Валянціна Мікалаеўна Пашкевіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Валянціна Мікалаеўна Пашкевіч
Дата нараджэння 5 лютага 1916(1916-02-05)
Месца нараджэння
Дата смерці 2004
Месца смерці
Род дзейнасці педагог, лексікограф, грамадскі дзеяч
Альма-матар
  • Універсітэт Стэфана Баторыя[d]

Валянціна Мікалаеўна Пашкевіч, у дзявоцтве Жукоўская (5 лютага 1916, Казельск, Калужская губерня — 2004) — беларускі педагог, лексікограф, грамадска-культурны дзеяч беларускай дыяспары ў Канадзе.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў беларускай сям'і з Пружанаў, якая ў час Першай сусветнай вайны апынулася ў бежанстве ў Расіі. У 1919 г. вярнулася з бацькамі на радзіму. У Пружанах на выдатна скончыла польскую сямігодку, а затым гімназію гуманістычнага тыпу імя Адама Міцкевіча. У 1935 г. паступіла на класічны факультэт Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні, стала сяброўкай Беларускага студэнцкага саюза, дзе выконвала абавязкі скарбніка. Пасля двух гадоў вучобы перавялася на фізіка-матэматычны факультэт. У 1939 г. пры садзейнічанні вядомай асветніцы Кацярыны Стаўбуннік пачала выкладаць беларускую мову ў былой польскай гімназіі і на курсах для настаўнікаў.

У 1944 г. вымушана выехаць у Германію. Аказалася ў лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце. Выкладала ў беларускай гімназіі фізіку, з'яўлялася сцяжной беларускага жаночага скаўтынгу. З ліпеня 1949 г. — у Таронта (Канада). У 1950 г. на другім з'ездзе Згуртавання беларусаў Канады выконвала абавязкі сакратара. Выйшла замуж за Міхася Пашкевіча. У 1950—60 гг. — арганізатар і кіраўнік беларускага танцавальнага ансамбля. Пасля арганізуе і 15 год кіруе беларускай суботняй школай пры царкве Св. Ефрасінні Полацкай у Таронта.

Склала «Першую чытанку пасьля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў» (Кліўленд, 1968). Яна аўтар англамоўнага падручніка «Беларуская мова = Fundamental Byelorussian». Таронта, 1974. Т. 1; 1978. Т. 2) — адзінага сістэматычнага і найбольш поўнага курса беларускай мовы за межамі Беларусі. Падручнік абапіраецца на правапіс Б. Тарашкевіча з пазнейшымі ўдакладненнямі, прынятымі на эміграцыі пад уплывам Я. Станкевіча і А. Адамовіча. Падрыхтавала вялікі (каля 50 тыс. слоў) «Ангельска-беларускі слоўнік». Апублікавала артыкул «Навучаньне беларускае мовы ў англямоўным асяродзьдзі» (1983).

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 654 с. ISBN 5-85700-126-9.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (Т. 12).