Выклічнік

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Выклі́чнік — часціна мовы, якая выражае розныя пачуцці, эмоцыі і валявыя пабуджэнні, але не называе іх.

Выклічнікі не маюць граматычных катэгорый, не падзяляюцца на марфемы, не з'яўляюцца членам сказа, граматычна не звязваюцца з членамі сказа.

Выклічнікі не адносяцца да самастойных часцін мовы, бо не маюць намінатыўнага (прадметнага) значэння і не з'яўляюцца службовымі часцінамі мовы, бо не выконваюць ніякіх службовых функцый, аналагічных функцыям прыназоўніка, злучніка, часціцы.

Выклічнікі з'яўляюцца выразным моўным сродкам, аднак значэнне многіх з іх выяўляецца толькі ў кантэксце, пры падтрымцы інтанацыі і слоў, якія падкрэсліваюць іх семантыку, дакладна называючы пачуцці, волевыяўленні.

Як адзначана ў ТСБМ, выклічнік а!, напрыклад:

1. перадае прыпамінанне, пазнаванне, здагадку, здзіўленне. — Здароў, Каўтун! — А, Андрэй, вось не пазнаў, браце, цемень, бачыш. Лынькоў… 2. Перадае прыкрасць, абурэнне, пагрозу, зларадства. — А, пакінь ты, — замахала… [Аўдоля] рукамі на Шуру. Крапіва… 3. Перадае жах, адчай, боль і пад. — А-а, — закрычаў, душачыся слязьмі… [Валодзька], — вазьміце! Мележ… 4. Перадае ўзмацненне эмацыянальнай выразнасці выказвання. — А таварышок, а паночак, а залаценькі, а не карайце ж вы хаця моцна яго [Сяргея], — загаласіла Рыпіна. Крапіва.

Выражаць самыя разнастайныя пачуцці могуць выклічнікі а!, ай!, ой!, ах!, ох!, о!, ого!, ну!, эй!, эх! і інш.

Некаторыя выклічнікі здольныя перадаваць толькі якое-небудзь адно значэнне. Напрыклад, выклічнік цыц выражае загад змоўкнуць, на табе — здзіўленне, расчараванне: «Цыц вы, гультаі, хопіць скардзіцца!» — зноў азваўся старшы" (М. Машара). «Жалоба па бацьку яшчэ не адышла, … а ён — на табе! На скрыпцы выігрывае» (Я. Купала).

У тэксце выклічнікі могуць выступаць як непадзельныя словы-сказы: Бывай! Дзень добры вам! Бывайце здаровы і шчаслівы! Вось табе і на!

Некаторыя выклічнікі служаць базай для ўтварэння новых слоў з дапамогай адпаведных афіксаў — дзеясловаў і назоўнікаў, што ўжываюцца звычайна ў размоўным стылі: ахаць, аханне, развойкацца, развохкацца, люляць, люлянне і інш.

Разрады выклічнікаў[правіць | правіць зыходнік]

  1. Эмацыянальныя — перадаюць душэўны стан чалавека, выражаюць яго станоўчыя і адмоўныя эмоцыі, а таксама даюць эмацыянальную ацэнку таму, што выклікае рэакцыю: э!, а!, о!, ого!, эх!, ах!, ох!, ух!, ой!, ай!, ат!, хм!, фэ!, ай-яй!, ура!, о божа!, божухна!, божа барані!, квіта!, вось табе і на!, дудкі!, от чорт!, к чорту!, брава!, біс! і інш. Яны выражаюць радасць, захапленне, здзіўленне, расчараванне, палёгку, пагарду, роздум, сумненне, недавер, знявагу, злосць, страх, спалох, спачуванне, незадавальненне, прыкрасць, папрок, пратэст і г. д.: О, якое цёплае, цёплае, цёплае мора (У. Караткевіч). Ах, добра! Ах, як добра! (М. Лынькоў). О, мой братка родны! Ой, мужык ты бедны! Усё жыццё галодны, худы, чорны, бледны (Я. Колас). «О, не, барані божа!» — горача прамовіў шчаслівы настаўнік (Я. Колас). Ай! нехта ідзе. Ён, ён, напэўна, ён! (Я. Купала). «Фэ! Брыдка вам!» — іх дзядзька журыць, а Уладзя толькі бровы хмурыць (Я. Колас). Адметнасцю выклічнікаў гэтага разраду з'яўляецца мнагазначнасць: яны могуць выражаць самыя разнастайныя пачуцці, нават супрацьлеглыя, і значэнне іх высвятляецца ў кантэксце. Напрыклад, выклічнік ах! можа выражаць захапленне, радасць: Ах, дзядуня, любы мой! Дудары тут шлі сягоння… Я к жа гралі! А-ё-ёй! (Я. Колас), можа перадаваць пачуццё гора, шкадавання або абурэння, гневу: «Ах, каб тут была мама!» — хлопчык азірнуўся назад, але мамы няма (В. Гарбук). «Ах ты, ёлупень стары!» — Баба Дзеда лае (К. Крапіва).
  2. Волевыяўленчыя (пабуджальныя, імператыўныя) — выражаюць валявыя імкненні — розныя адценні пабуджэння да дзеяння, загад, заклік, зварот: гэй!, ну!, марш!, цыц!, чш-ш!, пылі-пылі-пылі-пылі!, апсік! і інш. Сярод волевыяўленчых выклічнікаў можна выдзеліць:
    1. выклічнікі, якія выражаюць заклік, загад пачаць ці спыніць якое-небудзь дзеянне — стоп!, марш!, гайда!, цсс!, ша!, цыц!, но!, тпру! і інш.: «За мной! Галопам — маррш!» — скамандаваў Брандмайстар наш (К. Крапіва). Ну што ж? Далей, гайда далей за ўзгоркі тыя! (Я. Колас). Но, малы! Но, малы, каб табе брыдка!.. (Я. Колас). Ша! Ціха вы, не гаманіце! (Я. Колас);
    2. выклічнікі, якія выражаюць зварот да каго-небудзь, заклік адгукнуцца, звярнуць увагу — эй!, гэй!, ау!, агу!, алё! і інш.: Гэй, за намі, грамада! (Я. Колас). «Эй, Джулія!» — ціха паклікаў ён (В. Быкаў). Гэй, сябры мае! Дзе вы, родныя? (Я. Колас). «Алё-ё!» — [Антон] амаль крыкнуў злосна, раздражнёна (Б. Сачанка);
    3. выклічнікі, якія выкарыстоўваюцца з мэтай адагнаць ці падазваць жывёл, птушак — кыш!, псік!, кось-кось!, вуць-вуць! гуцё, гуцё, гуцё! і інш.: Нейкая жанчына маніць свіней. «Гуцё, гуцё, гуцё!» — крычыць яна (Б. Сачанка). А тут кот адкуль ні ўзяўся і пад локаць яму — тоўк! — «Псік, не лезь!» (Я. Колас);
    4. выклічнікі, якія ўжываюцца, каб супакоіць ці закалыхаць дзіця, — агу, а-а-а, люлі-люлі, баю-бай: Усё заснула ў цішыні, дык і ты хутчэй засні, люлі-люлі, баю-бай, спі, дзіцятка, засыпай (С. Грахоўскі).
  3. Моўнага этыкету — выражаюць прывітанне, развітанне, просьбу, падзяку, ветлівы зварот: здароў!, добры дзень!, выбачай(це)!, бывайце(це)!, калі ласка!, дабранач!, дзякуй і інш. Дзень добры, родная краіна, дзень добры, Беларусь мая! (М. Машара). Добрай ночы, зара-зараніца! (М. Багдановіч). Віця далікатна прапанаваў: «Дык, калі ласка, праходзьце далей…» (А. Якімовіч). Дзякую, галубка, дзякую. Няма калі мне сядзець (А. Макаёнак). Ну, бывайце, шчаслівага вам падарожжа!… (Б. Сачанка).

Выклічнікі паводле паходжання[правіць | правіць зыходнік]

  1. Невытворныя — сваім паходжаннем не звязаны з якімі-небудзь іншымі часцінамі мовы. Яны ўтвараюцца з аднаго галоснага гука або спалучэння некалькіх гукаў: о!, ах!, ну!, ого!, эге!. Гэтыя выклічнікі могуць поўнасцю ці часткова паўтарацца і ўтвараць цэлы гукавы комплекс (а-а-а!, ай-ай!, ай-яй- яй!, о-го-го!): «О-го-го, брат! — дзядзька кажа: — Цяпер зіма напэўна ляжа!» (Я. Колас). Марыля, гу! Гу-гу, Тацяна! (Я. Колас).
  2. Вытворныя — суадносяцца з пэўнымі часцінамі мовы. Яны ўтвараюцца ад слоў, якія страчваюць сваю намінатыўную функцыю і граматычныя прыметы, але набываюць выразную эмацыянальную афарбоўку. Напрыклад, ад назоўнікаў паходзяць выклічнікі божа!, жах!, бацюхны!, чорт!, глупства!, крышка!; ад дзеясловаў — бывай(це)!, прабач(це)!, дзякуй!, падумаеш!, плі!, памілуй!, прабачайце!; ад прыслоўяў — досыць!, ціха!; ад прыметнікаў — здароў!; ад займеннікаў — то-та! На базе ўстойлівых фразеалагічных спалучэнняў утварыліся выклічнікі вось табе і на!, вось яно што!, божа мой!, слава богу! чорта з два! і інш. Такім чынам, гэты разрад выклічнікаў папаўняецца ў выніку пераходу іншых часцін мовы ў выклічнікі.

Да вытворных таксама адносяцца і выклічнікі, запазычаныя з іншых моваў: біс! (з лац.), баста!, брава! (з італ.), алё! (з фр.), стоп! (з англ.), ура!, каюк!, айда!, каравул! (з цюркс.), марш! (з фр.), капут! (з ням.) і інш.

Набываючы ў сказе намінатыўнае значэнне, выклічнікі набліжаюцца да самастойных часцін мовы і выконваюць ролю розных членаў сказа: дзейніка, выказніка, дапаўнення, азначэння, акалічнасці: Ляцела ўпартае «алё» па правадах паштовых (М. Калачынскі). Там рыба — ого-го (Я. Маўр). У парканах шулы, як салдаты, стаяць у струнку, зухаваты, башлык высокі, шапкі новы, «ура!» гукнуць табе гатовы (Я. Колас). Чыстая вада, прытым у вялікай колькасці, нам ой-ой як патрэбна! (В. Вольскі).

Знакі прыпынку пры выклічніках. Дэфіс у выклічніках[правіць | правіць зыходнік]

  1. Выклічнік звычайна стаіць у пачатку сказа і аддзяляецца коскай: Ой, дачушка, дарагая… (Я. Колас).
  2. Калі выклічнік вымаўляецца з клічнай інтанацыяй, то пасля яго ставіцца клічнік, а наступнае слова пішацца з вялікай літары: Ну! Музыка саматужны, пакажыся, што за «грач» (Я. Колас).
  3. Калі пры выклічніку стаіць асабовы займеннік ты або вы, то знак прыпынку пасля выклічніка не ставіцца: Эх ты, шыр — прастор далёкі! (Я. Колас).
  4. Выклічнікі, утвораныя шляхам паўтарэння асноў, пішуцца праз дэфіс: ай-ай-ай, ха-ха, ах‑ах.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]