Даўжыня 0,3—6 мм. Цела пляскатае, бяскрылае, укрытае валаскамі, шчацінкамі, шыпамі, бялява-жаўтаватае з бурымі або чорнымі плямкамі. Галава прадаўгаватая, брушка авальнае. Вочы рэдукаваныя або адсутнічаюць. Ротавы апарат колюча-сысучы з кручкамі. Ногі з учэпістымі кіпцюркамі.
Раздзельнаполыя. Адкладваюць да 300 яец. Самкі спецыяльным сакрэтам прыклейваюць яйцы (гніды) да валасоў, адзення або субстрату. Лічынкі развіваюцца праз 5—19 сутак. Жывуць 32—46 сутак.
Пераносяць узбуджальнікаў сыпнога і зваротнага тыфаў, ліхаманак, сібірскай язвы і іншых небяспечных хвароб. Знішчаюць вошай механічным, тэрмічным і хімічным спосабамі.