Перайсці да зместу

Гапон (паэма)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гапон
Hapon
Выданне
Выданне 1907 года
Жанр паэма
Аўтар Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання не пазней 1854
Дата першай публікацыі 1855
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

«Гапон» — вершаваная аповесць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якую сучасныя літаратуразнаўцы вызначаюць як паэму. Створана не пазней 1854 г. і з'яўляецца першым вялікім творам пісьменніка, напісаным цалкам на беларускай мове[1].

Кароткі змест

[правіць | правіць зыходнік]

Песня 1. У карчме весяліцца вясковы люд, п’юць гарэлку, танцуюць, спяваюць. З’яўляюцца войт з аканомам, вяселле спынілася, усіх апанаваў страх. Не спалохаўся толькі Гапон. Ён закрычаў, каб маладыя ўцякалі з хаты, бо ходзяць чуткі, «што некрутаў будуць браць». Хоць Гапон адчайна супраціўляўся, «яго, беднага, звязалі дый у калодкі скавалі».

Песня 2. У вялікім сяле стаялі хаціны дзвюх удоў, Усцінні і Грыпіны. У першай з іх быў сын Гапон, «горды, смелы, зух дзяціна», прыгожы і нават пісьменны. У другой — дачка Кацярына. і маткі, і дзеці думалі пра вяселле, ды ўмяшаўся аканом. Ён пачаў заляцацца да дзяўчыны, тая ж прыгразіла, што паскардзіцца Гапону. Аканому далажыў карчмар, што Гапон збіраецца ажаніцца з Кацярынай. Ён страшэнна раззлаваўся. Калі войт прывёў хлопца, то кінуўся да яго з кулакамі, каб не вольнічаў, «без двара ў сваты слаць». Гапон абразы не стрымаў і пан аканом вымушаны быў ратавацца ўцёкамі. Помсцячы, ён абылгаў Гапона перад пані і хлопца аддалі ў салдаты. Кацярыну «зазваў у двор», паставіўшы за мэту дабіцца ўзаемнасці. Дзяўчына не бачыць выйсця, плача і просіць Бога, «штоб акончыў цяжкі мукі». Выпадкова пачула галашэнні сіраты пані. Пачала пытацца, хто яе так пакрыўдзіў, і даведаўшыся праўду, прагнала аканома, а Кацярыну ўзяла «пакаёвай дзяўчынай». «Пані яе палюбіла, чытаць, пісаць навучыла».

Песня 3. Пайшоў пяты год, «Гапон на вайне як служыць, Кацярына па ім тужыць». У горадзе Магілёве ідзе набор у войска. Поруч з «ясным маршалкам», строгім панам з крыжамі (узнагародамі) на грудзях, «пузатым, быццам, мядзведзь, такім касматым», доктарам і тоненькім, хітрым пракурорам сядзіць малады прыгожы афіцэр. Першым перад камісіяй апынуўся былы аканом, які к гэтаму часу стаў аднадворным (набыў уласную гаспадарку). Доктар, агледзеўшы аканома, знайшоў ганьбу («Відна, з сабой яны зналісь, пярвей, відна, пастаралісь», — адзначаецца ў творы). Аканом усяляк жаліцца на свае здароўе. Малады афіцэр кінуўся да аканома. Загадаў здаць яго ў салдаты, адправіўшы спачатку ў лазарэт і праверыўшы яго хваробу. Перапалоханы аканом у афіцэры пазнаў Гапона. Песня 4. Кацярына ў пакоях пані знешне вельмі змянілася — «панску гаворку сумела і сукеначку надзела». Але яна не здрадзіла вясковаму жыццю, тужыць па ім, як і па каханаму. Аднойчы вечараму двор з’явіўся афіцэр. Ён кінуўся пані ў ногі з просьбай злучыць яго з каханай дзяўчынай. Кацярына, пазнаўшы Гапона, таксама прыпала да ног сваёй заступніцы. Гапон, хоць «чыноў дажыўся», вырашыў «простым звычаем, мужыцкім абычаем» гуляць вяселле. Ён пасылае сватоў да Агрыпіны. Пасля сватання (запоін), жаніх едзе да хаты нявесты, потым, разам з Кацярынкай — да пані, запрасіць на вяселле. Пані Прыгожы пасаг дала, Радасну слёзку ўраніла, Маладых благаславіла, Сама к вянцу павяла.

Ідэйны змест і сацыяльны напрамак

[правіць | правіць зыходнік]

У 1850-х гадах пісьменнік стварае паэму «Гапон» — самы спелы тыповы для яго стылю і мастацкай манеры перадрэформеннага перыяду твор. Паэма цалкам напісана добрай, каларытнай беларускай мовай, густа перасыпанай афарызмамі, прыказкамі і прымаўкамі, запазычанымі з жывой крыніцы сялянскага побыту. Пісьменнік не адкрывае новых даляглядаў на грамадскія адносіны паміж прыгоннымі і прыгоннікамі глядзіць тымі ж вачыма, што і аўтар «Сялянкі». Ён «меў на ўвазе правесці тую думку, — слушна падкрэслівае акадэмік Я. Карскі, — што паны добразычлівыя, а калі часам бываюць несправядлівыя ў адносінах да сваіх сялян, дык гэта таму, што яны ўводзяцца ў зман аканомамі… Паны таму павінны звяртаць сур’ёзную ўвагу на іх характар і маральнасць, бо аканомы злоўжываюць сваёй уладай і псуюць добрыя адносіны, існуючыя паміж рабочым людам і абшарнікамі». Дунін-Марцінкевіч быў у палоне сваіх утапічных поглядаў на гістарычны працэс развіцця грамадства, і лёс прыгонных не здаваўся яму такім трагічным. Пісьменнік імкнуўся давесці, што разумны, маральна вытрыманы, працавіты і здольны селянін заўсёды можа разлічваць на шчодрую ўзнагароду «ўладароў свету белага». «Дабрадзейства ўзнагароджваецца, зло караецца», — такі лейтматыў «Гапона», запазычаны з псеўдакласічнай літаратуры. Паэма мае яскрава выражаны дыдактычны характар, нягледзячы на многія рэалістычныя замалёўкі сялянскага побыту, звычаяў, на трапна схопленыя рысы характараў некаторых тыповых прадстаўнікоў прыгоннай вёскі.

Сюжэт паэмы нескладаны і ясны. Малады селянін Гапон закаханы ў Кацярыну, на якую заглядаецца і аканом. Аканом, абылгаўшы Гапона перад пані, дамогся, каб таго забралі ў рэкруты. Пані, выпадкова даведаўшыся пра крыўду Кацярыны, прагнала аканома і ўзяла дзяўчыну да сябе пакаёўкай, навучыла яе чытаць і пісаць. Між тым Гапон за некалькі гадоў стаў афіцэрам. Ён прысутнічаў на камісіі па наборы рэкрутаў, куды патрапіў і былы аканом, які спрабаваў ухіліцца ад службы. Гапон дабіўся, каб аканома здалі ў салдаты. Паэма заканчваецца вяселлем Гапона і Кацярыны[1].

Як баш нявесту прыбралі,
Да двара так паскакалі
Яснай пані чалом біць,
На вяселле папрасіць.
А пані — не пані, маці!
Маўляў роднаму дзіцяці,
Прыгожы пасаг дала,
Радасну слёзку ўраніла,
Маладых благаславіла,
Сама к вянцу павяла.

Урывак з паэмы

Аўтар паспрабаваў у творы паказаць умоўнасць сацыяльнага падзелу грамадства[1], паказаў барацьбу героя за асабістае шчасце, шырыню яго натуры, моцнае пачуццё чалавечай годнасці. У творы адлюстраваны і характэрныя сацыяльна-псіхалагічныя з'явы часу — нарастанне стыхійнага бунту сялян, трагедыя рэкрутчыны, маральны заняпад феадальнага грамадства.

Вобраз Гапона

[правіць | правіць зыходнік]

Высокія маральныя якасці характару Гапона, яго шчырасць і вернасць сваёй «сялянскай натуры» сцвярджаюцца паслядоўным развіццём сюжэта паэмы. Вобраз Гапона паказаны на рэалістычным фоне традыцыйных сялянскіх гулянак і ігрышчаў той эпохі, праз народны лад песні, танцы і разгульныя — у межах прыстойнасці — паводзіны, зухаватасць і весялосць. Гапон кідаецца ў шалёны вір танца пад «шум, крык і гоман сельскай дружыны». Ён не зважае на тое, што «гаспадары за сталом гучна гутарку вядуць, а ляндарка з лендаром мёд, гарэлку раздаюць». Яго не бянтэжаць таксама і «хлопцы, дзеўкі, маладзіцы», што «ля парога гаманяць», і «старыя чараўніцы», якія «цішком ля печы сядзяць».

— Ананія, рэж вясёлы! -

Крычыць громка наш Гапон,

Дый, сабраўшы ў світцы полы,

Мэрам хохлік, мэрам ён.

І нішто яго зараз не спыніць. Гарачая кроў пеніцца, і ён «то ўпрысядкі выкідаець, ажно стогнець пад ім пол, то галубца падбіваець, ажно трасецца хахол».

— Ах, ух! Давай жару,

Давай болі, давай пару! -

нястрымана «крычыць Гапон дый гуляець, пад скрыпачку падпяваець».

— Эх, чух, Кацярынка!

Чабоцікі красны;

Каму блішчаць, каго любяць

Твае вочкі ясны?..

Твае кудры ўюцца,

Скачыць, пляшыць мая міла,

Аж шчокі трасуцца.

Дунін-Марцінкевіч не хавае сваёй сімпатыі да закаханых. Ён імкнецца паказаць іх такімі, якімі яны ёсць у жыцці, у сваёй роднай стыхіі. Аўтару сапраўды нельга адмовіць у шчырасці і вернасці ідэалу станоўчага ў сялянскім побыце, — калі ён, дарэчы, бачыў яго не праз ружовыя акуляры шляхецкай псіхалогіі… Тады праўда жыцця перамагала, і пісьменнік не мог не надаць сваім героям з народа рэалістычныя рысы:

Хоць Гапон чыноў дажыўся,

Ды ведаў, з каго радзіўся,

Не хацеў прынараўляць

Панам, — а простым звычаем,

Ён мужыцкім абычаем

Задумаў вяселле сыграць.

Крыху раней, яшчэ перад адыходам у войска, ён таксама не хацеў прынараўляць панскаму паслугачу аканому, бясстрашна ўзняўшыся на яго з калом у руках у знак пратэсту супраць прымусу і няволі.

— Чаго ты тут прыскяпаўся?

Думаеш, баюсь я цябе! -

Гнеўна ўскрыкнуў Гапон на аканома, не зважаючы на яго сілу. -

Ах ты, маўляў, ваўкалака,

Здзекуешся тут над намі;

Сцеражыся ж ты, сабака!

Помні, што і мы з зубамі.

Паказам высокіх разумовых і маральных якасцей сваіх сялянскіх вобразаў, выяўленнем іх душэўнай чысціні і прыгажосці пісьменнік будзіў сімпатыі і павагу да простых людзей прыгоннай вёскі, сеяў добрае зерне спачування да іх чалавечай годнасці. Яму мроіліся бездакорныя, працавітыя і пакорлівыя тыпы сялян, свабодныя ад свавольства падпанкаў. І іх ідэал ён увасобіў у многіх сваіх дарэформенных творах, у тым ліку і ў вобразах Гапона і Кацярыны. Гапон, у адрозненні ад сваёй каханай, надзелены больш яркімі рэалістычнымі рысамі. Ён выйшаў менш рытарычным, з меншай доляй сентыментальнай расчуленасці. Гэтага нельга сказаць пра Кацярыну.

Вобраз Кацярыны

[правіць | правіць зыходнік]

Як мастацкі вобраз, Кацярына атрымалася слабейшай за Гапона, з большымі адзнакамі чыста знешніх рыс, чым высокіх яе маральных якасцей і псіхалагічных асаблівасцей. Хаця для Дуніна-Марцінкевіча яна спалучэнне самых светлых душэўных якасцей вясковай прыгажуні. Усімі даступнымі яму сродкамі мастацкага ўздзеяння аўтар імкнецца выклікаць да яе любоў і спачуванне. Дунін-Марцінкевіч жадае, каб і чытач бачыў яго гераіню ва ўсёй прыгажосці маральнай чысціні і дзявочай красы. Пісьменнік не дапускае, каб Кацярына не магла не выклікаць да сябе павагі і сімпатыі. У рытмічным танцы-песні яна «пяець, пляшаць, падбіваець, усяк вокам за ёй брыдзець, як ластаўка падплываець, ажно хочацца глядзець»… Раптам яна «на міленькага зірнула, хваць, спаднічку распусціла, тройчы запяткам падбіла».

Дробны ножкі выкідаець,

Чаравічкі скрыпяць,

А із вочак аж сіяець,

Быццам іскры ляцяць

Не дзіва, што Кацярына зачаравала і «добрую» пані. І калі пані даведалася пра здзекі аканома, хваляванне ахапіла яе, і яна «ўспляснула рукамі і залілася слязамі дый такі дала прыказ»;

— Каб пана аканома

Ні нагі тут каля дома

За гадзіну не было.

Бо аканом аднолькава шкодзіць і пану, і селяніну, сцвярджае аўтар.

Міф пра «дабрадзейную» пані

[правіць | правіць зыходнік]

Дзе ж выратаванне? У «ідэальным» пане, прататып якога, наперакор жыццёвай праўдзе, тэндэнцыйна выведзены ў «Гапоне» ў асобе «дабрадзейнай і ласкавай» прыгонніцы. Развітацца са сваімі утапічнымі поглядамі на сучасныя яму грамадскія адносіны паміж прыгоннымі і прыгоннікамі Дунін-Марцінкевіч не мог у перадрэформенны перыяд і заставаўся на сваіх старых пазіцыях. Яго ідэйныя перакананні не маглі не адбіцца адмоўна на мастацкім абліччы літаратурных вобразаў. Нягледзячы на многія іх станоўчыя, жыццёва праўдзівыя рысы, усе яны, за выключэннем аканома і, у значнай меры, Гапона, атрымаліся занадта дэкларацыйныя, з моцным налётам сентыментальнай расчуленасці. Сіла сапраўднага таленту Дуніна-Марцінкевіча выяўлялася тады, калі ён адыходзіў ад сентыментальных адносін да рэчаіснасці і набліжаўся да рэалістычнага мастацтва. Гэтая здаровая тэндэнцыя даволі яскрава выявілася ў творы «Гапон» у вобразе аканома.

Вобраз аканома

[правіць | правіць зыходнік]

Дуніна-Марцінкевіч не меў патрэбы прыхарошваць «панскіх паганцаў», бо ўжо вельмі балюча яны «даваліся ў знакі» беднаму люду. Ён адкрытымі вачыма глянуў на іх самавольства, здолеўшы знайсці ў лакейскай натуры падпанкаў тыповае і надаць яму жывыя, адухоўленыя рысы. У выніку і атрымаўся даволі яркі мастацкі тып панскага паслугача — тупога, абмежаванага мардабоя, настолькі ж зацятага, як і палахлівага. Яго партрэтная характарыстыка не пазбаўленая яркіх рэалістычных рысаў. І, што не менш важна, чыста знешнія асаблівасці аканома пераканаўча падкрэсліваюць яго душэўны стан, выяўляюць мізэрную псіхалогію і духоўнае ўбоства механічнай асобы, аслепленай сваёй ўладай.

Рыжы вусы аканомы

Шчэццю уверх паднялісь;

Зіркнуў скоса на Гапона,

Вочы кроўю налілісь,

Губы страшна пакрывіў,

Кнут у жмені аж трашчыць…

Нізкая, нікчэмная натура аканома нічога не ведае, акрамя аховы прыгонніцкіх парадкаў і антычалавечных звычаяў сваіх хлебадаўцаў. Ён гатовы «сцерці ў парашок» Гапона толькі за тое, што той не спытаўся ў пані дазволу ажаніцца з Кацярынай.

— Як ты смееш, воўча юха!

Без двара ў сваты слаць?..

Ось — я табе, уражы сыну,

Як адвешу сотні дзве,

То забудзеш Кацярыну,

Да забудзеш і сам дзе.

Гапон, як вядома, знайшоў у сабе сілу волі пастаяць за сябе, за свой гонар, і гэта было да густу пісьменніка, які не мог і на гэты раз адступіць ад жыццёвай праўды. Паядынкам Гапона з аканомам Дунін-Марцінкевіч перасцерагаў паноў, каб яны не пакідалі сялян на волю лёсу сваіх нядобрасумленных паслугачоў і не надта ім давяралі. Бо той жа аканом сваім парадкам, груба і зняважліва, працягваў заганяць на паншчыну, не спыняючыся нават перад пабоямі і цынічнымі пагрозамі.

Каб выявіць да канца гэтую абразлівую для народа праўду, пісьменнік свядома падкрэслівае: «А ўжо нечага маніць: доўга будзе памятаць. Калі возьмець драць і біць, то і з зямлі не ўстаць». Дунін-Марцінкевіч умеў «глянуць праўдзе ў вочы»: тады рэалістычны спосаб мыслення падказаў яму і такую, тыповую для прыгонніцкай рэчаіснасці, карціну, на фоне якой адбываліся ўсе гэтыя жахі, прымус і здзекі паноў і іх служак:

Вот ночка яшчэ цямненька,

Дожджык, як з сіта, прышчыць,

А войт даўным-даўнюсенька

Загад пад акном крычыць:

Хто пойдзе дровы рубаць,

Хто крупы таўчы і драць,

А хто цэпам малаціць,

Каму брагу калаціць.

Мастацкае майстэрства пісьменніка

[правіць | правіць зыходнік]

Узняцца да рэвалюцыйнага пратэсту супраць прыгонніцкіх парадкаў пісьменнік, як вядома, не мог. Але што яго ідэйна-творчае развіццё ўсё больш прыкметна схілялася да рэалізму, — відавочна. У «Гапоне» мы бачым рысы не толькі рэалізму (паказ сучаснасці, праўдзівыя карціны, узятыя з рэчаіснасці, матывацыя ўчынкаў герояў, увага да мастацкіх дэталяў), але і рамантызму (урыўкавасць кампазіцыі, навелістычны сюжэт, зварот да фальклору, пафас свабодалюбства), класіцызму (дыдактызм, адназначная характарыстыка персанажаў), сентыменталізму (узвышэнне простага чалавека, шчаслівы фінал, культ пачуццёвасці).

Старонка першага выдання, 1855 г.

Твор упершыню апублікаваны ў аднайменным зборніку паэзіі «Гапон», выдадзеным лацінскім шрыфтам у 1855 годзе ў Мінску. Другое выданне аповесці, здзейсненае таксама лацінскім шрыфтам у Санкт-Пецярбургу выдавецтвам «Загляне сонца і ў наша аконца» ў 1907 г[1].

Рукапіс аповесці, выкананы лацінскім шрыфтам, захоўваецца ў г. Торуні (Польшча) ва Універсітэцкай бібліятэцы. У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ёсць яго ксеракопія[1].

Лагатып Вікіцытатніка
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Гапон (паэма)