Перайсці да зместу

Сакора

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Востраў Сакора)
Сакора
ісп. Socorro
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча132 км²
Насельніцтва51 чал.
Шчыльнасць насельніцтва0,39 чал./км²
Размяшчэнне
18°47′04″ пн. ш. 110°58′30″ з. д.HGЯO
АрхіпелагРэвілья-Хіхеда
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Сакора (Мексіка)
Сакора
Сакора
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сако́ра (ісп.: Socorro) — найбуйнейшы востраў у групе астравоў Рэвілья-Хіхеда. Адміністрацыйна належыць да мексіканскага штата Каліма. Плошча — 132 км². Насельніцтва — 51 (2005 г.), сезонна павялічваецца да некалькіх сот чалавек.

Карта

Востраў Сакора — самы вялікі ў групе астравоў Рэвілья-Хіхеда. Знаходзіцца ў 580 км ад бліжэйшага ўзбярэжжа Мексікі, у 1241 км на захад ад горада Мехіка, у 11034 км на паўднёвы захад ад Мінска. Даўжыня — 16,4 км, найбольшая шырыня — 14,6 км.

Востраў Сакора мае вулканічнае паходжанне. Сфарміраваўся ў 3090 г. да н.э. +/- 500 гадоў. Вулкан Эверман узвышаецца на 1150 м над узроўнем мора і да нашых дзён з’яўляецца актыўным. Апошнія вывяржэнні адбыліся ў 1951 г. і 1993 г. Рэльеф схілаў вулкана спярэшчаны шматлікімі часовымі вадацёкамі. Яны напаўняюцца ў дажджлівы сезон і перасыхаюць падчас сухога надвор’я. Паўночны бераг скалісты. На поўдні вылучаюцца спадзістыя мясціны.

Клімат марскі трапічны. Сярэдняя тэмпература жніўня +27,5° С. Сярэдняя тэмпература студзеня +22 °C. Дзякуючы сваёй вышыні вулкан Эверман затрымлівае дажджавыя паветраныя масы, таму колькасць ападкаў дасягае 600—680 мм у год.

На невялікім па плошчы востраве Сакора існуе некалькі экалагічных рэгіёнаў. Нізкія ўзбярэжныя землі даволі засушлівыя, пакрытыя травяністай расліннасцю, хмызнякамі і кактусамі. Вышэй за 650 м клімат не вельмі спякотны, колькасць ападкаў даволі значная. Тут сустракаюцца дрэвы, пераважна фікусы, а таксама дзікія вішні, архідэі, марэнавыя і г. д. Бліжэй да вяршыні нізкая горная саванна зноў змяняецца травяністымі лугамі.

Першародная фаўна адрозніваецца вялікай колькасцю птушак, толькі 1 відам ігуан і сухапутным крабам. Багатая прыродная разнастайнасць характэрна для акіянічных вод, якія абмываюць берагі вострава. Іх насяляюць дэльфіны, акулы, скаты-матылькі, сезонна наведваюць кіты.

На Сакора шмат эндэмічных раслін і жывёл, але з-за ўздзеяння авечак, свінняў, трусоў і катоў, завезеных у мінулым чалавекам, у многіх мясцінах развілася эрозія, прышэльцы выціскнулі ці вынішчылі мясцовыя віды.

Востраў быў адкрыты ў 1533 годзе іспанскімі мараплаўцамі. У XIX стагоддзі наведаўся навуковымі экспедыцый, у тым ліку з удзелам Аляксандра фон Гумбальта (1811 г.). 24 студзеня 1868 года Сакора быў анексаваны Мексікай. У 1869 годзе на востраве пасялілася група выхадцаў з Аўстраліі і Канады, якія збіраліся займацца жывёлагадоўляй. Аднак каланісты хутка згубілі статак кароў, памерла некалькі чалавек. У выніку яны былі эвакуіраваны. На Сакора засталіся авечкі, што хутка распладзіліся і нават перажылі некалькі вывяржэнняў вулкана.

У 1957 годзе на Сакора была пабудавана ваенна-марская база, прычал і аэрапорт, якая ў нашы дні таксама выкарыстоўваецца ў навковых мэтах. Узімку насельніцтва базы павялічваецца за лік турыстаў і членаў сямей ваенных.

У 2008 годзе Сакора стаў цэнтрам біясфернага запаведніка Рэвілья-Хіхеда і быў унесены ў папярэдні спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.