Перайсці да зместу

Будоўлеўскі самасуд

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
месца злачынства (Польшча)
месца злачынства
месца злачынства
Месца злачынства на карце Польшчы ў 1939 годзе

Будоўлеўскі самасуд — масавае забойства, якое адбылося 21 і 23 верасня 1939 года ў ваколіцах паселеных пунктаў Будоўля, Жыдомля і Ракіта гміны Жыдомля Гродзенскага павета Беластоцкага ваяводства Польскай Рэспублікі. Было забіта не менш за 7 польскіх ваенных асаднікаў з Будоўлі, солтыс вёскі Мар'янаўка, паручнік Польскага войска, польскі паліцэйскі. Выканаўцы самасуду — члены прасавецкага вясковага камітэта з вёскі Абухава беларускай нацыянальнасці. Забойства адбылося ва ўмовах безуладдзя і бязладу на паўночна-ўсходніх землях Польскай Рэспублікі ў першыя дні пасля нападу СССР на Польшчу ў верасні 1939 года, і, на погляд гісторыка Марака Вяжбіцкага, мела рысы злачынства супраць чалавечнасці. Толькі адзін з забойцаў быў арыштаваны і асуджаны польскім судом у 1942 годзе. У 1990-я гады пракуратура Рэспублікі Беларусь адмовілася пачаць расследаванне ў гэтай справе ў сувязі з «адсутнасцю складу злачынства».

Гістарычны фон

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле тэзісу Альфонса Крыніцкага і Віктара Арміцкага, тэрыторыя гміны Жыдомля ўваходзіла ў склад так званага сціслага беларуска-польскага абшару, што азначае, што праваслаўнае беларускае насельніцтва пераважала на вясковых тэрыторыях, а ў большых населеных пунктах дамінавалі палякі[1]. Паводле агульнага спісу ад 1921 года, у гміне жыло 4367 чалавек, у тым ліку 2812 (64 %) беларусаў, 1549 (35 %) палякаў і 6 яўрэяў[2]. У міжваенныя гады на тэрыторыі гміны адбывалася інтэнсіўнае польскае асадніцтва, ў часе якога было створана некалькі пасёлкаў ваенных асаднікаў[3]. Іх прысутнасць мела на мэце ўзмацніць сувязь гэтых зямель з Польшчай, аднак прывяла да паглыблення напружанасці па нацыянальным пытанні[4][5].

У наступстве нападу СССР на Польшчу ў верасні 1939 года на тэрыторыі Гродзенскага павета актывізаваліся ўзброеныя групы зкамунізаваных сялян і рэцыдывістаў, як правіла беларускай або яўрэйскай нацыянальнасці, якія дзейнічалі з інспірацыі СССР. Яны здзяйснялі забойствы і рабаванне багацейшых жыхароў, чыноўнікаў, паліцэйскіх і салдатах Польскага войска, як правіла польскай нацыянальнасці[6].

Пасля ўваходу Чырвонай арміі на тэрыторыю Другой Рэчы Паспалітай, у вёсцы Абухава мясцовыя беларусы сфарміравалі прасавецкі вясковы камітэт, які ўзначаліў Уладзімір Янучэня. 20 верасня 1939 гэты камітэт заклікаў свае падкантрольныя збройныя групы арыштаваць польскіх ваенных асаднікаў з пасёлка Будоўля. Афіцыйнай прычынай было жаданне давесці іх на важны сход у Абухове. Беларускія байцы затрымалі 7 асаднікаў і аднаго польскага паліцыянта, які знаходзіўся там выпадкова:

  1. Эдварда Новака;
  2. Баляслава Пшэразінскага;
  3. Яна Завадскага;
  4. Станіслава Шубу;
  5. Пятра Крупу;
  6. Яна Ягельскага;
  7. Уладзіслава Янішэўскага;
  8. паліцэйскага невядомага прозвішча[3].

Арыштаваныя былі закрыты ў падвале беларуса па прозвішчы Тотаць. 21 верасня да іх далучылі паручніка Польскага войска, захопленага ў вёсцы Коматава, а таксама солтыса недалёкай вёскі Мар'янаўка па прозвішчы Уліда. У паручніка забралі 7 тысяч злотых. Праз некалькі гадзін паручніка і солтыса вывелі на праваслаўныя могілкі ў Жыдомлі, дзе іх забілі і скралі вопратку. Забойства зрабілі члены кіраўніцтва прасавецкага Абухоўскага вясковага камітэта:

  1. Уладзімір Аплевіч — камендант мясцовай прасавецкай міліцыі, 24 гады;
  2. Павел Аплевіч, 32 гады;
  3. Габрыель Ясюкевіч, 24 гады;
  4. Ян Шырка, 27 гадоў[3].

На працягу наступных двух сутак зняволення, пасяленцаў Будоўлі падвяргалі катаванням і допытам. Адзінае абвінавачанне, якія ім прадставілі, быў удзел на баку Польшчы ў савецка-польскай вайне, якая адбылася 20 гадоў таму. 23 верасня каля 18:00 гадзін арыштаваных усёй групай звязалі, вывелі на вуліцу і пад канвоем павялі ў бок Жыдомлі. Пасля таго, як прайшлі скідальскую шашу, у поле, усе яны былі забіты асоба жорсткім спосабам. Каты скарысталіся полагам ночы і пахавалі сваіх ахвяр на месцы здарэння, у толькі што разаранай зямлі[3].

Брацкая магіла была выяўлена пасля некалькіх дзён. Затрыманыя пасяленцы, былі знойдзены забітымі. Ян Завадскі і Станіслаў Шуба былі прывязаны спіна да спіны калючым дротам, на іх целах былі выяўлены сляды катаванняў, а ў роце была зямля. Яну Ягельскому злупілі скуру жывата. Баляславу Пшэразінскаму распаролі жывот, у выніку чаго кішкі вываліліся на сцёгны і калені. Пятру Крупе адсеклі верхнюю частку чэрапа, пакінуўшы толькі ніжнюю сківіцу, тым часам як галаву Эдварда Новака падзялілі напалову[3].

На аснове паказанняў сведак атрымалася высветліць, што забойства асаднікаў зрабілі:

  1. Уладзімір Янучэня — жыхар Абухова, старшыня мясцовага прасавецкага вясковага камітэта; да 1939 года кіраўнік мясцовай ячэйкі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі;
  2. Уладзімір Аплевіч, 24 г;
  3. Павел Аплевіч, 32 г;
  4. Габрыель Ясюкевіч, 24 г;
  5. Міхаіл Сідорчук, 28 г;
  6. Павел Будрык, 36 г;
  7. Уладзімір Кавалчук, 22 г;
  8. Ігнат Новік, 42 г;
  9. Ян Шырка, 27 г;
  10. Фрол Янучэня, 18 г;
  11. Пётр Слізевіч;
  12. Мікалай Іванавіч Паталота;

Усе яны былі членамі прасавецкага вясковага камітэта ў Абухове[3].

Паводле пазнейшых сведчанняў Уладзіміра Аплевіча, забітыя асаднікі на момант перад смерцю не маглі паверыць, што гінуць ад рук ранейшых суседаў, з якімі да гэтага часу жылі ў добрых адносінах. Шмат з забойцаў працавала раней у гаспадарках асаднікаў і часта карысталася іх дапамогай, асабліва вясной. Забойцы і ахвяры не аднаразова наведваліся ўзаемна ў час сямейных мерапрыемстваў і ніколі не было паміж імі сур'ёзных канфліктаў[3].

Пасля ўзмацнення савецкай улады, некаторыя cа злачынцаў атрымалі пасады ў новай дзяржаўнай адміністрацыі. Уладзімір Янучэня ў 1939 годзе стаў настаўнікам у пачатковай школе ў Абухове. Працаваў там да пачатку савецка-нямецкай вайны ў 1941 годзе. Хутка пасля таго быў расстраляны немцамі, верагодна за камуністычную дзейнасць. Уладзімір Аплевіч яшчэ доўга пасля злачынства апранаўся ў мундзір забітага афіцэра Польскага войска. Ад 1939 займаў пасаду каменданта мясцовай міліцыі, пазней працаваў на фабрыцы. Там яго арыштавалі за крадзеж. Быў адасланы ў савецкі лагер пад Архангельскам[3].

Працэс у 1942 годзе

[правіць | правіць зыходнік]

У 1941 годзе, у наступстве амністыі для польскіх грамадзян, Уладзімір Аплевіч быў адпушчаны з лагеру і перайшоў да Польскай арміі ў СССР пад кіраўніцтвам ген. Уладзіслава Андэрса, якая ў той час стваралася. Скіравалі яго да запаснога асродка 5 Дывізыёну Крэсавай Пяхоты і далі функцыю ад'ютанта ксёндза — каплана Ківінскага. У верасні 1941 года ў Джалалабадзе яго пазналі сыны асаднікаў з Будоўлі і Лерыполя, якія служылі ў тым жа дывізіёне. Аплевіч быў арыштаваны, а пасля колькімесячнага даследвання і судовага працэсу расстраляны 10 красавіка 1942 года. Працэс дазволіў адкрыць шмат дэталяў, звязаных са злачынствам у гміне Жыдомля[3].

Спроба паўторнага расследавання ў 1993 годзе

[правіць | правіць зыходнік]

Палкоўнік Антоній Томчык, сын аднаго з забітых у пасёлку Лерыполь польскіх асаднікаў, доўгі час збіраў матэрыялы і шукаў сведак злачынстваў у Будоўлі і Лерыполі. У 1993 годзе, з дапамогай Галоўнай камісіі расследавання злачынстваў супраць польскага народа, Томчык падаў заяву ў Пракуратуру Рэспублікі Беларусь, каб фармальна пачаць расследаванне забойства польскіх асаднікаў з Будоўлі і Лерыполя. Нават з ўлікам фактаў і сведак, якія маглі б даць новыя звесткі пра гэтыя злачынства, Пракуратура Рэспублікі Беларусь адмовілася пачаць расследаванне ў сувязі з «адсутнасцю складу злачынства»[3].

На погляд гісторыка Марэка Вяжбіцкага, беларуская пракуратура праігнаравала пры гэтым факт, што забойствы ў Будоўлі і Лерыполі маюць прыкметы злачынства супраць чалавечнасці і такім чынам не падлягаюць аўтаматычнаму закрыццю[3].

Зноскі

  1. Stosunki polsko-białoruskie przed wrześniem 1939 // Polacy…. — С. 31.
  2. Skorowidz…. — С. 43.
  3. а б в г д е ё ж з і к Mordy i grabieże po 17 września 1939 roku // Polacy…. — С. 91—97.
  4. Stosunki polsko-białoruskie przed wrześniem 1939 // Polacy…. — С. 25—43.
  5. Białorusini w II Rzeczypospolitej // Białoruś. — С. 80—111.
  6. Mordy i grabieże po 17 września 1939 roku // Polacy…. — С. 99.