Перайсці да зместу

Быстрыцкае староства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Быстрыцкае староства — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

Сфарміравалася да пачатку XVI стагоддзя на аснове вялікакняскага маёнтка ўскосна вядомага з канца XIV стагоддзя. Цэнтр староства — гаспадарскі двор Быстрыца. Намесніка (старосту) спачатку прызначаў віленскі ваявода, староста жыў у гаспадарскім двары, ажыццяўляў гаспадарчае кіраванне, узначальваў судовыя разборы ў спрэчках каралеўскіх падданых і баяраў-шляхты. Пры гаспадарскім двары было аднайменнае паселішча і, напэўна, даволі буйное, бо ў 1390 годзе кароль Уладзіслаў Ягайла заснаваў тут каталіцкі касцёл і кляштар. Двор Быстрыца знаходзіўся паміж прылеглым аднайменным мястэчкам і ракой Віліяй на самым яе беразе. Пры ўездзе на двор з боку мястэчка стаяла вялікая драўляная брама з двума турэмнымі памяшканнямі па баках. Насупраць брамы, над ракой, стаяў вялікі сядзібны дом. Апроч гэтага на дзядзінцы былі стары флігель, свірны, новая і старая пякарні, сырніца, а каля ракі — бровар. Побач з дваром асобна знаходзілася гумнішча з гаспадарчымі пабудовамі.

У 1-й палове XVI стагоддзя быстрыцкіх намеснікаў прызначаў са сваіх служэбнікаў віленскі ваявода, фактычны ўладальнік Быстрыцы. Першым вядомым быстрыцкім намеснікам ужо недзе да 1514 года быў нейкі Ілля, у 1518—1522 гадах старостам быў Васіль Рыгоравіч Кабыльня (Кабылін) — іх прызначаў віленскі ваявода Мікалай Мікалаевіч Радзівіл. У 1537—1547 гадах старостам быў Станіслаў Озранскі, у 1550 годзе намеснікам названы Іван Звезда.

З сярэдзіны XVI стагоддзя Быстрыцкае староства, відаць, перайшло ў непасрэднае ўладанне да вялікага князя. Гаспадар пачаў даваць староства («дзяржаву») у карыстанне розным магнатам за службу або аддаваць у заставу пад пазыкі. Так у 1559 годзе быстрыцкім і высакадворскім старостам быў князь Пётр Цімафеевіч Пузына, яго намеснік у Быстрыцы — князь Павел Андрэевіч Свірскі. У 1563 годзе быстрыцкім і высакадворскім старостам быў князь Ян Баляслававіч Свірскі.

У 1580-я гады напэўна ў заставу за пазычаныя грошы Быстрыцкае староства з правам тытулавацца «старостам быстрыцкім» атрымаў жамойцкі староста, вялікі падчашы літоўскі Ян Станіслававіч Кішка, які трымаў Быстрыцу да самай смерці ў 1591 годзе. З 1590-х гадоў быстрыцкім старостам стаў гетман Крыштаф Радзівіл, які ажаніўся з удавой Янай Кішкі — княгіняй Альжбетай Астрожскай. Крыштаф Радзівіл часта аддаваў Быстрыцу ў арэнду або заставу іншым асобам — так, у 1612 годзе заставіў яе троцкаму гараднічаму і цівуну Балтазару Стравінскаму, затым пану Завішы, у 1624 годзе — пану Давыду Швыкоўскаму, у 1627 годзе аддаў у арэнду на тры гады палкоўніку каралеўскіх войск Мікалаю Корфу, які ў 1628 годзе пераўступіў арэнду Адаму Маджэўскаму.

Пасля смерці Крыштафа Радзівіла быстрыцкім старостам стаў яго сын Януш Радзівіл, апошні прадстаўнік па мужчынскай лініі біржанска-дубінкаўскай галіны Радзівілаў. Ён завяшчаў староства сваёй жонцы княгіні Марыі, якая сваім тастаментам у 1661 годзе з дазволу караля запісала староства Вацлаву Паклонскаму за заслугі перад сваім мужам-нябожчыкам. Паклонскі памёр да 1663 года, напэўна, пасля гэтага Быстрыцкае староства вярнулася ў непасрэднае ўладанне караля.[1]

Наступным трымальнікам Быстрыцы ў 2-й палове XVII стагоддзя стаў рэферэндарый літоўскі Цыпрыян Павел Бжастоўскі, аддаючы яму Быстрыцу ў пажыццёвае ўладанне кароль паставіў умову штогадовай выплаты «кварты» (чацвёртай часткі) чыстага даходу да скарбу на ўтрыманне арміі. Пасля смерці Цыпрыяна Бжастоўскага ў 1689 годзе, быстрыцкімі старостамі быў яго сын Ян Уладзіслаў Бжастоўскі, затым унук, вялікі пісар літоўскі Юзаф Бжастоўскі. У 1742 годзе Юзаф з дазволу караля Аўгуста III саступіў староства свайму 9-гадоваму сыну Станіславу Бжастоўскаму. Пасля смерці Станіслава ў 1769 годзе староствам валодала яго ўдава Тэафіля з Радзівілаў.

Староства існавала да падзелаў Рэчы Паспалітай, у XIX стагоддзі яно было ўжо адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай Расійскай імперыі — Быстрыцкая воласць Віленскага павета Віленскай губерні.

Зноскі