ў аснову беларускай народнасці ляглі плямёны дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў, прыйшоў да вываду, што беларусы былі аўтахтонамі на сваіх землях. Акрэсліў этнічныя межы беларускага народа, даў этнаграфічную карту Беларусі пач. ХХ ст., асвятліў важнейшыя этапы гісторыі беларускай мовы, яе спецыфічныя асаблівасці і ўзаемасувязі з рускай, украінскай, польскай, літоўскай і іншымі мовамі, вызначыў асноўны фонд рукапісаў і помнікаў пісьменства беларускага паходжання. У т. 2 «Мова беларускага племені» (вып. 1-3, 1908-12) абгрунтаваў вучэнне пра гукавы і граматычны лад старабеларускай і сучаснай беларускай мовы ў яе народна-дыялектнай і літаратурнай формах. Т. 3 «Нарысы славеснасці беларускага племені» складаецца з 3 выпускаў. У вып. 1 «Народная паэзія» (1916) асветлена гісторыя развіцця беларускага фальклору, ахарактарызаваны асноўныя жанры і віды народнай паэзіі беларусаў; даследаваны культурны стан плямён, якія склалі аснову беларускай народнасці, паказаны іх сямейныя і грамадскія ўзаемаадносіны, апісаны жыллё, ежа, заняткі, побыт, светапогляд, рэлігійныя вераванні, мова, міфалогія, выказаны думкі пра ўзнікненне народнай паэзіі і яе асаблівасці ў старажытнасці; у цеснай сувязі з паказам асаблівасцей абрадаў і звычаяў разгледжаны разнастайныя фальклорныя жанры — замовы, абрадавыя і бытавыя песні, прыпеўкі, прыказкі і прымаўкі, загадкі, казкі; прасочаны сляды гераічнага эпасу, паказана сувязь беларускага фальклору з фальклорам рускага і ўкраінскага народаў. У вып. 2 «Старая заходняруская пісьменнасць» (1921) прааналізаваны помнікі старажытнай беларускай літаратуры XIV—XVIII ст., найбольш поўна паказана літаратурна-мастацкая спадчына беларускага народа, раскрыты культурна-гістарычныя перадумовы зараджэння пісьменнасці на старабеларускай мове, даследавана як перакладная, так і арыгінальная літаратура. Выд. 3 «Мастацкая літаратура на народнай мове» (1922) прысвечаны беларускай літаратуры ХІХ — пач. ХХ ст., звязанай з беларускім адраджэннем новага перыяду. Каля 1919-20 Я. Карскі часткова (каля 20 %) надрукаваў «Беларусаў» па-беларуску ў газетах «Звон» і «Беларусь».

У сваіх даследаваннях Я. Карскі паспяхова развіваў прынцыпы культурна-гістарычнай школы, зрабіў значны ўклад у многія галіны гістарычных ведаў, у т.л. у спецыяльныя гістарычныя навукі — крыніцазнаўства, палеаграфію, археаграфію. Навуковая спадчына Я. Карскага не страціла і сёння сваёй значнасці, яна з’яўляецца асновай для далейшай распрацоўкі беларусазнаўства.

  • Обзор звуков и форм белорусской речи. — Москва, 1886. — Известия Историко-филологического Института в Нежине, том X.[заўв 3]
  • Грамматика древнего церковнославянского языка сравнительно с русским (курс средних учебных заведений). — Вильна, 1888—1900, Варшава, 1901—1916, Сергиев Посад, 1917.
  • К истории звуков и форм белорусской речи. — Варшава, 1893. — Магистерская диссертация.
  • К вопросу о разработке старого западнорусского наречия. — Вильна, 1893.
  • Что такое древнее западнорусское наречие?. — Труды Девятого археологического съезда в Вильне, 1893.
  • О языке так называемых литовских летописей. — Варшава, 1894.
  • Особенности письма и языка Мстиславова Евангелия. — Русск. Филолог. Вестн., 1895.
  • Образцы славянского кирилловского письма с Х по XVIII век. — Варшава, 1901.
  • Очерк славянской кирилловской палеографии. — Варшава, 1901.
  • Славянская кирилловская палеография. [S.l.], 1928.
перавыдадзена ў: Карский Е. Ф. Славянская кирилловская палеография. M., 1979.
  • Белорусы. Т. I. Введение в изучение языка и народной словесности. — Варшава, 1903.
Перавыдадзена: Белорусы. Т. I. Введение в изучение языка и народной словесности. — Вильна, 1904.
  • Белорусы. Т. II. Язык белорусского племени. В. 1. — [S.l.], 1908.
  • Белорусы. Т. II. Язык белорусского племени. 2. Исторический очерк словообразования и словоизменения в белорусском наречии. — [S.l.], 1911.
  • Белорусы. Т. II. Язык белорусского племени. 3. Очерки синтаксиса белорусского наречия. Дополнения и поправки. — [S.l.], 1912.
  • Белорусы. Т. III. Очерки словесности белорусского племени. 1. Народная поэзия. — Москва, 1916.
  • Белорусы. Т. III. Очерки словесности белорусского племени. 2. Старая западнорусская литература. — Петроград, 1921.
  • Белорусы. Т. III. Очерки словесности белорусского племени. 3. Художественная литература на народном наречии. — [S.l.], 1922.
Перавыдадзена цалкам: Белорусы: Т. 1 — 3. — Москва, 1955—1956.

Фундаментальная сямітомная праца Я. Карскага «Беларусы» лічыцца «энцыклапедыяй беларускага мовазнаўства, унікальнай па ахопу і глыбіні матэрыялу» (М. С. Дзяржавін)[11], «непараўнальнай паводле вычарпальнасці з кожным іншым даследаваннем славянскіх народаў» (Ляпуноў)[12]. Гэтая праца ўпершыню навукова абвергла канцэпцыю моўнай ідэнтычнасці рускай і старабеларускай моў, упершыню навукова пацвердзіла існаванне і адметнасць уласна беларускай нацыі, паказала свету багацце беларускай традыцыйнай культуры. Гэтая праца «адкрыла вочы беларусам, дазволіла ім убачыць сябе сапраўднай нацыяй»,[13], паставіла беларусаў у пач. 20 ст. «нечакана на чале ўсіх славянскіх народаў у навуковых ведах пра сваю мову» (гісторык В. Тумаш).[14]

За заслугі ў педагагічнай і навуковай дзейнасці атрымаў чын «сапраўднага стацкага саветніка». Узнагароджаны ордэнамі Св. Станіслава 3-й ст. (1889) і 2-й ст. (1899), Св. Анны 3-й ст. (1895) і 2-й ст. (1903), Св. Уладзіміра 4-й ст. (1911), рознымі медалямі. Атрымаў вялікі залаты медаль Рускага геаграфічнага таварыства (1894), 2 залатыя медалі імя Бацюшкава Расійскай Акадэміі навук (1898, 1902), малы прыз імя Ламаносава Расійскай Акадэміі навук (1901), акадэмічны прыз імя Бацюшкава (1910), акадэмічны прыз імя Ахматава (1913).

Я. Карскі апісваўся сучаснікамі як асоба надзвычайнай працаздольнасці, акуратнасці, арганізаванасці, асабістай стрыманасці, навуковец высокай добрасумленнасці. Яго ўнёсак у славістыку, асабліва ў яе беларускую частку, быў надзвычай вялікім. Першыя значныя перагляды поглядаў Карскага на развіццё царкоўнаславянскай мовы і рускай мовы былі прапанаваны значна пазней, В. В. Вінаградавым. Погляды Карскага на беларускія этнічныя гісторыю і тэрыторыю пераглядаліся В. К. Бандарчыкам (каля 1998—1999). Значныя дапаўненні да выкладзенай Карскім гісторыі вуснага фальклору былі зроблены А. С. Фядосікам (каля 1998) і інш.

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]

У 1964 ў будынку сярэдняй школы ў в. Лаша быў адкрыты мемарыяльны музей Карскага. Яго імя носіць Гродзенская абласная бібліятэка.

  1. Іначай, 1919, лета, паводле [RublSkal 2006].
  2. Або ў 1929, паводле [RublSkal 2006].
  3. У выпадку старых публікацый, сапраўдная дата можа адрознівацца ад той, што пазначана на вокладцы
  1. а б Карский Евфимий Федорович // Литераторы Санкт-Петербурга. ХХ век / под ред. О. В. Богданова
  2. Jeofimij Karskij // The Fine Art Archive — 2003.
  3. Янковяк, М. Прафесар Яўхім Карскі — рэктар Імператарскага Варшаўскага універсітэта / Міраслаў Янковяк // ARCHE. — 2010. — № 4. — С. 300 [На падставе размовы аўтара з В. Карпелюком — дырэктарам музея Я. Карскага пры 1-й Гродзенскай гімназіі імя Я. Купалы].
  4. Тумаш, В. Яўхім Карскі: жыцьцё, навуковая спадчына, пагляды (1861—1931) // Тумаш, В. Выбраныя працы / Вітаўт Тумаш. — Мн.: [б. в.], 2002. — 246 с. — С. 143. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны агляд», Сэрыя Досьледы). — ISBN 978-5272-09-2.
  5. Карский, Е. Ф. Белорусы: в 3 т. Т. 1 / Е. Ф. Карский; Уступ. артыкул М. Г. Булахава, прадм. да першага тома і камент. В. М. Курцовай, А. У. Унучака, І. У. Чаквіна. — Мн.: БелЭн, 2006. — 656 с.: 2 карт. — С. 9. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі). — ISBN 985-11-0360-8.
  6. Пратоколы паседжанняў агульнага сходу расійскай акадэміі навук 5.5.1919, § 141.
  7. а б паводле [YanuTsvir 2001]
  8. [RublSkal 2006]
  9. Беларуская мова : энцыклапедыя. — Мінск, 1994. — С. 256.
  10. Г. Кісялёў, В. Скалабан (ЭГБ 1997)
  11. [Bulakh 2006] с. 10
  12. [Bulakh 1981] с. 31
  13. [YanuTsvir 2001] с. 19
  14. [KUC 2006] с. 23
  • [Bulakh 1981] Булахов М. Г. Евфимий Федорович Карский: Жизнь, научн. и обществ. деятельность / Под ред. В. И. Борковского. — Мн. : Изд-во БГУ, 1981.
  • [YanuTsvir 2001] Янушкевіч Я., Цвірка К. Яўхім Карскі і яго «Беларусы» // Карскі Я. Беларусы / Я. Карскі; Уклад. і камент. С. Гараніна і Л. Ляўшун; Навук. рэд. А. Мальдзіс; Прадмо. Я. Янушкевіча і К. Цвіркі. — Мн. : Беларускі кнігазбор, 2001. — (Беларускі кнігазбор; сер. II. Гісторыка-літаратурныя помнікі). ISBN 985-6638-26-7.
  • [KUC 2006] Курцова, Унучак, Чаквін. Прадмова да першага тома працы Я. Ф. Карскага «Беларусы» // Карский, Е. Ф. Белорусы: 3 т. Т. 1 / Уступны артыкул М. Г. Булахава, прадмова да першага тома і каментарыі В. М. Курцовай, А. У. Унучака, І. У. Чаквіна. — Мн. : БелЭн, 2006. ISBN 985-11-0360-8 (Т.1), ISBN 985-11-0359-4.
  • [RublSkal 2006] Рублевская Людмила, Скалабан Виталь. Околонаучный спор. Злополучная командировка профессора Карского // Беларусь сегодня, #12 (22422), 20.01.2006 — [1]Архівавана 21 кастрычніка 2024 года.
  • [Rulex 2006] [Н. Т.?] Карский [1890s-1900s?] // Большой русский биографический словарь. — Электронная репринтная версия. — [2].
  • КАРСКІ Яўхім Фёдаравіч
  • Тумаш Вiтаўт. Яўхім Карскі: жыцьцё, навуковая спадчына, пагляды (1861—1931) // Вiтаўт Тумаш. Выбраныя працы. Мінск, 2002. С. 139—236. // на pawet.net