Верхні замак (Кобрын)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Верхні замак — частка Кобрынскага замка, якая ўяўляла сабой чыста абарончы комплекс. У XVI ст. быў умацаваны глыбокім дугападобным ровам, кальцавым валам, клецевымі канструкцыямі.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Верхні замак з'яўляўся абарончым комплексам і быў круглы ў плане, дыяметр яго складаў каля 56 м. Яго сцены-гародні не запаўняліся зямлёй і каменнем, а выкарыстоўваліся як гаспадарчыя памяшканні (каморы); наверсе былі баявыя галерэі з абламамі, накрытыя двухсхільнымі дахамі з драніцы. Злучаўся з Ніжнім замкам брамай, у верхнім ярусе якой былі дзве святліцы. З процілеглага боку знаходзілася другая брама. Акрамя брам замак меў яшчэ чатыры баявыя вежы, накрытыя шатровымі гонтавымі дахамі. Вежы размяшчаліся рэгулярна па ўсяму перыметру замка, паміж імі стаяла ў сярэднім па пяць гародняў. Праз вежу, браму і пад'ёмны мост праз роў злучаўся з «прыгародкам».

Характэрна, што ў Верхнім замку ніякай іншай забудовы, акрамя брам, веж і гародняў, не было. У інвентары толькі згадваецца жылы будынак, накрыты гонтавым дахам. Вонкавая крывалінейная лесвіца («крывы ўсход») вяла да кансольнай галерэйкі. З яе траплялі ў сенцы, якія з'яўляліся адначасова і трапезнай: тут стаялі сталы, лавы, каміны. Наверх да другіх сенцаў вяла лесвіца, абапал якой размяшчаліся святліцы з кафлянымі грубкамі і лавамі ўздоўж сцен. Можна меркаваць, што гэты будынак, як і святліцы над брамай, з'яўляўся жыллём замкавага гарнізона.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.
  • Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI cт. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : iл.