Бюст Францыска Скарыны (Кішынёў)
Помнік | |
Бюст Францыска Скарыны | |
---|---|
47°01′10,98″ пн. ш. 28°49′19,32″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Горад | Кішынёў |
Скульптар | Гэнік Лойка |
Архітэктар | Віталь Арабей |
Дата пабудовы | 2018 год |
Бюст Францыска Скарыны — помнік у Кішынёве, сталіцы Малдовы. Размешчаны на скрыжаванні вул. Аляксея Мацяевіча і мітрапаліта Бэнулеску-Бадоні[1], насупраць Пасольства Беларусі ў Малдове. Устаноўлены ў 2018 года ў гонар беларускага асветніка і гуманіста Францыска Скарыны.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
У ліпені 2017 года ў конкурсе эскізаў канцэпцыі помніка Францыску Скарыну ў Кішынёве перамог беларускі скульптар Гэнік Лойка. Ягоную заяўку прафесійнае журы прызнала найлепшай з 9 прэтэндэнтаў. Конкурс праводзіўся Міністэрствам культуры Беларусі, ягоная мэта — увасабленне найбольш выразнага вобразу беларускага першадрукара[2][3].
Бюст быў выраблены ў Беларусі і ўсталяваны ў Кішынёве ў рамках праекта, зацверджанага Міністэрствам адукацыі, культуры і даследаванняў Малдовы. Расходы на распрацоўку праектнай дакументацыі па ўстаноўцы бюста, выкананні і мантажы, а таксама на добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, былі пакрыты за кошт сродкаў Рэспублікі Беларусь і ахвяраванняў[4][5]. Лойка меў на мэце стварыць манументальны твор вышынёй тры метры, але яго абмежавалі ўдвая меншымі памерамі, а першапачатковую суму, 150 тысяч беларускіх рублёў, якую павінны былі выдаткаваць на выраб помніка, зменшылі ў 10 разоў[6].
Урачыста адкрыты 18 красавіка 2018 года. На цырымоніі прысутнічалі міністр адукацыі, культуры і даследаванняў Малдовы Моніка Бабук[en] і міністр культуры Беларусі Юрый Бондар, які знаходзіўся ў краіне з афіцыйным візітам[4]. У сваім выступленні Моніка Бабук адзначыла, што гэта падзея зробіць істотны ўнёсак ва ўмацаванне культурных сувязяў паміж Малдовай і Беларуссю[4]. Юрый Бондар у сваю чаргу адзначыў, што «асоба Францыска Скарыны мае выключнае значэнне для гісторыі і культуры Беларусі. З яго імем звязаны традыцыі, дзякуючы якім мы адчуваем гонар за сваю краіну, народ і яго славутую гісторыю»[5].
Сам скульптар заявіў, што адмовіўся ад паездкі на адкрыццё помніка, бо замест імя Францішак, якое, на ягоную думку, уласцівае беларускаму напісанню, на помніку было змешчана імя Францыск[6].
Апісанне[правіць | правіць зыходнік]
Бронзавы бюст Францыска Скарыны ўпрыгожаны выявай «скарынаўскага герба», які беларускі першадрукар змяшчаў у кожнай са сваіх кніг, і дэкараваны ручніком — сімвалічнай рэччу ў традыцыях беларускага і малдаўскага народаў[5].
Зноскі
- ↑ У Кішынёве адкрылі бюст Скарыны ФОТАФАКТ
- ↑ Помнік Францыску Скарыну ў Кішынёве будзе ўсталяваны ў лістападзе. Звязда (24 ліпеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 2 жніўня 2017. Праверана жніўня 2017.
- ↑ Помнік Францыску Скарыну ў Кішынёве будзе ўстаноўлены ў лістападзе. БЕЛТА (24 ліпеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 2 жніўня 2017. Праверана 2 жніўня 2017.
- ↑ 4,0 4,1 4,2 В Кишиневе открыт бюст прославленного белорусского просветителя
- ↑ 5,0 5,1 5,2 Бюст Франциска Скорины открыт в Кишиневе
- ↑ 6,0 6,1 Вось такая яна — беларуская прынцыповасць