Белы бусел
| Белы бусел | |||||||||||||||||||||||||||||
| | |||||||||||||||||||||||||||||
| Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||||||||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
|
прамежныя рангі
| |||||||||||||||||||||||||||||
| Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||||||||||||||
|
Ciconia ciconia Linnaeus, 1758 | |||||||||||||||||||||||||||||
| Арэал | |||||||||||||||||||||||||||||
|
Месцы гнездавання
Месцы зімоўкі
Шляхі міграцыі
| |||||||||||||||||||||||||||||
| Ахоўны статус | |||||||||||||||||||||||||||||
| |||||||||||||||||||||||||||||
Бу́сел бе́лы, баця́н (Ciconia ciconia) — буйная балотная птушка з сямейства бусліных.
Беларускія народныя назвы бацян, весялец, чарнагуз, аіст, клекатун (экспрэсіўнае), гарус, бусько.[1]
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Самы вядомы прадстаўнік буслоў. Белая птушка з чорнымі канцамі крылаў, доўгай шыяй, доўгай тонкай чырвонай дзюбаю і доўгімі чырванаватымі нагамі. Тры пярэднія пальцы злучаны няпоўнай перапонкай. Белае пер’е галавы, шыі і цела кантрастуе з чорнымі пер’ямі крылаў, якія ў сонечным святле адсвечваюць зялёным і пурпуровым. Невялікі кавалак голай скуры чорнага колеру на галаве знаходзіцца вакол карычневага вока. Калі крылы ў бусла складзеныя, ствараецца ўражанне, што ўся задняя частка цела бусла чорная. Адсюль адна з яго ўкраінскіх дыялектных назваў — чорногуз[2]. Па афарбоўцы самкі не адрозніваюцца ад самцоў, але крыху меншыя па памерах. Рост белага бусла складае 100—125 см, размах крылаў 155—220 см. Маса дарослай птушкі дасягае 4 кг.
Птушаняты маюць дзюбу шэрага колеру і цьмяна чырвоныя ногі. Яны таксама маюць апярэнне з шараватым адценнем. Працягласць жыцця белага бусла ў сярэднім складае 20 гадоў.
Лёгка адрозніць голас буслоў — гучны, сухі клёкат, які атрымліваецца дзякуючы ўдарам адна аб адну часткамі дзюбы, рэдка ціхае шыпенне, маладыя пішчаць і мяўкаюць.
Пашырэнне
[правіць | правіць зыходнік]
Арэал разарваны: Пірэнейскі паўвостраў, цэнтральная і паўднёва-ўсходняя частка Еўропы, Малая Азія, Паўднёвая, Заходняя і Сярэдняя Азія, а таксама Далёкі Усход на шыраце Японіі разам з ёй, Паўночна-Заходняя Афрыка.
Пералёты від. Месца зімовак: Паўднёвая і Усходняя Афрыка, Паўднёвая Азія, Карэйскі паўвостраў, Японія.
На Беларусі звычайны на гнездаванні пералётны від, транзітны мігрант. Некаторыя птушкі застаюцца на зіму.
Лягчэй за ўсё можна ўбачыць бусла на яго гняздзе, але не цяжка заўважыць гэтых птушак, калі яны палююць на вільготных лугах або на свежаскошаных палетках на грызуноў, земляных чарвякоў, лічынак насякомых, яшчарак і амфібій. Гнёзды белых буслоў маюць вялікія памеры і звычайна збудаваны на высокіх апорах, якія дазваляюць не толькі добры падлёт да гнязда, але агляд наваколля. У Еўропе буслы з’яўляюцца ўжо з сакавіку, а адлятаюць на зімоўку да канца жніўня.
Асаблівасці біялогіі
[правіць | правіць зыходнік]Корміцца беспазваночнымі, жабамі, яшчаркамі, вужамі, дробнымі грызунамі.
Утварае пастаянныя пары. Гнездавацца пачынае з трохгадовага ўзросту. Гнёзды (дыяметр 1,5 м, вышыня 0,5 м і больш) будуе з галля, высцілае сухой травой і мохам. Еўрапейскія белыя буслы будуюць свае гнёзды на пабудовах чалавека з Сярэднявечча. Гнёзды можна знайсці на дахах дамоў і гаспадарчых пабудоў, трубах комінаў, воданапорных вежах, слупах электра- і тэлефоннай сувязі, мурах і спецыяльна збудаваных для буслоў пляцоўках. Звычайна буслы кожны год вяртаюцца гнездаваць на тое самае месца, або недалёка ад яго. Такім чынам, некаторыя месцы выкарыстоўваюцца птушкамі на працягу сотняў гадоў! Маладыя птушкі стараюцца вярнуцца і загнездаваць як мага бліжэй да месцаў, дзе яны вылупіліся.

Нясе ўвесну 3-4, рэдка 5-6 белых яец. Яйкі з тупым вузейшым канцом, памеры: 72 х 54 мм.
Наседжванне 33-34 сутак. Птушаняты вылятаюць праз 54-55 сутак. Нярэдка белыя буслы выкідваюць з гнязда слабае птушанё і восенню забіваюць слабых птушак.

Бусел здольны да лунаючага палёту і можа доўга кружыць у небе. Адпачывае ў гняздзе або на дрэве. Пад восень утварае вялікія перадміграцыйныя згуртаванні.
У беларускай культуры
[правіць | правіць зыходнік]
Белы бусел з’яўляецца сімвалам Беларусі. Маючы яго на ўвазе, Беларусь клічуць «Краінай пад белымі крыламі». Паводле колераў апярэння — белы з дадаткам чырвонага і чорнага — бусел лічыцца жывым носьбітам нацыянальнай сімволікі колераў, характэрнай для беларускага нацыянальнага строю.
Буслы часцей за ўсё сяліліся побач з чалавечым жыллём. Дзеці, якія ўвесь час назіралі за гэтымі птушкамі, бачылі, што буслы заўсёды нешта нясуць у сваё гняздо — ці то шчэпку якую, галінку, ці то вужа, жабу, якая трапечацца ў дзюбе. Натуральна, дзеці лёгка маглі паверыць у тлумачэнне бацькоў, што іх браціка ці сястрычку таксама прынёс бусел.
Белы бусел карыстаўся асаблівай павагай і сакральным стаўленнем у беларусаў: яму нават спецыяльна будавалі аснову для гнязда на стрэхах ці дрэвах — буслянкі. Яго лічылі ахоўнікам жытла ад Перуна (маланак), узорам суладнага сямейнага жыцця і вешчуном вясны. Народная традыцыя строга забараняла рабіць шкоду птушцы ці яе гнязду. Паводле павер'яў жыхароў Пінскага Палесся, зафіксаваных этнографам Дзмітрыем Булгакоўскім (1890), калі чалавек адважыцца разбурыць буслянку, птушка абавязкова адпомсціць: бусел прынясе ў дзюбе кавалак тлеючай галавешкі і кіне на страху, каб спаліць хату крыўдзіцеля[3].
Легендарны сюжэт аб паходжанні бусла з’яўляецца адным з найбольш папулярных этыялагічных сюжэтаў у беларусаў. Адпаведна гэтаму паданню, бусел раней быў чалавекам. Бог сабраў усіх небяспечных паўзуноў (змей, жаб і іншае шкоднае «гадства»), завязаў іх у мех і даў чалавеку з адзінай умовай — кінуць той мех у прорву (ці ў раку, ці ў агонь), ні ў якім разе не зазіраючы ўнутр. Але чалавек праз сваю цікаўнасць парушыў Божую забарону, развязаў мех, і ўсё «гадства» распаўзлося па зямлі. За непаслухмянасць Бог ператварыў гэтага чалавека ў бусла (у палескай традыцыі — буську), і цяпер ён як птушка мусіць усё жыццё хадзіць па балотах і збіраць тое, што калісьці выпусціў з меха[3].
Дадатковыя народныя прыкметы звязвалі бусла з ураджаем і гаспадарчым дабрабытам. На Палессі лічылася, што калі ўвесну чалавек упершыню ўбачыць бусла ў палёце, а не на зямлі — гэта добры знак, які прадвяшчае, што чалавек увесь год будзе шпаркі і лёгкі на ногі[3].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ бусел · Slounik.org . slounik.org. Праверана 27 жніўня 2023.
- ↑ Бокотей, Андрій (2007). Анотований список українських наукових назв птахів фауни України (з характеристикою статусу видів)(укр.). Київ—Львів: Львівський національний університет імені Івана Франка. p. 30. ISBN 9668734084. OCLC 225096329.
- 1 2 3 Булгакоўскі 1890, с. 188.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Булгаковскій Д. Г. Пинчуки. Этнографическій сборникъ. — Записки Императорскаго Русскаго Географическаго Общества по отдѣленію этнографіи. — С.-Петербургъ, 1890. — Т. XIII. — С. 1—200.
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.
- Животный мир Беларуси. Позвоночные: учеб. пособие (руск.) / Гричик В. В., Бурко Л. Д.. — Мн.: Изд. центр БГУ, 2013. — 399 с. — ISBN 978-985-553-128-0.
- Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с. — ISBN 83-01-13187-X.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]| Белы бусел на Вікісховішчы |
