Перайсці да зместу

Вавілонская вежа

Неправераная
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карціна «Вавілонская вежа», Пітэр Брэйгель Старэйшы (1563)

Вавілонская вежа (іўр.: מיגְדָּל בָּבֶל Мігда́ль Ба вель) — легендарная вежа, якой прысвечана біблейскае паданне, выкладзенае ў 11 главе кнігі Быццё (Быц. 11:1-11:9). Паводле гэтага падання, да Сусветнага патопу чалавецтва было прадстаўлена адным народам, які размаўляў на адной мове. З усходу людзі прыйшлі на зямлю Сенаар (у ніжнім цячэнні Тыгра і Еўфрата), дзе вырашылі пабудаваць горад названы Вавілонам і вежу вышынёй да нябёсаў, каб «зрабіць сабе імя». Будаўніцтва вежы было спынена Богам, які стварыў новыя мовы для розных людзей, з-за чаго яны перасталі разумець адзін аднаго, не маглі працягваць будаўніцтва горада і вежы і рассеяліся па ўсёй зямлі. Такім чынам, гісторыя пра Вавілонскую вежу тлумачыць з'яўленне розных моў пасля Сусветнага патопу.

Рэканструкцыя зікурата Этэменанкі

Шэраг вучоных-біблеістаў прасочвае сувязь легенды пра Вавілонскую вежу з будаўніцтвам у Двурэччы высокіх веж-храмаў, якія зваліся зікуратамі. Вяршыні вежаў служылі для адпраўлення рэлігійных абрадаў і астранамічных назіранняў.

Самы высокі зікурат (вышынёй 91 м, адна прамавугольная ступень і сем спіральных — усяго 8) знаходзіўся менавіта ў Вавілоне. Ён зваўся Этэменанкі, што азначае «дом, дзе сыходзяцца нябёсы з зямлёю». Невядома, калі менавіта было распачата будаўніцтва гэтай вежы, але яна ўжо існавала падчас кіравання Хамурапі (1792—1750 да н.э.). Асірыйскі цар Сінахерыб у 689 г. да н.э. разбурыў Вавілон, гэты ж лёс чакаў і Этэменанкі. Зікурат быў адноўлены Навухаданосарам II[1]. Яўрэі, якія былі гвалтоўна пераселены Навухаданосарам у Вавілон пасля знішчэння Іўдзейскага царства, пазнаёміліся з культурай і рэлігіяй Двурэчча і, несумнеўна, ведалі пра існаванне зікуратаў.

Сама ж вежа руйнавалася і рэканструявалася некалькі разоў[2]. Толькі пасля апошняй і самай буйной рэканструкцыі падмурак вежы дасягнуў шырыні 90 м пры такой жа вышыні збудавання. Падлікі дазваляюць гаварыць пра тое, што для ўзвядзення гэтай вежы было выкарыстана каля 85 млн цэглы. Манументальная лесвіца вяла да верхняй платформы вежы, дзе знаходзіўся ў двухпавярховы храм. Вежа была часткай храмавага комплексу, які размяшчаўся на берагах ракі Еўфрат. Знойдзеныя археолагамі гліняныя таблічкі з надпісамі дазваляюць сцвярджаць, што кожная секцыя вежы мела сваё адмысловае значэнне. Тыя ж таблічкі даюць інфармацыю пра рэлігійныя рытуалы, якія адпраўляліся ў гэтым храме.

Выяўленчае мастацтва

[правіць | правіць зыходнік]

Сюжэт пра Вавілонскую вежу распаўсюджаны ў хрысціянскай іканаграфіі — у шматлікіх мініяцюрах, рукапісных і друкаваных выданнях Бібліі (напрыклад, у мініяцюры англійскага рукапісу XI стагоддзя); а таксама ў мазаіках і фрэсках сабораў і цэркваў (напрыклад, мазаіка сабора Сан-Марка ў Венецыі, канец XII — пачатак XIII ст.).

У еўрапейскім жывапісе найбольш знакамітай карцінай на гэты сюжэт з'яўляецца палатно Пітэра Брэйгеля Старэйшага «Вавілонскі гармідар» (1563). Больш стылізаванае геаметрычна збудаванне намаляваў М. Эшэр на гравюры 1928 года.

  1. ↑ Бузескул В. П. Открытия XIX и начала XX века в области истории Древнего мира. — Петроград, 1923. — Ч. 1. — 122 с.
  2. ↑ Краснова О. Б. Энциклопедия искусства Древнего мира. — М., 2002. — 265 с. (стр. 67)