Перайсці да зместу

Лясная прамысловасць Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Лясная прамысловасць Беларусі — сектар прамысловасці Беларусі, які забяспечвае перапрацоўку драўнянай сыравіны на розныя таварныя прадукты і вырабы, неабходныя гаспадарцы і насельніцтву.

У склад лесапрамысловага комплексу краіны ўваходзяць прадпрыемствы лесапільна-дрэваапрацоўчай прамысловасці, драўняна-плітнай, фанернай-запалкавай, цэлюлозна-папяровай, лесахімічнай і мэблевай. У больш шырокім сэнсе слова, акрамя вытворчага блока, ён уключае кадравы і навукова-праектна-інфармацыйны блокі, якія адказны за падрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі кадраў, за рашэнне задач навуковага, праектнага і інфармацыйнага абслугоўвання.

Лясная прамысловасць Беларусі мае працяглую гісторыю станаўлення і развіцця, сыходзячы сваімі каранямі ў Сярэднія вякі, калі на тэрыторыі беларускага краю пачалі фармавацца мануфактурныя вытворчасці па перапрацоўцы драўніны. Асновай развіцця былі айчынныя лясныя рэсурсы, якія паступова аднаўляліся ў працэсе лесавырошчвання. Баланс паміж вытворчасцю і выкарыстаннем драўніны ў лясной гаспадарцы ў савецкі перыяд быў парушаны. Штогадовае лесакарыстанне на працягу больш за 70 гадоў перавышала разліковую лесасеку, г. зн. норму лесакарыстання. У выніку ў лясах краіны склалася неспрыяльная ўзроставая структура лясоў, абмежаваліся памеры галоўнага лесакарыстання. Гэта ў сваю чаргу пацягнула за сабой зніжэнне эфектыўнасці лясной гаспадаркі.

Пачынаючы з 1960-х гадоў у Беларусі прымаліся намаганні па ўдасканаленні працэсу вытворчай структуры лесапрамысловага комплексу і развіццю вытворчасцей паглыбленай перапрацоўкі. Найбольш значныя поспехі былі дасягнуты ў вытворчасці драўнянастружкавых і драўнянавалакністых пліт. Вырасла таксама вытворчасць цэлюлозы і кардона. Аднак дадзеная тэндэнцыя не змагла істотна змяніць сітуацыю.

На 2005 год вядучае месца ў складзе лесапрамысловага комплексу займалі прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам». На іх долю прыпадала 70% перапрацоўкі ўсёй драўніны.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]