Будынкі Магілёўскай духоўнай семінарыі
Комплекс канца XVIII — сярэдзіны XIX стст. Духоўная семінарыя ў Магілёве створаная архіепіскапам Георгіем Каніскім (пры ім распачата будаўніцтва асноўнага вучэбнага корпуса і дома-інтэрната).
У 1780—1785 гг. узведзены вучэбны корпус семінарыі паводле праекту архітэктара М. Львова (не захаваўся). Размешчаны ўздоўж землянога валу, галоўным фасадам павернуты да вул. Ветранай (сучасная вул. Ленінская); уваходзіў у ансамбль Спаскага манастыра. Мураваны двухпавярховы будынак у стылі класіцызму. У цэнтральнай частцы — парадная лесвіца з вестыбюлем і круглае ў плане памяшканне, у якім знаходзілася на першым паверсе бібліятэка, на другім — зала для сходаў («круглая зала»), дэкарыраваная пілястрамі іанічнага ордара. У бакавых частках былі класныя памяшканні. Галоўны фасад вылучаў порцік дарычнага ордара, завершаны франтонам, з трыма прамавугольнымі нішамі.
Насупраць вучэбнага корпуса размешчаныя двухпавярховы дом для настаўнікаў і казённых выхаванцаў (пабудаваны да 1795 г.). Уяўляў сабой тып багатага гарадскога дому: асіметрычнае аб'ёмна-прасторавае рашэнне, спалучэнне мураванага масіўнага каркаса з сістэмай драўляных галерэй, высокі дах.
З 1797 г. будаўніцтва семінарыі працягваў архіепіскап Анастасій Братаноўскі. Ён набыў зямельны ўчастак з дзвюма драўлянымі аднапавярховымі жылымі корпусамі для выхаванцаў і аднапавярховы мураваны дом на вул. Ветранай — дом для рэктара і прэфекта. Уяўляў сабой тып гарадскога жылога дому, пабудаваны ў стылі ранняга класіцызму: плоскі, гарызантальна выцягнуты фасад раўнамерна прарэзаны вокнамі, тонкая графічная прарысоўка, дэкаратыўныя дэталі (руст, падаконныя нішы, ліштвы, ляпныя драпіроўкі, злучэнне франтона са ступеньчатым атыкам).
Да канца 1820-х гадоў будынкі семінарыі былі аб'яднаны ў асобны комплекс. Паводле архіўных чарцяжоў губернскага архітэктара Заржэўскага, ён быў аддзелены ад Спаскага манастыра і архірэйскага падвор'я садам і службовымі пабудовамі; быў зроблены ўваход з боку вул. Ветранай. На чарцяжы нанесеныя два невялікія корпусы новага тыпу гарадской забудовы. Адзін з іх — драўляны П-падобны ў плане будынак у стылі ранняга ампіру, у ім знаходзіліся бальніца з лазняй і свіран.
Да пачатку 1850-х гадоў, паводле архіўных чарцяжоў губернскага архітэктара Пятрова, склалася новая забудова комплексу семінарыі. Уключаў два новыя двухпавярховыя мураваныя флігелі для жылля настаўнікаў і выхаванцаў, былы дом купца Кітаева (набыты для семінарыі, захаваўся па вул. Ленінскай, 15). Дом — невялікі кампактны двухпавярховы будынак, прамавугольны ў плане, з высокім цокальным паверхам, у ім размяшчаўся семінарскі архіў; з боку дваровага фасада знаходзіцца галерэя — уваход у пакоі другога паверху, дзе былі кватэра аканома і кладоўка.
Паводле плана 1853 г. праведзеная рэканструкцыя ансамбля семінарыі, які набыў замкнёную кампазіцыю. Цэнтрам яго па-ранейшаму заставаўся вучэбны корпус, перад ім сфарміравалася трапецападобная плошча, якая знаходзілася нібыта ў сярэдзіне кварталу. Фарміраванне фронту забудовы вул. Малая Садовая (былая вул. Ветраная) завяршылася пабудовай уязной брамы.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх