Беларускі краёвы з’езд
Беларускі краёвы з’езд — выдуманы форум «дэлегатаў беларускіх грамадскіх і палітычных арганізацый, сялянскіх радаў», членаў «Быўшай Рады БНР і іншых краёвых арганізацый цэлай Беларусі», які нібыта адбыўся 28-30 студзеня 1919 г. у зоне «бальшавіцкай акупацыі» ў Навагрудку. Пра гэты з’езд не было вядома членам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і Рады Народных Міністраў БНР, якія ў той час знаходзіліся ў Гродне. Не паведамлялася пра з’езд і ў друку. «Прэзідэнт» нібыта абранай на Беларускім краёвым з’ездзе Беларускай краёвай народнай рады К. Цвірка-Гадыцкі меў у той час сталыя кантакты з дзеячамі БНР і нават супрацоўнічаў з імі. Легенда аб Беларускім краёвым з’ездзе ўзнікла ў сакавіку 1919 г., калі дэлегацыя БНР на чале з А. Луцкевічам дамагалася ўдзелу ў Парыжскай мірнай канферэнцыі. 23 сакавіка 1919 г. К. Цвірка-Гадыцкі і член Беларускай краёвай народнай рады А. Янсан накіравалі міністру-прэзідэнту Польшчы І. Падарэўскаму ліст, у які ўключылі «рэзалюцыю з’езда», што тычалася справы беларускай дзяржаўнасці. У першым пункце рэзалюцыі сцвярджалася, што «існаванне самастойнай Беларускай дзяржавы — немагчыма». Беларускі народ, гаварылася далей, « павінен ўвайсці ў звязак з адным са сваіх суседзяў». Былая Расійская дзяржава, пісалі Цвірка-Гадыцкі і Янсан, апанавана «бальшавіцкй анархіяй», а Украіна і Літва кіруюцца чужымі інтарэсамі і не маюць сталай асновы дзяржаўнага жыцця. Таму гэтыя краіны, на думку аўтараў рэзалюцыі, не маглі даць беларускаму народу «заспакаення яго нацыянальных і іншых патрэб і пжаданняў», і «толькі адраджаючаяся дэмакратычная Польшча ёсць суседам, з каторым беларускі народ зжыўся праз вякі супольнага існавання — звязак з ёю, а разам з тым і усімі дэмакратыямі Захаду — адзін можа даць найбольш выгад беларускамум народу і загарантаваць непадзельнасць Беларускага краю». Аўтары «рэзалюцыі» пісалі, што «Беларусь у сваіх этнаграфічнах межах… увайдзе ў сціслы звязак з Польскай Рэчы Паспалітай». Правядзенне пастановы юбыло даручана Беларускай краёвай народнай радзе. Пастанова «з’езда» даводзілася да ведама І. Падарэўскага, каб ён здзейсніў адпаведныя крокі «у кірунку ўстанаўлення супольнага палітычнагав жыцця беларускага народа з Польшчай». Міністр-прэзідэнт Польшчы пдкрэсліў на Парыжскай мірнай канферэнцыі, што дэлегацыя не мае паўнамоцтваў і не можа удзельнічаць у перагаворах. «Рэзалюцыя» істотнага ўплыву на работу Парыжскай мірнай канферэнцыі не зрабіла. Фіктыўнасць Беларускага краёвага з’езда была даказана, і ў чэрвені 1919 г. прадстаўнікі беларускай нарады былі дапушчаны на канферэнцыю.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.