Перайсці да зместу

Зікурат

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Зікурат у Уры (Паўднёвы Ірак), сучасны выгляд

Зікура́ткультавае збудаванне, характэрнае для старажытных Месапатаміі і Ірана.

Зікурат уяўляў сабою масіўную шмат'ярусную ступеністую канструкцыю, якая складалася з некалькіх паралелепіпедападобных суцэльных платформаў, звязаных лесвіцамі і пандусамі. На платформе верхняга яруса ўзводзіўся храм. Унутры верхняга яруса меліся памяшканні для жрацоў і, магчыма, іх слуг. Найлепш вывучаныя зікураты Месапатаміі. Яны будаваліся з сырой глінянай цэглы, арміраваліся трыснягом, звонку абкладваліся абпаленай цэглай, упрыгожваліся рознымі колерамі.

У нізіннай мясцовасці зікураты выглядалі як штучныя ўзвышшы, адкуль і паходзіць іх назва (у старажытнасеміцкіх акадскай, вавілонскай, асірыйскай мовах гэтае слова звязана з паняццямі "узвышша" і "вяршыня"). Каля зікуратаў узводзіліся іншыя культавыя пабудовы. Вакол іх раслі гарады. Падчас паводак і ваенных дзеянняў збудаванні маглі разбурацца, таму іх стала паднаўлялі і перабудоўвалі.

Першая вядомая пісьмовая ўзгадка пра зікураты была астаўлена Герадотам. Археолагамі яны пачалі даследвацца толькі ў XIX ст. У большасці выпадкаў верхнія тэрасы і храмавыя пабудовы не захаваліся, таму рэканструкцыя звычайна абапіраецца на пісьмовыя крыніцы.

Першыя шматступенныя збудаванні пачалі ўзводзіцца на поўдні Месапатаміі шумерамі ў канцы IV тысячагоддзя да н. э. У гэтай сувязі выказвалася думка, што іх першасным прызначэннем з’яўлялася абарона храмаў ад рэгулярных паводак, характэрных для міжрэчча Тыгру і Еўфрату. Аднак былі знойдзены зікураты, якія будаваліся прыкладна ў той жа час на Іранскім плато, дзе паводкі здараюцца рэдка, і, напрыклад, сіялкскія зікураты месцяцца на вяршынях узгор'яў. Такім чынам, незвычайная форма шматступенных збудаванняў тлумачыцца рэлігійнай функцыяй сувязі зямлі і неба. З самага пачатку зікураты з’яўляліся не толькі культавымі, але і адміністрацыйнымі цэнтрамі.

Традыцыя будавання зікуратаў таксама вядома ў Акадзе, Вавілоне, Асірыі і Эламе. Найвялікшым лічыцца зікурат Этэменанкі ў Вавілоне. Відавочна, ён стаў правобразам біблейскай Вавілонскай вежы.