Польска-беларускія канфлікты XX стагоддзя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Польска-беларускі канфлікт
Помнік ахвярам нападу польскіх партызан у вёсцы Заляшаны.
Месца Заходняя Беларусь, Усходняя Беласточчына, Падляшша
Прычына Рыжскі мірны дагавор (1921), далучэнне Заходняй Беларусі да БССР
Змены Беласточчына і Падляшша ў складзе Польшчы; Гродзенская, Брэсцкая, Баранавіцкая і Маладзечанская вобласці ў БССР; Віленшчына ў складзе Літвы
Праціўнікі
Беларусы

 БНР (1918—1920)


ССРБ (1919)
Сцяг Літбела Літбел (1919)
Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка БССР (з 1920):

КПЗБ (1923—1938)
БСРГ (1925—1927)
пры падтрымцы:
 СССР

Палякі

ПРМЗ (1917—1920)
Самаабарона (1918—1919)
Польшча (да 1939)


Партызаны:

пры падтрымцы:
Урад Польшчы ў выгнанні (да 1945)

Беларусь Беларускія калабаранты (1941—1944, змагаліся супраць савецкіх і польскіх партызан)
пры падтрымцы:
 Трэці рэйх
Прасавецкія сілы Польшчы: (падтрымлівалі БССР у барацьбе з нацыяналістамі)

Польска-беларускія міжэтнічныя канфлікты здараліся на працягу XX стагоддзя. Міжэтнічныя адносіны абвастрыліся ў сувязі з падзеямі Другой сусветнай вайны, канфлікты закранулі Заходнюю Беларусь, Усходнюю Беласточчыну, Падляшша.

З 1921 года Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы. Пасля Польскай кампаніі РСЧА былыя «Крэсы ўсходнія» далучаны да БССР. З пачаткам нямецкай акупацыі ў 1941 годзе нацыская адміністрацыя выкарыстоўвала існуючыя міжэтнічныя супярэчнасці. Падчас вайны тут дзейнічалі два напрамкі антыфашысцкага супраціву — пракамуністычныя партызаны і польская Армія Краёва. Пасля выдварэння германскіх войск з беларуска-польскага памежжа польскае антысавецкае падполле імкнулася да вяртання тэрыторыі ў склад Польшчы. На перыяд 1944—1950 гадоў прыпадае пік тэрарыстычных акцый з боку польскіх нацыяналістаў, а некаторыя з’явы гэтага супрацьстаяння наклалі адбітак на далейшыя адносіны паміж польскім і беларускім насельніцтвам памежнага краю[1].

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Этнічныя кантакты беларускага і польскага народаў маюць даўнія традыцыі. Узмацненне польскага культурнага ўплыву на Беларусі прыпадае на перыяд пасля Люблінскай уніі (1569), калі была створана федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Па выніках падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) усе беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.

Доўгі час каталіцтва лічылася «польскай верай», а праваслаўе — «рускай верай», і адпаведна з гэтым насельніцтва пагранічча фармальна і нефармальна класіфікавалася як «польскае» альбо «рускае». У пачатку XX ст. праявіліся нацыянальна-культурныя і палітычныя сілы, якія паставілі за мэту палітычнае самавызначэннем беларусаў — у форме складовай часткі ці аўтаноміі ў дэмакратычнай Расійскай рэспубліцы, федэрацыі з народамі былой Рэчы Паспалітай ці самастойнай дзяржавы, якая б ахоплівала этнічную тэрыторыю беларусаў.

Першая сусветная вайна і яе вынікі[правіць | правіць зыходнік]

Расійская імперыя ўдзельнічала ў вайне ад яе пачатку ў ліпені 1914 года. Церпячы паражэнні у Польшчы, у ліпені 1915 года рускія здалі Варшаву. У пачатку верасня расійская армія пакінула Вільню, Гродна, Ліду, Брэст і іншыя гарады Заходняй Беларусі. У кастрычніку фронт стабілізаваўся на лініі ДзвінскПаставыБаранавічыПінск. Значная частка тэрыторыі Беларусі апынулася пад германскай акупацыяй.

Пасля падзення Расійскай імперыі, у снежні 1917 года ў Мінску адбыўся Першы Усебеларускі з’езд, у часе якога дэлегаты мелі прыняць рашэнні наконт будучыні края. Паралельна развіваліся арганізацыі і структуры, звязаныя з польскім рухам. У маі 1917 была створана Польская рада Мінскай зямлі, якая згуртавала мясцовыя польскія арганізацыі і мела задачу выконваць ролю органа самакіравання польскай супольнасці. Спачатку Рада падтрымлівала нацыянальныя імкненні беларусаў, выказвалася за аўтаномную Беларусь у складзе дэмакратычнай Расійскай рэспублікі, патрабуючы адначасова гарантыі для правоў польскай меншасці, але затым пачала выказвацца за ўлучэнне Міншчыны ў склад Польшчы[2]. Падзеі ў Мінску 19—21 лютага 1918 года вызначаліся актыўнасцю польскіх і беларускіх добраахвотных ваенізаваных фарміраванняў. 25 сакавіка была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка «на землях, дзе жыве і мае лічэбную перавагу беларускі народ»[3].

На тэрыторыі акупіраванай германскімі войскамі ўлады Обер-Оста спрабавалі праводзіць палітыку аднолькавага стаўлення да ўсіх нацыянальнасцей. Гэта праяўлялася ў адкрыцці школ з нацыянальнымі мовамі навучання, у тым ліку польскай і беларускай. Праблемамі пры адкрыцці беларускіх школ былі недахоп настаўнікаў і супрацьдзеянне каталіцкага духавенства. Летам-восенню 1918 года з мэтай абароны інтарэсаў мясцовага польскага насельніцтва, а таксама як авангард Польскай Арміі ствараліся фарміраванні Самаабароны Літвы і Беларусі.

З канцом вайны атрымала незалежнасць Польшча. Асноўнай мэтай кіраўніцтва краіны на чале з Юзафам Пілсудскім было аднаўленне гістарычных межаў Рэчы Паспалітай[4][5][6], з усталяваннем кантролю над Беларуссю, Украінай, Літвой і геапалітычным дамінаваннем ва Усходняй Еўропе[7]

19 лістапада 1918 года ў Гродне ўтварылася Беларуская Рада, у снежні сюды пераехаў урад БНР на чале з Антонам Луцкевічам, пачалося фарміраванне беларускага войска. Ад пачатку 1919 года пасаду камісара польскага ўрада па Гродзенскай акрузе заняў Станіслаў Іваноўскі, ён паставіў мэтай ліквідацыю беларускага войска. Адразу рэалізаваць планы не ўдалося, але пасля адыходу з Гродна нямецкіх войскаў 27 красавіка 1919 года аддзелы Польскай вайсковай арганізацыі авалодалі галоўнымі аб’ектамі горада.

Польска-савецкая вайна (1919—1921)[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку 1919 года ўтворана беларуская дзяржава на савецкай глебе — Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, а ў лютым было аформлена стварэнне Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялітычнай Рэспублікі, кіраўніцтва якой выступіла з прапановай да польскага ўраду аб мірным урэгуляванні спрэчных тэрытарыяльных пытанняў і вызначэнні граніцы[8]. Аднак Польшча разгарнула наступленне, захапіўшы значную частку новастворанай дзяржавы.

Летам 1920 года ў Мінску бальшавікі зноў абвясцілі Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку. 12 кастрычніка 1920 ў Рызе падпісаны дагавор аб перамір’і і ўмовах міру, а 18 сакавіка 1921 года Рыжскі мірны дагавор, які вызначыў новую ўсходнюю мяжу Польшчы.

Заходняя Беларусь (1921—1939)[правіць | правіць зыходнік]

Палітычная карыкатура (1921) — Заходняя Беларусь трапляе ў рукі палякаў.

Пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавора 1921 года тэрыторыя сучаснай Рэспублікі Беларусь была падзелена паміж бальшавікамі і палякамі: першыя захавалі кантроль над цэнтральнымі і ўсходнімі рэгіёнамі, якія ўвайшлі ў склад Савецкай Беларусі, а другія авалодалі захадам[9][10].

У перыяд знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы мясцовае беларускае насельніцтва пакутавала ад палітыкі дзяржавы ў дачыненні да нацыянальных меншасцей. Праводзілася паланізацыя[11]. На тэрыторыі Заходняй Беларусі разгарнуўся масавы рух супраць прыгнёту. У першыя гады барацьба набыла партызанскі характар. Яна падтрымлівалася з боку як СССР, так і ўрада БНР, які знаходзіўся ў эміграцыі ў Коўне.

Санацыйны лагер спрабаваў правесці рэвізію палітыкі дзяржавы ў дачыненні да нацыянальных меншасцей. Шэраг палітыкаў з атачэння Юзафа Пілсудскага прапанавалі, каб малаэфектыўную палітыку нацыянальнай асіміляцыі замяніць на палітыку дзяржаўнай асіміляцыі, каб пераканаць грамадзян няпольскай нацыянальнасці, што Польшча з’яўляецца таксама і іх айчынай. У дачыненні да беларусаў дзяржава спрабавала дзейнічаць шляхам стварэння школ з беларускай мовай навучання, культурных устаноў, беларусізацыі царквы. Гэта мела зрабіць беларусаў устойлівымі да расійскіх уплываў і знішчыць прыцягальнасць Савецкай Беларусі ў культурным і палітычным плане. Але ўвосень 1926 г., у перыяд бурнага развіцця структур Беларускай сялянска-работніцкай грамады, была дэкларавана змена палітыкі[12].

Згрызоты рэакцыйнага журналіста: «Грамадаўцы, дзякуй богу і Пілсудскаму — у астрозе. Каго ж цяпер лаяць?..» Язэп Горыд. Маланка.

Расправа над Грамадой хоць і адсоўвала небяспеку некантраляванае хады падзеяў, аднак узмацняла антыдзяржаўныя настроі. Увесну 1927 года ўрад зрабіў некалькі жэстаў з мэтай разрадзіць напругу і адцягнуць беларускую інтэлігенцыю ад прасавецкіх палітычных структур. У 1927 годзе міністр веравызнанняў і публічнай асветы Густаў Дабруцкі ўвёў абавязковае вывучэнне беларускай мовы ў польскіх гімназіях на землях, населеных беларусамі, надаў статус публічных школаў для дзвюх беларускіх гімназій — у Вільні і Наваградку, дазволіў стварыць шэраг школ з беларускай мовай навучання і дзвюхмоўных. Апеляцыйны суд панізіў гады турэмнага зняволення для асуджаных правадыроў БСРГ. У муніцыпальных выбарах беларусы атрымалі блізу 20 % месц у гарадскіх і гмінных радах[12].

Новая палітыка ўладаў у дачыненні да беларусаў неўзабаве была згорнутая, палітычныя спробы развязаць праблему ўсё часцей замяняліся рэпрэсіямі ў дачыненні да сапраўдных і ўяўных камуністаў. Палескі ваявода Вацлаў Костэк-Бярнацкі ў красавіку 1933 г. прапанаваў надзяліць урад надзвычайнымі паўнамоцтвамі, каб ачысціць Польшчу ад «адкідаў грамадства і шкоднікаў», дзейнасць якіх перашкаджала хуткай асіміляцыі беларускіх мас. У лістападзе 1933 г. праект развязання беларускага пытання падаў наваградскі ваявода Стэфан Свідэрскі. Яго план прадугледжваў абмежаванне колькасці беларускіх устаноў. Праект перададзены на рэалізацыю, у 1934 г. ліквідавана Навагрудская беларуская гімназія, а ў некалькіх школах забаранілі карыстацца беларускай мовай.[12]

Асіміляцыйную палітыку ў дачыненні да беларусаў каардынавалі Камітэт па справах нацыянальнасцей і Навуковая камісія па вывучэнні ўсходніх земляў. Абедзве ўстановы рэкамендавалі выхоўванне «несвядомага беларускага люду» лаяльнымі грамадзянамі. Па-свойму такое выхоўванне разумела крэсавая паліцыя, паўсюднай з’явай былі арышты і здзекі з сялян. Як згадвала Ларыса Геніюш, страх быў паўсюдным пачуццём у дачыненні да польскага паліцыянта, чыноўніка, суддзі і настаўніка[13].

У кастрычніку 1936 г. Міністэрства ўнутраных спраў падрыхтавала праект паскарэння нацыянальнай асіміляцыі беларусаў[12]. На пачатку снежня гэтага ж года забаранілі дзейнасць беларускіх арганізацый. Адзінай беларускай партыяй, якая пратрымалася ў Польшчы да 1939 года, было Беларускае нацыянальнае аб'яднанне[14], але і яго дзеячы таксама патрапілі пад рэпрэсіі.

Другая сусветная вайна і пасляваенны час[правіць | правіць зыходнік]

1939—1941[правіць | правіць зыходнік]

У верасні 1939 года, паводле Пакта Молатава — Рыбентропа, Трэці Рэйх і СССР падзялілі польскую тэрыторыю. БССР была пашырана за лік усходніх крэсаў. Мясцовае беларускае насельніцтва станоўча сустрэла далучэнне да савецкай дзяржавы і ўз’яднанне з Усходняй Беларуссю. Палякі, якія былі абураны знішчэннем сваёй краіны, пачалі ўспрымаць беларусаў як саюзнікаў СССР. Дэклараваная барацьба з савецкай акупацыяй прыняла з часам антыбеларускі характар, у першую чаргу на Беласточчыне[1].

У Скідзелі пад кіраўніцтвам былых членаў КПЗБ адбылося ўзброенае паўстанне супраць польскай улады. На падаўленне беспарадкаў кінуты вялікія сілы. У ходзе сутыкненняў цэнтр мястэчка спалілі, шэраг удзельнікаў бунту пакаралі смерцю. Аднак неўзабаве прыбылі савецкія войскі, і польскія сілы пакінулі Скідзель[15]. Усяго ў паўстанні загінула парадку 18—31 мяцежнікаў[16].

Падчас далучэння Заходняй Беларусі ва ўмовах безуладдзя, якое прысутнічала на паўночна-ўсходніх землях Польскай Рэспублікі ў першыя дні пасля нападу СССР, адбыліся некаторыя інцыдэнты.

Забойствы палякаў, у асноўным асаднікаў, адбыліся па ўсёй Заходняй Беларусі, але найбольш жорсткія мелі месца ў Беластоцкім ваяводстве. Шэраг затрыманых былых польскіх ветэранаў катавалі і прымушалі пакаяцца за іх удзел у вайне з бальшавікамі ў 1920 годзе, а потым забівалі. Дзеячы камуністычнага падполля пачалі рыхтаваць спісы прадстаўнікоў польскай адміністрацыі, вайсковых уладаў, паліцэйскіх і асаднікаў яшчэ да пачатку паходу ў Заходнюю Беларусь. Менавіта апошнія сталі галоўным аб’ектам агрэсіі з боку мясцовых падпольшчыкаў і актывістаў. У першыя дні савецкай аперацыі забойствы адбыліся ў 13 асадах Палескага ваяводства, 11-ці — Навагрудскага, 4-х — Беластоцкага і 1-го — Віленскага[18].

1941—1944[правіць | правіць зыходнік]

У першыя месяцы нямецкай акупацыі адбыліся чысткі сярод беларускага насельніцтва. У першую чаргу, новая адміністрацыя была арыентавана на знішчэнне камуністычнага актыву і перакананых прыхільнікаў савецкай улады. Гэтыя задачы дэтэрмінавалі шырокае прыцягненне этнічных палякаў да кіравання на беларускіх тэрыторыях. Нацысты занялі пазіцыю вяртання на свае пасады асоб, якія займалі іх да верасня 1939 года. Праводзячы такую палітыку, немцы таксама хацелі знайсці апору для сваёй улады ў заможных пластах польскага насельніцтва, ствараючы пры гэтым унутрынацыянальны канфлікт сярод саміх палякаў. Тым не менш, з восені 1941 года польская адміністрацыя ў многіх месцах замяняецца беларускай[19].

Беларуска-польскі канфлікт падчас нямецкай акупацыі не меў шырокага масавага характару. Ён пераважна ахопліваў толькі кола палітычна заангажаваных беларусаў і палякаў. Адбываліся акцыі супраць беларускіх калабарантаў, існавала пэўная міжэтнічная напружанасць. У беларуска-польскім памежжы антыфашысцкі рух будаваўся па нацыянальнай прыкмеце, гэта тычылася як мясцовых камітэтаў, так і ўзброеных фарміраванняў — савецкіх партызанскіх атрадаў і Арміі Краёва (АК). Фарміраванне пракамуністычных падраздзяленняў па нацыянальнай прыкмеце было рэкамендавана камандаваннем, у тым ліку і па прычыне абгрунтаванага недаверу да палякаў. Аднак існавалі і змешаныя атрады. Падраздзяленні АК не прымалі ў свае шэрагі беларусаў, абвінавачваючы іх у супрацоўніцтве з немцамі, а таксама прытрымліваючыся ўказанняў эмігранцкага ўрада, лініяй якога быў крайні нацыяналізм[19].

Аднак ва ўмовах супраціву агульнаму ворагу, палякі і беларусы апынуліся здольнымі да арганізацыі эфектыўных сумесных дзеянняў. Антыфашысцкі рух разгарнуўся ў трох арганізаваных формах: падпольныя камітэты ў гарадах, партызанскія атрады, звязаныя з Чырвонай Арміяй, і фармаванні Арміі Краёвай. Як савецкія, так і польскія партызаны актыўна супрацоўнічалі з мясцовым супрацівам. Нягледзячы на відавочныя рознагалоссі, здараліся і сумесныя дзеянні супраць нямецкіх сіл[19].

У гэты перыяд міжэтнічны канфлікт галоўным чынам выказаўся ў супрацьстаянні нацыяналістычных элітаў, як лаяльных да акупацыйнай адміністрацыі, так і антынацысцкіх. Большасць палякаў і беларусаў праявілі схільнасць да кансалідацыі, аб’яднаўшыся для барацьбы з агульным праціўнікам. Улічваючы размытую дзяржаўную ідэнтычнасць у краі, падобны спосаб узаемадзеяння шматнацыянальнага мясцовага насельніцтва быў найбольш эфектыўным метадам выжывання[19].

1944—1950-я[правіць | правіць зыходнік]

Змены межаў Польшчы.
Байцы антысавецкіх атрадаў, 1945 год.

Змены межаў[правіць | правіць зыходнік]

Разгром і адступленне нямецкай арміі ў 1944 годзе не азначаў для мясцовага насельніцтва пераход да мірнага жыцця. Час пасляваеннай напружанасці нёс у сабе цяжкасці пераходнага перыяду, а таксама змяненне этнаканфесійнай структуры краю. У гэты перыяд вырваліся вонкі тыя міжнацыянальныя праблемы і супярэчнасці, якія не былі вырашаны ў папярэднія гады[1].

Савецкае кіраўніцтва, якое аднавіла кантроль над рэгіёнам, выступала за аднаўленне дзяржмяжы 1941 года. Эмігранцкі ўрад Польшчы ў Лондане жадаў вярнуць граніцу 1939 года. Улічваючы тое, што дамовіцца будзе амаль немагчыма, у Беластоцкім краі савецкімі ўладамі пачалі фарміравацца мясцовыя польскія камуністычныя ячэйкі і прасавецкія органы ўлады. У Маскве быў утвораны Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення, з якім Іосіф Сталін пачаў абмяркоўваць пагранічныя пытанні. Па выніку перамоў СССР пакінуў палякам Беласточчыну (хоць супраць гэтага выступалі беларускія камуністы) і г. Белавежа з часткай Белавежскай пушчы. Хутка кіраўніцтва БССР заключыла з польскімі прадстаўнікамі пагадненне аб абмене насельніцтвам[20].

Усе гэтыя мерапрыемствы выклікалі неадназначную рэакцыю мясцовых жыхароў. Так, напрыклад, беларусы ў г. Бельск апынуліся незадаволены вяртаннем у склад Польшчы. Жыхары нават пакінулі ўсю работу па адбудове вуліц, бо не жадалі «аднаўляць горад для палякаў». Асобныя жыхары памежных гарадоў і вёсак пісалі лісты з запытам вярнуць іх у склад Беларусі. Падобныя тэндэнцыі мелі месца сярод палякаў Гродзенскай вобласці[20].

Эскалацыя[правіць | правіць зыходнік]

Нежаданне палякаў заставацца пад савецкай уладай, а беларусаў — пад польскай напалілі сітуацыю ў рэгіёне.

«…даведаўшыся цяпер, што тут зноў будуць польскія парадкі і Бельск будзе польскім, кінуў работу. Не падымаецца рука працаваць на палякаў… Калі што, кіну сваю хату або лепш спалю яе… з сям’ёй пайду куды заўгодна, дзе ёсць беларусы, дзе ёсць савецкая ўлада. З палякамі беларусы жыць не будуць. Палякі подлыя і зайздросныя людзі, яны любяць толькі сябе. Нават пры немцах, калі было невыносна для беларусаў і палякаў, палякі і тады імкнуліся закрануць чымсьці беларусаў, чым-небудзь нашкодзіць ім…»

— Беларус Васіль Восіпавіч Антыховіч, жыхар г. Бельск 1900 г. н.[1]

«Было б вельмі справядліва, калі б палякаў прымусілі жыць на тых правах, на якіх жылі беларусы ў Польшчы да 1939 года. Палякі моцна ненавідзяць беларусаў, але беларусы палякаў ненавідзяць у сто разоў мацней. Трэба было б пасля вайны ўсталяваць такі парадак, каб палякі жылі з ацалелымі немцамі і каб палякі мелі над немцамі ўладу, якую яны мелі над беларусамі. Немцам ніхто б не пазайздросціў. Хай бы яны пышыліся адзін перад іншым, што тыя немцы, а тыя — палякі…»

— Беларус Пётр Сямёнавіч Астроўскі, 1911 г. н.[1]

«Немец — звяруга, слоў няма. Пакуль гэты звер жывы, на зямлі жыцця нікому не будзе. Але палякі беларусам насалілі столькі, што беларусы з імі жыць ні за што не будуць, калі толькі не будзе савецкай улады. Бо паляк які? Будзь ён галадранец, але ён абавязкова хоча, каб шапку перад ім першы здымаў беларус. А дакраніся спрэчкі з ім? Судзіся ты з ім гадамі і будзь ты бясспрэчна мець рацыю, а вінаваты будзе беларус. Калі беларус пры польскай уладзе хацеў адкрыць які-небудзь гандаль, палякі задзяўбуць яго пакуль беларус не кідаў сваю лаўчонку…»

— Беларус Іван Кірылавіч Жукоўскі, ураджэнец г. Бельск 1905 г. н.[1]

Абвастрэнне нацыянальнай напружанасці было звязана галоўным чынам з дзейнасцю лонданскага эмігранцкага ўраду, што не хацеў прызнаваць факт страты ўсходніх крэсаў і імкнуўся да аднаўлення мяжы 1939 года. Зыходзячы з гэтага ўсе тыя, хто не падзяляў дадзены пункт гледжання, у Беласточчыне, дзе кампактна пражывала каля 135 тыс. беларусаў, так і ў заходнім рэгіёне БССР, разглядаліся падполлем польскіх нацыяналістаў («адрынутых салдат») як варожы элемент[21].

Канфрантацыя таксама абумоўлена палітыкай прасавецкага кіраўніцтва Польшчы ў нацыянальным пытанні. Уладамі меркавалася ператварыць краіну ў аднанацыянальную дзяржаву. Такім чынам, польскія левыя і правыя апынуліся адзіны ў поглядзе на будучыню беларускай дыяспары: беларусы як нацыянальная меншасць павінны або пакінуць Польшчу, або стаць «праваслаўнымі палякамі»[21].

Гвалт[правіць | правіць зыходнік]

Польскае антысавецкае падполле, грунтуючыся на ідэалагічных пастулатах санацыйнага перыяду, не імкнуліся да наладжвання міжкультурнага дыялогу. Нягледзячы на дэклараваны антысавецкі характар, у рамках тэрарыстычных акцый пакутавала мірнае насельніцтва: як беларускае, так і польскае. Пры гэтым палякаў пагрозамі прымушалі да ўдзелу ў дзейнасці антысавецкага падполля. Афіцыйныя польскія ўлады, а таксама мірнае польскае насельніцтва асуджалі дзейнасць нацыяналістычных атрадаў, больш за тое, адмаўляліся лічыць іх палякамі[1].

Дзейнасць падполля «адрынутых салдат» супраць беларусаў выяўлялася ў розных формах і мела розныя наступствы. Адной з найважнейшых задач нацыяналістаў было прымусіць беларусаў пакінуць Польшчу і выехаць у БССР. Для гэтага выкарыстоўваліся як пагрозы (у вёсках з беларускім насельніцтвам распаўсюджваліся лістоўкі, дзе загадвалася неадкладна з’язджаць за лінію Керзана), так і рэпрэсіўныя акцыі са знішчэннем насельніцтва (толькі за 1945 год у Беластоцкім краі было забіта 229 чалавек). Таксама фіксаваліся шматлікія рабаванні[21].

Адным з вядомых забойстваў этнічных беларусаў палякамі сталі падзеі студзеня—лютага 1946 года, калі атрад нацыяналістаў пад пачаткам Рамуальда Райса забіў 79 сялян.

За 1944—1946 гады ахвярамі падполля сталі звыш 500 беларусаў, зарэгістраваных на пераезд у БССР. Акрамя гэтага забіта 8 і паранена 15 упаўнаважаных СНК БССР па перасяленню. Звыш 1000 беларускіх сем’яў былі абрабаваны па дарозе ў Беларусь. Фіксаваліся шматлікія напады і на беларускай тэрыторыі. Складаная сітуацыя адзначана ў Астравецкім (за жнівень—верасень 1944 года забіты 12 актывістаў партыі і камсамола), Свірскім (за жнівень—верасень 1944 года забіты 16 актывістаў), Лідскім (са жніўня 1944 па май 1945 года забіты 10 старшыняў і 2 сакратара сельскіх саветаў, 27 дэпутатаў сельсаветаў і ўпаўнаважаных, 28 раённых актывістаў, 11 салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, 34 мясцовых жыхара), Гродзенскім (за кастрычнік—лістапад 1944 года забіты 8 сялян) раёнах. У сувязі з тэрорам ЦК КП (б)Б абавязаў НКДБ і НКУС узмацніць барацьбу з антысавецкай дзейнасцю, а таксама размясціць дадатковыя воінскія часці ў райцэнтрах Маладзечанскай, Баранавіцкай, Гродзенскай абласцей[21].

Прасавецкія польскія ўлады не маглі абараніць насельніцтва памежжа ад дзейнасці нацыяналістаў, не падзейнічаў нават заклік урада ў Лондане скласці зброю. Сумеснымі намаганнямі СССР і Польскай Народнай Рэспублікі «адрынутых салдат» атрымалася разграміць. Апошнія атрады нацыяналістаў заставаліся ў беларускіх лясах да 1954 года[1].

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

М. Маркелаў заўважае, што пасляваенны тэрор антысавецкага падполля стварыў і замацаваў у свядомасці беларусаў негатыўны вобраз палякаў, якія забіваюць мірных сялян за веравызнанне і нацыянальную прыналежнасць. Негатыўны стэрэатып пра беларусаў, як пра натуральных саюзнікаў СССР у сваю чаргу замацаваўся ў свядомасці палякаў. Падобныя ўзаемныя крыўды на працягу доўгага часу перашкаджалі развіццю міжэтнічных адносін[1].

Як адзначаў кіраўнік Музея «адрынутых салдат» А. Карбавяк, дрэнныя адносіны непасрэдна антысавецкіх сіл выцякалі не з ідэі «Польшча для палякаў», а з негатыўнага стаўлення саміх беларусаў да падполля нацыяналістаў. Так, напрыклад, падчас нямецкай акупацыі шэраг этнічных беларусаў супрацоўнічалі з нацыстамі, часта накіроўваючы сваю дзейнасць супраць структур польскіх падпольшчыкаў[22].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і Маркелов Н. И. Межэтнический конфликт белорусов и поляков в 1944—1950 гг. : политический и националистический аспекты // Исторический журнал: научные исследования. — 2017.
  2. Rada Polska Ziem Białoruskich. W: Między nadzieją a niepokojem…. S. 119—120.
  3. Трэцяя Устаўная грамата Рады БНР
  4. Баюра Д. А.. Советско-польские отношения в 30-е годы(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 жніўня 2007. Праверана 25 сакавіка 2008.
  5. Гатагова Л., Филиппова Т. Страны Центральной и Восточной Европы в российских учебниках истории // «Мир истории» — 2004. — № 1. (недаступная спасылка — гісторыякопія) Архивировано 12.07.2004. (Праверана 2 чэрвеня 2017)
  6. Константинов С. Как будто ангел будил льва… // Независимая газета, 11.05.2000.
    см. также на сайте «Польша.ру» (Праверана 2 чэрвеня 2017).
  7. Пайпс Р. Русская революция. Кн. 3. Россия под большевиками. 1918—1924. =Russia under the bolshevik regime= Гл. 4. «Коммунизм на экспорт» / Пер.: Михаил Тименчик, Наталья Кигай. — М.: Захаров, 2005. — ISBN 5-8159-0526-7 ; 5-8159-0526-7
  8. Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дакументаў і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922). — Мн., 1997. — С. 110—111.
  9. Ладысеў, У. Ф. Рыжскі дагавор 1921 года і палітыка кіраўніцтва Савецкай Расіі экспарту рэвалюцыі // Biuletyn Historii Pogranicza. — 2001. — № 2. — С. 38. Са спасылкай на: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 242. — Воп. 1. — Спр. 7. — Арк. 6, 75.
  10. Хаўратовіч, І. Заходняя Беларусь // Беларуская савецкая энцыклапедыя: [у 12 т.] / АН БССР, Галоўная рэдакцыя БелСЭ; рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) [і інш.]. Т. 4: Графіка — Зуйка. — Мн.: Галоўная рэдакцыя БелСЭ, 1971. — 607 с., [42] л. іл., каляр. іл., партр., карт. — С. 533; Хаўратовіч, І. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР // Беларуская савецкая энцыклапедыя: [у 12 т.] / АН БССР, Галоўная рэдакцыя БелСЭ; рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) [і інш.]. Т. 10: Сошна — Фут. — Мн.: Галоўная рэдакцыя БелСЭ, 1975. — 656 с., [27] л. іл., каляр. іл., картр., факсім. — С. 438; Хаўратовіч, І. Заходняя Беларусь // Беларуская савецкая энцыклапедыя: [у 12 т.] / АН БССР, Галоўная рэдакцыя БелСЭ; рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) [і інш.]. Т. 12: Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. — Мн.: Галоўная рэдакцыя БелСЭ, 1975. — 735 с., [53] л. іл., каляр. іл., партр., карт, факсім. — С. 151.
  11. Шевченко К. «Картина варварства и глупости» белорусское и украинское меньшинство II Речи Посполитой в конце 1930-х гг. // Антигитлеровская коалиция — 1939: Формула провала. Сборник статей. — М.: Кучково поле, 2019. — С. 58.
  12. а б в г Я. Мірановіч (1999)
  13. Л. Геніюш (1993)
  14. Ю. Туронак (1999)
  15. М. Дзелянкоўскі. Скідзельская быль // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — № 4. — Мн.: Полымя, 1985. — ISSN 0131-2669. С.8,9.
  16. Marek Wierzbicki. Powstanie skidelskie 1939 r.. Białoruskie Zeszyty Historyczne”. 7.
  17. Białoruś — «Dni swobody»
  18. Ігар Мельнікаў. Польскія каланісты ў Заходняй Беларусі // Новы Час : газета. — 3 сакавіка 2015.
  19. а б в г 'Маркелов Н. И. К вопросу о межэтнических отношениях поляков и белорусов на Белосточчине в условиях немецко-фашистской оккупации (1941—1944 гг.) // Вестник АГУ : журнал. — Выпуск 2 (199). — 2017.
  20. а б Виталий Барабаш. Процесс установления белорусско-польской границы в 1944—1945 годах // Беларуская думка: часопіс. — Верасень 2019.
  21. а б в г Великий А. Ф., Ставропольский альманах Российского общества интеллектуальной истории: вып. 6 (специальный): материалы международного научного семинара «Своё» и «Чужое» в исследовательском поле «истории пограничных областей», Пятигорск, 16-18 апреля 2004 г. — Ставрополь: Изд-во СГУ, 2004 — С.146-154.
      • Межнациональная напряженность в белорусско-польском пограничье. 1944—1946 гг.
  22. Karbowiak o konflikcie polsko-białoruskim

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

На польскай мове
  • Białorusini i stosunki polsko-białoruskie na Białostocczyźnie 1944—1956: Wybór dokumentów / Oprac. S. Iwaniuk. — Bialystok: T-wo Hist., 1988.
  • Stosunki polsko-bialoruskie w wojewodztwie bialostockim w latach 1939—1956, Warszawa 2005.
На беларускай мове
  • Весялкоўскі Ю. Што прывяло Армію Краёву на Беларусь. — Лондан, 1995.
  • Грыбоўскі Ю. Польска-беларускі канфлікт у Генеральнай акрузе «Беларусь» (1941—1944 гг.) // Białoruskie Zeszyty Historyczne, nr 25, 2006, s. 116—167.
  • Крывашэй Дз. Беларуска-польскія адносіны ў гады нямецкай акупацыі// Białorunruskie zeszyty historyczne, nr 24, 2005. — s. 153—165.
  • Крывашэй Дз. Польская супольнасць Беларусі пад час акупацыі // Беларусь у выпрабаваннях Вялікай Айчыннай вайны: масавыя забойствы нацыстаў, Мн., 2005, с. 139—148.
  • Мірановіч Я. Навейшая гісторыя Беларусі. — Беласток : Rada Programowa Tygodnika "Niwa", 1999. — 270 с.
  • Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Мн., 1993.
На рускай мове