Перайсці да зместу

Бёрда (ткацтва)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бёрда ручнога ткацкага станка
Сучаснае бёрда

Бёрда, бярдо (фінск.: pirta, kaide, piirta, piirto, руск.: бёрдо, укр.: бердо, балг.: бърдо, сербахарв.: бр̏до, славенск.: brdȯ, славацк.: brdo, чэшск.: brdo, польск.: bardo) — адно з асноўных рабочых прыстасаванняў ткацкага станка, частка набіліц. Mae выгляд грэбня з вузкімі металічнымі пласцінкамі, замацаванымі ў драўляных або металічных планках. Служыць для раўнамернага размеркавання ніткі асновы, якая праходзіць паміж пласцінкамі па шырыні тканіны і для ўшчыльнення нітак утку — шляхам падбівання адной да адной, што дазваляе ткаць шчыльнае і сіметрычнае адносна цэнтру палатно. Бёрда не варта змешваць з нітамі (рэмізкай)  (макед.) — прыладай для ўтварэння зеву ў нітках асновы.

Археалагічныя матэрыялы сведчаць пра тое, што ўжо ў старажытнасці (X — XIII стагоддзе) сустракаліся шырокія (да 1 м) бёрды[1]. Вядомае са старажытных часоў: беларускае слова «бёрда» паходзіць ад праслав.: *bьr̥do. Спачатку бёрда мела выгляд простай дошчачкі, якой ушчыльнялі нітку ўтку, пасля яно набыло форму грэбня, а яшчэ пазней — сучаснага берда з двума рамкамі. Гістарычна бёрда выраблялі са сцёблаў трыснягу[2][3] (гэта пакінула адбітак у англійскай тэрміналогіі: англ.: reed азначае як «трыснёг», так і «бёрда», падобна і ў беларускай мове зубцы бёрда называлі тросць, трысцё, трасціны, трасцінкі, трастка або пруцікі[4][5][6]). Захаваліся звесткі, што на Беларусі бёрды рабілі з клёну[6]. Сучасныя бёрды вырабляюць са сталёвага нержавеючага дроту, сплясканага вальцаваннем  (укр.)[7].

Звычайна бёрда ўяўляе сабой плоскую дошчачку з некалькімі дзясяткамі вертыкальных шчылін-зубцоў. Зубцы вырабляліся з падабенства дранкі (тонкіх драўляных трэсак), аднолькавай таўшчыні і правільнай формы, змацаваных на канцах з дапамогай палачак, даўжыня якіх была роўная даўжыні бярда. Яны былі размешчаны на аднолькавай адлегласці адзін ад аднаго, роўнай таўшчыні ніткі, якая выкарыстоўвалася для асновы. Бёрда ўстаўляецца ў паглыбленне ніжняга бруска набіліц і прыціскаецца зверху верхнім бруском. Паміж зубцамі бёрда праходзяць ніткі асновы. Сама планка, у якую ўстаўляюцца трысцінкі бёрда, звалася абердзіца, бердзіца[8], або бердзік[9]

Бёрды сучасных станкоў усталёўваюцца ў верхняй частцы набіліц, фіксуюцца прыціскной планкай са шрубамі. Ад частаты размяшчэння зубоў (ад 2,5 да 40 зубоў на 1 см) залежыць шчыльнасць асновы, то ёсць лік нітак на адзінку шырыні тканіны.

Даўжыня планак бёрда залежыць ад тыпу тканін і тыпу станка. У берда механізаванага баваўнянага станка іх даўжыня складае каля 90 мм[10].

Бёрдам ушчыльняюць уточную нітку: пасля пракладкі утку праз зеў нітак асновы майстар цягне раму набіліц на сябе, прыбіваючы зубцамі бёрда ўточную нітку да пракладзенай раней. У механічных станках рухі набіліц ажыццяўляюцца аўтаматычна, з дапамогай далучаных да валу шатуноў (прымяняюцца таксама кулісны, эксцэнтрыкавы і кулачковы механізмы).

  • У бёрда кідаюць, ды з бёрда не вынімаюць — не ўсё зробленае можна зрабіць нанова[11].
  • у бёрда кідаюць ды ніткі счытаюць — у многіх справах патрэбны дакладны падлік[12].
  • як у бёрда — моцна кашляць[13].
  • не ўсё ў бердзе — размоўны выраз пра дурнаватага чалавека з дзівацтвамі[14]

Майстар па вырабу бёрдаў называўся бёрдачнік, бёрдашнік, бярда́шнік, бярдзе́чнік або берднік[15].

  1. Левинсон-Нечаева М. Н. Ткачество // Очерки по истории русской деревни X—XIII вв. Труды ГИМ, 33, — М., 1959. С. 77
  2. «Reed.» The Oxford English Dictionary. 2nd ed. 1989.
  3. The Mechanism of Weaving - Thomas William Fox - Google Books(недаступная спасылка). web.archive.org (14 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 14 сакавіка 2017. Праверана 17 верасня 2024.
  4. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча (1984). Том 4. П-С. Ю. Ф. Мацкевіч
  5. Палескі слоўнік: Лельчыцкі раён (2000). І. М. Кучук, А. К. Малюк
  6. а б Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча (1986). Том 5. С-Я. Ю. Ф. Мацкевіч
  7. Weave - Wendy Cartwright - Google Books(недаступная спасылка). web.archive.org (14 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 14 сакавіка 2017. Праверана 17 верасня 2024.
  8. Слоўнік гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі (1990). Том 1. А-П. Е. С. Мяцельская
  9. Слоўнік гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі (1990). Том 1. А-П. Е. С. Мяцельская
  10. Ring frames ; Cotton mules ; Twisters ; Spoolers ; Beam warpers ; Slashers ... - International Textbook Company, International Correspondence Schools - Google Books(недаступная спасылка). web.archive.org (14 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 14 сакавіка 2017. Праверана 17 верасня 2024.
  11. Народнае мудраслоўе (2002). Г. Ф. Юрчанка
  12. Народнае мудраслоўе (2002). Г. Ф. Юрчанка
  13. Народнае мудраслоўе (2002). Г. Ф. Юрчанка
  14. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем (1991). З. Ф. Санько
  15. Чалавек. Тэматычны слоўнік (2006)
  • Бёрда // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 136. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
  • Бежкович А. С. [и др.] Хозяйство и быт русских крестьян. — М.: Советская Россия, 1959. — с.98.
  • Восточно-славянский этнографический сборник. — М.: Изд-во АН СССР. — Лебедева Н. И. Прядение и ткачество восточных славян в XX в. — Т.30. — С.516.
  • Vuorela T. Kansatieteen sanasto. — SKS. — Helsinki, 1964. [Этнографический словарь] — с.155.