Быстрыца (Астравецкі раён)
Вёска
Быстрыца
| ||||||||||||||||||||
Бы́стрыца[1] (трансліт.: Bystryca, руск.: Быстрица) — вёска ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Варнянскага сельсавета.
Знаходзіцца на р. Вілія. За 29 км на поўнач ад Астраўца, 34 км ад чыгуначнай станцыі Гудагай. Насельніцтва 251 чал., 86 двароў (1991).
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Упершыню Быстрыца ўспамінаецца пад 1390 годам, як уладанне вялікага князя Ягайла, дзе ён заснаваў касцёл Узвышэння Святога Крыжа канонікаў рэгулярных і запісаў яму фундуш. У канцы XIV — пачатку XVI ст. пры касцёле дзейнічаў кляштар белых аўгусцінаў. Затым Быстрыца была ва ўласнасці вялікага князя Вітаўта, з якой ён у 1407 годзе даў трох рыбакоў і возера Віленскаму кафедральнаму касцёлу.
Да пачатку XVI ст. Быстрыцкія вялікакняскія ўладанні сфарміраваліся як Быстрыцкае староства («дзяржава») Віленскага ваяводства. Цэнтрам староства быў «двор» Быстрыца, які знаходзіўся паміж мястэчкам Быстрыца і ракой Віліяй на самым яе беразе. Пры ўездзе на «двор» з боку мястэчка стаяла вялікая драўляная брама з двума турэмнымі памяшканнямі па баках. Насупраць брамы, над самой Віліяй, узвышаўся вялікі сядзібны дом. Апроч гэтага на дзядзінцы былі стары флігель, свірны, новая і старая пякарні, сырніца, а каля ракі — бровар. Побач з дваром асобна знаходзілася гумнішча з гаспадарчымі пабудовамі.
З пачатку XVI ст. у Быстрыцы знаходзілася мытня для сплаву лесу, збор мыта быў уведзены віленскім ваяводам Мікалаем Радзівілам. За кожны плыт з будаўнічага дрэва назначалася аплата ў 3 грошы, а за плыт з дроў — 1,2 гроша (12 пенязяў), іншы тавар спагнанню мыта ў Быстрыцы не падлягаў.
Упершыню Быстрыца як горад («места») згадваецца ў дакуменце 1547 года. Галавой гарадской адміністрацыі, якой падпарадкоўваліся мяшчане і іншыя каралеўскія падданыя, што жылі ў горадзе, быў войт. У дакументах на працягу 1541—1559 гадоў быстрыцкім войтам фігуруе Андрэй Гроцкі.
Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў Быстрыцкае староства ўвайшло ў склад Віленскага павета.
З 2-й паловы XVII і цягам усяго XVIII ст. Быстрыца як і раней цэнтр староства, якое ўвесь гэты час трымалі ад караля Бжастоўскія.
Станам на 1612 год у Быстрыцы 56 двароў. Паводле інвентара 1624 года, у цэнтры мястэчка размяшчалася Рыначная плошча, ад якой адыходзілі тры вуліцы — Папоўская (на ёй стаяў касцёл, што даў назву вуліцы), Трокская і Віленская; агулам у мястэчку было 72 мяшчанскія дамы. Войтам Быстрыцы быў Юргель Навіковіч.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Быстрыца ў складзе Расійскай імперыі — цэнтр Быстрыцкай воласці Віленскага павета, дзяржаўная ўласнасць.
У 1851 годзе у Быстрыцы адкрыта сельскае вучылішча, дзе вучылася 47 вучняў, пры вучылішчы была бібліятэка (204 кнігі). У 1861 годзе ў казённым мястэчку Быстрыца — 33 двары, 247 жыхароў, на працягу года праходзілі 4 кірмашы. У 1865 годзе Быстрыцкі Крыжаўзвіжанскі касцёл перадалі пад праваслаўную царкву. Станам на 1886 год у мястэчку дзейнічала народнае вучылішча, прытулак, крама, 2 карчмы.
У 1-ю сусветную вайну Быстрыцу занялі нямецкія войскі. У 1918—1926 гадах будынак касцёла вернуты каталікам і рэканструяваны па першапачатковым прызначэнні. З кастрычніка 1920 года мястэчка ўваходзіла ў склад Сярэдняй Літвы, а з 1922 года — міжваенннай Польскай Рэспублікі.
У 1939 годзе Быстрыца ўвайшла ў БССР, з 12.10.1940 года — цэнтр Быстрыцкага сельсавета Астравецкага раёна. У 2-ю сусветную вайну з чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 года мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
З 17 студзеня 1969 года[2] (пасля пераносу цэнтра сельсавета ў Трокенікі) да 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Трокеніцкага сельсавета[3].
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

- XIX стагоддзе: 1880 — каля 103 чал.[4]
- XX стагоддзе: 1901 — каля 405 чал.; 1971 — 295 чал., 91 двор; 1990 — 251 чал., 86 двароў[5]
Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]
У Быстрыцы працуе няпоўная сярэдняя школа.
Славутасці[правіць | правіць зыходнік]
- Касцёл Узвышэння Святога Крыжа (1760—1761)
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Рашэнне выканкома Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 17 студзеня 1969 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1969, № 9 (1239).
- ↑ Решение Гродненского областного Совета депутатов от 26.02.2013 N 224 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Островецкого района Гродненской области Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ Bystrzyca // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. S. 510.
- ↑ Валерый Шаблюк. Быстрыца // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 143.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гродзенскага раёна / Рэдкал. У. П. Верхась і інш. — Мн., 1993.
![]() |
Быстрыца (Астравецкі раён) на Вікісховішчы |
---|