Будслаўскія партрэты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Бу́дслаўскія партрэ́ты — партрэты з касцёла Унебаўзяцця Дзевы Марыі ў в. Будслаў Мядзельскага раёна. Прадстаўляюць рымскіх пап Мікалая IV, Сікста IV, Сікста V і Аляксандра V. Напісаны, верагодна, у сярэдзіне XVIII ст.[1]

Уяўляюць сабой партрэты аднатыпнай кампазіцыі: у авальных рамах, паясныя, у трохчацвярных паваротах управа (Мікалай IV і Сікст IV) і ўлева (Сікст V і Аляксандр V). Асобы на партрэтах апрануты ў пурпурныя тогі і такія ж каптуры, вохрыстыя арнаментаваныя паліўшы, на грудзях з блакітнымі бантамі. На 3 партрэтах тып твару аднолькавы (магчыма, пісаліся з гравюр); без барады, э доўгім вострым носам, блакітнымі вачыма. Індывідуальнасцю вылучаецца партрэт Сікста V з пышнай барадой і старэчым зморшчаным тварам, верх якога ўвенчаны папскімі сімваламі — ключамі Св. Пятра і блакітнай ціярай[1].

Зноскі

  1. а б А. А. Ярашэвіч. Будслаўскія партрэты // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2. — 544 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0570-6.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]