Перайсці да зместу

Злучнік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Злу́чнік — службовая часціна мовы, якая злучае аднародныя члены сказа, часткі складанага сказа ці цэлыя сказы.

Не скланяюцца, не спрагаюцца і не з’яўляюцца членамі сказа. Не маюць самастойнага лексічнага значэння, выражаюць сэнсавыя адносіны паміж сінтаксічнымі адзінкамі.

Паводле марфемнай структуры злучнікі бываюць:

  • невытворныя — непадзельныя марфалагічна і не суадносяцца са знамянальнымі часцінамі мовы: і, а, ды, бо, ці;
  • вытворныя — словаўтваральна звязаны са знамянальнымі часцінамі мовы: што, толькі, дый.

Паводле структуры вылучаюць злучнікі:

  • простыя: нібыта, калі, таму;
  • састаўныя: таму што, для таго каб, як быццам.

У залежнасці ад спосабу выкарыстання злучнікі дзеляцца на:

  • адзіночныя: а, але, затое;
  • паўторныя: і … і, або … або, ці … ці;
  • парныя: не столькі … колькі, калі … то, не толькі … але і.

Паводле функцыянальнага значэння адрозніваюць наступныя злучнікі:

  • злучальныя — звязваюць раўнапраўныя сінтаксічныя адзінкі:
    • спалучальныя: і, ды (= і), і … і, як … так і, колькі … столькі і;
    • супастаўляльныя (супрацiўныя): а, ды (= але), але, аднак, ж (жа), затое, а то, не тое што … а, не тое што … але;
    • пералічальна-размеркавальныя: ці, ці … ці, або, альбо … альбо, то … то, ці то … ці то, не то … не то;
    • градацыйныя: не столькі … колькі, не тое каб … а;
    • далучальныя: таксама, прытым, прычым;
  • падпарадкавальныя — звязваюць сінтаксічныя адзінкі, з якіх адна паясняе другую:
    • часавыя: калі, пакуль, толькі, ледзь;
    • умоўныя: калі, калі б, каб, раз;
    • прычынныя: бо, таму што, з-за таго што, ад таго што;
    • мэтавыя: каб, абы, з тым каб;
    • уступальныя: хаця, хоць, няхай, нягледзячы на тое што;
    • выніковыя: так што;
    • параўнальныя: як, быццам, нібы, як бы;
    • тлумачальныя (паясняльныя): што, каб, як бы, быццам бы, гэта значыць, а іменна.

У ролі злучнікаў бываюць і злучальныя словы — займеннікі і прыслоўі (які, дзе, што).

  • Злучнік // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. С. 93.
  • Н. В. Васильева. Союз // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: «Советская энциклопедия», 1990.