Перайсці да зместу

Віцебскдрэў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Віцебскдрэў
Заснаванне 1928
Сайт vitebskdrev.com

ААТ «Віцебскдрэў»беларуская дрэваапрацоўчая кампанія, размешчаная ў Віцебску.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1928 годзе (па іншай інфармацыі, у 1927 годзе[1]) у Віцебску быў створаны фанерны завод[2]. У 1944 годзе пачаў працу домабудаўнічы камбінат, у 1947—1948 гадах былі ўведзены ў эксплуатацыю лесапільны і сушыльны цэхі[1]. У 1960 годзе ўведзены ў эксплуатацыю цэх буйнапанэльнага домабудавання, у 1971 годзе пачаў працу цэх ДВП[1]. У 1966 годзе домабудаўнічы камбінат (ДБК) ператвораны ў дрэваапрацоўчы. З-за таго, што ў першыя пасляваенныя гады завод меў домабудаўнічы профіль, ён першапачаткова знаходзіўся ў падпарадкаванні органаў кіравання будаўніцтвам: да 1953 года завод уваходзіў у склад Галоўнага ўпраўлення індустрыяльнага домабудавання і вытворчых прадпрыемстваў Міністэрства будаўніцтва цяжкай індустрыі СССР, у 1953—1957 гадах — Міністэрства будаўніцтва СССР, у 1957—1973 гадах — у сістэму Міністэрства прамысловага будаўніцтва БССР. У 1973 годзе перададзены ў падпарадкаванне Міністэрству лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці БССР і адначасова ператвораны ў Віцебскае вытворчае дрэваапрацоўчае аб’яднанне, якое ў 1975 годзе пераўтворана ў вытворчае аб’яднанне «Віцебскдрэў»[3]. У 1988 годзе прадпрыемства было пераўтворана ў Віцебскае вытворчае дрэваапрацоўчае аб’яднанне «Віцебскдрэў» і перададзена Міністэрству будаўніцтва БССР, якое ў 1994 годзе пераўтворана ў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. У 1995 годзе прадпрыемства пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства, у 1995 годзе перададзена дзяржаўнаму канцэрну «Беллеспаперапрам»[4][2]. Асноўнымі відамі вырабленай прадукцыі на 1996 год з’яўляліся пліты ДВП і ДСП, скрыні, дзвярныя і аконныя блокі[2]. У 2011—2014 гадах будаваўся завод па вытворчасці пліт МДФ. У 2016 годзе «Віцебскдрэў» спыніў вытворчасць пліт ДСП[1].

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

Завод вырабляе пліты МДФ і ХДФ, ДВП, падлогавыя ламінаваныя пліты, дзверы, драўляныя вокны, піламатэрыялы, паддоны[5][1]. Прадпрыемства валодае магутнасцямі па перапрацоўцы 1000 м³ драўніны ў суткі[6].

З 2016 года завод уваходзіць у «Холдынг арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці» (з 2018 года — холдынг «Borwood»)[1]. У 2018 годзе прадпрыемства стала рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск»[7]. Па выніках 2018 года выручка прадпрыемства склала 42,8 млн рублёў (каля 21 млн долараў). Па гэтым паказчыку кампанія знаходзілася на 5-м месцы з дзевяці прадпрыемстваў холдынгу. Чыстая страта прадпрыемства ў 2018 годзе склала 16,1 млн рублёў (блізу 8 млн долараў)[8].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д е О предприятии. Архівавана з першакрыніцы 12 чэрвеня 2020. Праверана 12 чэрвеня 2020.
  2. а б в «Віцебскдрэ́ў». 226 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
  3. Открытое акционерное общество "Витебскдрев" Архіўная копія ад 4 чэрвеня 2019 на Wayback Machine на сайте «Архивы Беларуси» (Фондовый каталог государственных архивов Республики Беларусь)
  4. Открытое акционерное общество "Витебскдрев" Архіўная копія на Wayback Machine на сайте «Архивы Беларуси» (Фондовый каталог государственных архивов Республики Беларусь)
  5. Продукция. Архівавана з першакрыніцы 12 чэрвеня 2020. Праверана 12 чэрвеня 2020.
  6. Витебскдрев, ОАО. bellesbumprom.by. Архівавана з першакрыніцы 13 лістапада 2021. Праверана 15 лістапада 2021.
  7. "Витебскдрев" стал резидентом СЭЗ. Архівавана з першакрыніцы 12 чэрвеня 2020. Праверана 12 чэрвеня 2020.
  8. REFORM.by. Предприятия деревообработки получили за год 136,7 млн рублей чистого убытка (руск.). REFORM.by (10 мая 2019). Архівавана з першакрыніцы 16 чэрвеня 2020. Праверана 15 лістапада 2021.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]