Перайсці да зместу

Загляне сонца і ў наша аконца

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пазнака выдавецкай суполкі

«Загля́не со́нца і ў на́ша ако́нца»[1] (арыгінальная назва «Загляне сонцэ и ў нашэ ваконцэ») — першая легальная беларуская выдавецкая суполка, існавала ў Санкт-Пецярбургу ў 1906—1914 (1916?) гадах.

Суполка выдавала кнігі кірыліцай і лацінкай, а сукупны наклад іх перавысіў 100 тысяч. Сярод выданняў творы беларускай літаратуры XIX ст., першыя беларускія падручнікі, сцэнічныя творы, дапаможнікі для гаспадароў, творы маладых аўтараў, паштоўкі. Адначасна выпрацоўваліся і прынцыпы правапісу беларускай мовы.

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]
Пачатак першага ліста В. Іваноўскага да А. Ельскага ад 24.2.1905 г. у справе арганізацыі беларускага кнігавыдання

Юрыдычнай падставай легальнай выдавецкай дзейнасці на беларускай мове быў выдадзены 12(25).12.1904 указ імператара Мікалая II, які скасоўваў ранейшыя абмежаванні ўжытку мясцовых моў у заходніх губернях Расійскай імперыі. Выкарыстаць гэту магчымасць вырашыў нядаўні выпускнік Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэхналагічнага інстытута Вацлаў Іваноўскі, які ўжо меў досвед нелегальнай выдавецкай дзейнасці падчас працы ў арганізацыях «Беларуская рэвалюцыйная партыя» і «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». У варунках, якія дазволілі развіваць пастаянную і значна шырэйшую выдавецкую дзейнасць, неабходны былі большыя сродкі і новыя супрацоўнікі. Вацлаў Іваноўскі ў 1905 годзе спрабаваў прыцягнуць да гэтай справы беларускіх памешчыкаў Аляксандра Ельскага і Эдварда Вайніловіча, але безвынікова[2]. Тым не менш вынік арганізацыйнай працы быў станоўчы: у студзені 1906 суполка налічвала 45 удзельнікаў.

Паштоўка А. Ельскаму ад выдавецтва, 1906 г.
Паштоўка А. Ельскаму ад выдавецтва, 1906 г.

Назва выдавецтва — гэта прымаўка, якая выражае надзею на лепшую будучыню. У канцы ХІХ ст. яна выкарыстоўвалася як слоган для нелегальных беларускіх выданняў, напрыклад: другі эпіграф у адозве народнікаў-«гоманаўцаў» «Письма о Белоруссии» (1882) Данілы Баравіка, а таксама выдання пад назвай «Дзядзька Антон» (Тыльзіт, 1892)[3].

Першы этап дзейнасці (1906—1909)

[правіць | правіць зыходнік]
Зборнік вершаў Янкі Купалы «Жалейка» (1908). Форзац

Дзейнасць арганізацыі распачалася з выдання ліста, у якім утрымліваўся заклік прыняць удзел у беларускай выдавецкай дзейнасці. Ліст быў набраны лацінкай, магчыма быў і кірылічны варыянт, але ён не захаваўся. З гэтым лістом-зваротам да розных асоб высылалі экзэмпляр Статута[4].

Левыя коскі Pieciarburh, 1906 hoda... miesica... dnia

Šanoŭny panie! Ŭsim, chto choć kryšku znajeć biełaruski narod (a jaho blizka waśmi z paławinaj milijonaŭ), Wiadoma jak patrebna dla jago drukawanaje słowa ŭ jago rodnaj movi.

Žminia ludziej dobraj acwoty, choczučy pomahčy hetamu pawedług sił swajich i možnaści, zrabili tawarystwa, katoraha ŭstaŭ wysyłajem pry hetym.

My ŭ Pieciarburhu biez pamocy z kraju nia mhoha čaho možem zrabić.

Dziela hetaha ŭdajomsia da Was, Šanoŭny panie, ci nia bylib Wy łaskawy pomahčy nam ci pracaj swajoj, ci hrašmi, zapisaŭšysia ŭ nas supolnikam.

Majem nadzieju, što prykład Pieciarburha nie astaniecca biez adzywu. Ciapier možna lehalna sklikać i złažyć razam šmat paraskidanych sił. Niechaj že hety siły nia zhinuć dla našaha kraju.

Biełaruskaja wydaŭnickaja supołka Zahlanie sonce i ŭ naše wakonce.

Adres: Pieciarburh, Wasilou wostrau,

4-aja linija d.45, kw. № 16.
Правыя коскі

Суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» была афіцыйна зарэгістравана ў маі 1906 года. Ва ўправу ўваходзілі В. Іваноўскі (старшыня), У. Сталыгва (сакратар), Б. Эпімах-Шыпіла, Ю. Іваноўскі, В. Валейка, С. Іваноўская, У. Калашэўскі. 5 мая 1906 года згаданыя асобы ўклалі да канца 1908 года натарыяльны дагавор, паводле якой неслі салідарную адказнасць за дзейнасць і абавязкі суполкі[5]. На практыцы амаль усе рэдакцыйныя працы выконвалі В. Іваноўскі і Б. Эпімах-Шыпіла, апошні перадаў на патрэбы суполкі частку сваёй кватэры. Кнігі друкаваліся ў польскай друкарні К. Л. Пянткоўскага кірыліцай і лацінкай, некаторыя паралельна двума шрыфтамі. Асноўная частка тыражу адпраўлялася на Беларусь[6].

Адна з выдадзеных паштовак выдавецтва. Дудар беларускі, з Дзісенскага павета, 1906. Фота Міхала Кусцінскага, да 1904 г.

У ліпені 1906 года выйшаў «Беларускі лемантар[заўв 1], або Першая навука чытання» (лацінскі варыянт) і серыя паштовак («Шчарсуны ўлетку», «Шчарсуны ўзімку», «Францішак Багушэвіч (Мацей Бурачок) — пясняр беларускі», «Вінцук Марцінкевіч — пясняр беларускі», «Мужыкі спад Пухавіч», «Торжышчэ ў Пухавічах», «Дзяўчаты спад Слуцка», «Парабковая дворная хата», «Дудар беларускі», «Янка Лучына (Іван Неслухоўскі), пясняр беларускі», «Вясковая баба Трыбужкоў», «Дом Тадэвуша Касцюшкі» ў Мерачоўшчыне, а праз некалькі тыдняў — кірылічны варыянт лемантара і «Першае чытанне для дзетак-беларусаў» Цёткі (у двух варыянтах). Трэці падручнік, «Гутаркі аб небе і зямлі», перакладзены з польскай мовы верагодна К. Кастравіцкім пры ўдзеле В. Іваноўскага[2], пакінуў друкарню на пачатку 1907 года. Да сакавіка 1908 года суполка выдала чатыры кніжкі пісьменнікаў XIX ст. у серыі «Народныя песняры» — «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» Ф. Багушэвіча, «Гапон» В. Дуніна-Марцінкевіча і пераклад дзвюх былін паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш». На пачатку 1908 выйшаў з друку першы зборнік вершаў Я. Купалы «Жалейка». Увесну 1908 плён выдавецкай дзейнасці складалі дзесяць кніжак і крыху больш за дзесяць паштовак.

Затым аж да восені 1909 суполка не выдала ніводнай кніжкі. На гэта паўплываў часовы ад’езд В. Іваноўскага ў Мюнхен, а таксама прэтэнзіі з боку царскай цэнзуры[2].

Другі этап дзейнасці (1909—1913)

[правіць | правіць зыходнік]

30 красавіка 1909 быў заключаны новы дагавор сяброў-заснавальнікаў. 3 ліку ранейшых членаў выбылі Б. Шыпіла і У. Калашэўскі, засталіся В. і С. Іваноўскія, Ю. Іваноўскі, У. Сталыгва, В. Валейка; з’явіліся новыя сябры: А. Трэпка-Неканда з жонкай, А. Грыневіч і Г. Ражноўскі. Адначасова суполка пераехала ў новае памяшканне. Актывы яе істотна павялічыліся, што стварыла магчымасці пашырэння выдавецкай дзейнасці. Кіраўніком выдавецтва застаўся В. Іваноўскі, а Ю. Іваноўскі стаў адказным рэдактарам[2].

У канцы 1909 ў Пецярбург быў запрошаны Я. Купала, які атрымліваў магчымасць для непасрэднага ўдзелу ў выданні ўласных новых твораў. Тут выйшла шэсць першых кніжак Я. Купалы: акрамя «Жалейкі» гэта былі «Адвечная песня», «Гусляр», «Сон на кургане», «Паўлінка» і «Шляхам жыцця» (асобныя з іх выдадзены ў выдавецтве А. Грыневіча, які распачаў самастойную выдавецкую дзейнасць).

Пачаўся ж другі этап дзейнасці суполкі з выдання ў жніўні-верасні 1909 кнігі В. Дуніна-Марцінкевіча «Вечарніцы». Амаль адначасова пад маркаю «Загляне сонца…» у Вільні выйшла кніга К. Дулебы «Як ратаваць уздутую жывёлу» (у перакладзе В. Іваноўскага), а ў студзені 1910 падручнік Я. Коласа «Другое чытанне для дзетак беларусаў», выдадзены разам з віленскім таварыствам «Наша хата». У сярэдзіне таго ж года выйшлі з друку адным томам творы Дуніна-Марцінкевіча «Шчароўскія дажынкі» і «Купала» з уступным артыкулам В. Іваноўскага «Вінцук Дунін-Марцінкевіч і яго жыццё». Гэта была адна з першых спроб паказу складанай фігуры гэтага пісьменніка і ацэнкі яго значэння для беларускай літаратуры. Выхадам кнігі серыя «Народныя песняры» была закончаная.

Апрача таго, у 1910—1912 суполка літаграфічным спосабам накладам 200 або 400 асобнікаў выдала рэпертуарную серыю сцэнічных твораў. У серыі выйшлі камедыі «Модны шляхцюк» К. Каганца (1910), «Сватанне» А. Чэхава ў перакладзе Н. Чарноцкага (1910), «Пашыліся ў дурні» (1910) і «Па рэвізіі» (1911) М. Крапіўніцкага, абедзве ў апрацоўцы Н. Чарноцкага, і «Міхалка», перапрацоўка польскай камедыі, выкананая Далецкімі (1911). Суполка выдала таксама драматычныя творы Э. Ажэшкі «У зімовы вечар» (1910, пераклад Власта), «Хам» (1912) і камедыю Я. Купалы «Паўлінка» (студзень 1913).

У 1911 выйшлі яшчэ два выданні: невялікае апавяданне А. Новіча «У дому лепей» і адносна вялікі дапаможнік для пчаляроў Г. Бярозкі «Пчаліна — жывёлка малая, а карысьці дае многа».

У канцы жніўня 1911 распачалася падрыхтоўка да выдання рэгулярнага альманаха пад назвай «Маладая Беларусь». У 1912—1913 выйшлі тры сшыткі; тэматычны профіль вызначалі мастацкія творы: Я. Купалы (тут надрукавана паэма «Сон на кургане»), Я. Коласа, Цёткі, З. Бядулі, Ц. Гартнага, А. Гурло, К. Буйло, Чарнышэвіча, Я. Журбы, А. Новіча, Петрашкевіча. Навукова-папулярную тэматыку прадстаўлялі пераважна артыкулы А. Луцкевіча (пад псеўданімам А. Навіна).

Такім чынам, з вясны 1909 дзейнасць суполкі развівалася паспяхова. Разам з узрастаючай колькасцю выдаваных кніжак павялічыўся іх продаж, які нарэшце пачаў прыносіць прыбытак[2].

Трэці этап дзейнасці (1913—1914)

[правіць | правіць зыходнік]

На апошнім этапе ў дзейнасці суполкі адбыліся важныя змены, абумоўленыя ад’ездам В. Іваноўскага і Я. Купалы ў Вільню і заснаванне імі там Беларускага выдавецкага таварыства. 1.6.1913 адбылася рэарганізацыя ўправы, у якую вярнуўся Б. Эпімах-Шыпіла, а таксама ўвайшлі А. Ярэміч і Я. Сушынскі. Аднак у новых арганізацыйных умовах магчымасці выдавецкай дзейнасці былі абмежаваныя. У другой палове 1913 суполка выдала літаграфічным спосабам камедыі «Мядзведзь» А. Чэхава і «Як яны жаніліся» А. Валодзьскага ў перакладзе В. Ластоўскага. Выйшлі таксама «Батрак» Я. Коласа, «Абразкі» З. Бядулі, «Песні» Ц. Гартнага, «Амерыканец» А. Новіча — раней яны ўжо былі апублікаваныя ў альманаху «Маладая Беларусь». Нарэшце, прыкладна ў сярэдзіне 1914 была перавыдадзеная (у няпоўным выглядзе) «Дудка беларуская» Ф. Багушэвіча.

У 1914 годзе выдаўцы сутыкнуліся з фінансавымі цяжкасцямі, цэнзурнымі рэпрэсіямі. Цяжкую сітуацыю найярчэй адлюстроўвае запіс, зроблены рукой Бр. Эпімаха-Шыпілы на гандлёва-выдавецкім каталогу друкарні М. Кухты 1914 года «Спісак беларускіх кніжак і часопісаў»: «гэта не жыццё, а выццё»[7].

Выдавецкую дзейнасць спыніла Першая сусветная вайна.

Апошняя кніга

[правіць | правіць зыходнік]

Можна меркаваць, што ў 1916 годзе выдавецтва паспрабавала аднавіць сваю дзейнасць, выпусціўшы кнігу Я. Коласа «Антось Лата» (1-ю дзею) пад назвай «Чарка ўсё на свеце робіць»; на кнізе было было пазначана «Працяг будзе». Аднак на гэтым дзейнасць суполкі скончылася[8].

Таварыства наладзіла партнёрскія стасункі з пецярбургскай друкарняй Казіміра Пянткоўскага і асноўную частку сваіх кніг выпускала на Вялікай Пад’ячаскай, 22, дзе апошняя і размяшчалася. Дзякуючы спачуванню беларускай справе ўласніка гэтай друкарні, суполцы ўдалося атрымаць крэдыт на работу і ўзбагаціць набор беларускіх шрыфтоў.

Два выданні кірыліцай і лацінкай («Як ратаваць уздутую жывёлу» К. Дулембы) былі замоўлены ў Марціна Кухты і адно ў пецярбургскай друкарні Юрыя Эрліха (зборнік Янкі Купалы «Шляхам гадоў»)[9].

Ад самага пачатку «Загляне сонца і ў наша аконца» мела лепшае матэрыяльнае забеспячэнне, чым яго папярэднікі. У арганізацыю ўступіла многа забяспечаных у матэрыяльных адносінах людзей: В. Іваноўскі, які ўжо паспеў стаць прафесарам, Б. Эпімах-Шыпіла, які прытуліў кантору выдавецтва на ўласнай кватэры і не шкадаваў грошай на яго з свайго заработку. Грашовыя ахвяраванні паступалі ў суполку ад княгіні Магдалены Радзівіл[10]. Зборнік Янкі Купалы «Шляхам жыцця» быў выдадзены пры падтрымцы доктара Аляксандра Ярэміча[11].

Фінансы суполкі ў пачатку Першай сусветнай вайны сталі прадметам махінацый. Пра гэта сведчыць ліст рэдактара «Нашай Нівы» А. Уласава да А. Луцкевіча ад 10 снежня 1914 года, у якім гаворыцца наступнае[12]:

" Антон Іванавіч! Мятлін цяпер павераны Магдалены. Ён гаворыць, што трэба, каб Шыпіла выдаў распіску, што 4250 рублёў паступілі ў распараджэнне "Загляне сонца..." Тады ўсю справу можна ліквідаваць і магчымы яшчэ новыя датацыі. Каб Вы зрабілі гэта як найскарэй, то было бы для ўсіх лепей. Калі яна ўспакоіцца, яна сказала, што грошы аддадуць суполцы. "

Вынікі дзейнасці

[правіць | правіць зыходнік]
Дом Тадэвуша Касцюшкі на паштоўцы выдавецтва

Юліяна Вітан-Дубейкаўская так напісала ў сваіх успамінах[13]:

" У Пецярбурзе Вацлаў Іваноўскі арганізуе і спачатку фінансуе выдавецтва "Загляне сонца і ў наша ваконца". Там выдаюцца галоўна літаратурныя творы і папулярныя брашуры для сялянства. З цягам часу гэта прадпрыемства пакрывала свае выдаткі і яно добра разраслося б, як мне апавядаў пасля вайны прафесар Вацлаў Іваноўскі, калі б не выбухнула вайна. "

Суполка да 1914 г. выдала 38 кніг[2] (лічачы выданні кірыліцай і лацінкай як асобныя пазіцыі) сукупным накладам, больш як 100 тысяч[заўв 2]. Акрамя таго, яна выдала больш як 20 розных паштовак з партрэтамі старадаўніх паэтаў і іншых дзеячаў культуры, гістарычнымі помнікамі, краявідамі і г.д. Суполка выцягнула з забыцця і папулярызавала найлепшыя творы беларускай літаратуры XIX ст., выдала першыя беларускія падручнікі, серыю сцэнічных твораў, дапаможнікі для гаспадароў, заахвочвала да творчасці маладых аўтараў і тым самым выдатна спрычынялася да фармавання новай беларускай літаратуры. Больш за тое, суполка адначасна выпрацоўвала прынцыпы правапісу беларускай мовы, прынятыя пазней астатнімі выдаўцамі[14].

Сваімі выданнямі, у асаблівасці серыяльнымі, суполка заваёўвала ў вачах грамадскасці рэпутацыю паважанай арганізацыі. Не жадаючы (пры ўсёй нешматлікасці беларускіх літаратараў), выпускаць у свет творы, недасканалыя ў мастацкіх адносінах, яна выстаўляла маладым творцам высокія мастацкія патрабаванні. У кастрычніку 1906 г. выдавецтва не прыняло, напрыклад, да друку зборнік вершаў «Плач» Міхаіла Сарокі з Вільні — гэта былі першыя пробы пяра з неахайна рыфмаванымі радкамі і расцягнутымі сюжэтамі[15].

Распаўсюджанне і прапаганда беларускай кнігі

[правіць | правіць зыходнік]
Рэкламная абвестка выдавецкай суполкі ў газеце «Наша Ніва», 1909 г.

Суполка не толькі актыўна друкавала, але і распаўсюджвала свае кнігі. У Варшаве, Мінску, Гродна, Гомелі (крама Сыркіных), Віцебску і іншых гарадах былі адкрыты контрагенцтвы выдавецтва. З Пецярбурга чытачам дасылаліся кнігі. У «Нашай ніве» пастаянна друкаваліся абвесткі[заўв 3], кніжкі дасылаліся кожнаму, хто звярнуўся на склад выдавецтва.

Акрамя распаўсюджвання сваіх выданняў, усе іншыя выданні «Кругу беларускай прасветы» і асобных людзей прымаліся суполкай на камісію і распаўсюджваліся побач з уласнымі. Суполка ўвайшла ў згоду з рэдакцыяй «Нашай нівы», якая брала некаторыя выданні і рассылала дадаткам да газеты[16]. Распаўсюджваў кнігі асабіста Янка Купала.

Анонс выдавецкіх планаў суполкі ў гомельскай газеце «Полесье», 1911 г.

Некаторыя звесткі сведчаць пра тое, што кнігі распаўсюджваліся і пасля спынення дзейнасці арганізацыі.

Так, у 1917 годзе студэнт Ваенна-медыцынскай акадэміі ў Петраградзе П. Г. Каравайчык прадаваў і высылаў кнігі, выдадзеныя суполкай: «Дудку беларускую» М. Бурачка, «Вечарніцы», «Шчароўскія дажынкі», «Купалу» В. Дуніна-Марцінкевіча, «Маладую Беларусь» і іншыя выданні.

У 1918 годзе П. Каравайчык ад’язджаў у Маскву на працу ў Народны камісарыят па справах нацыянальнасцей РСФСР і клопат па распаўсюджанні кніг хацела ўзяць на сябе «Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства ў Петраградзе», якое было створана ў сакавіку 1918 г. у Петраградзе. Ініцыятарам гэтага мерапрыемства быў Чэслаў Родзевіч.

Ён пісаў да Бр. Эпімаха-Шыпілы[17]:

" Сябрамі таварыства атрымаў паведамленне ад грамадзяніна Каравайчыка (Знаменская, д. 56, кв. 54), што ў яго ёсьцека кнігі, узятыя у сваім часе ад «Суполкі» для продажу. І сягоння, калі варункі змушаюць выехаць з памянутай кватэры, то ён і звярнуўся ў таварыства прыняць гэтыя кнігі. Таварыства згоднае ўзяць гэтыя кнігі, то ня ведае варункаў, па якіх былі ўзяты ад суполкі, а для паскарэння справы таварыства мае адвагу сказаць свае варункі… "

Спіс выдадзеных кніг

[правіць | правіць зыходнік]

Спіс кніг, выдадзеных суполкай:[18]

Нумар Аўтар Назва Год выдання Шрыфт Вокладка (ці форзац)
1—2 без пазначэння аўтарства[заўв 4] Беларускі лемантар, або першая навука чытання 1906 надрукавана кірыліцай і лацінкай асобнымі выданнямі
3—4 Цётка Першае чытанне для дзетак беларусаў 1906 надрукавана кірыліцай і лацінкай асобнымі выданнямі
5 Адам Міцкевіч Пан Тадэвуш. З польскай на беларускую мову пералажыў Вінцук Марцінкевіч. Выд. 2-е. 1907 лацінка
6 Вінцук Дунін-Марцінкевіч Гапон 1907 лацінка
7 - Гутаркі аб небе і зямлі. На беларускую мову пералажыў К. Кастравіцкі. 1907 кірыліца
8 Бурачок Мацей Дудка беларуская. Выд. 3-е. 1907 лацінка
9 Янка Купала Жалейка 1908 кірыліца
10 Сымон Рэўка з-пад Барысава Смык беларускі. Выд. 2-е. 1908 лацінка
11 Якуб Колас Другое чытанне для дзяцей беларусаў[заўв 5]. 1909 кірыліца
12 Вінцук Дунін-Марцінкевіч Вечарніцы. 2-е выд. 1909 лацінка
13—14 К. Дулемба Як ратаваць уздутую жывёлу. З польскай на беларускую мову пералажыў Антось Хатні. 1909 надрукавана кірыліцай і лацінкай асобнымі выданнямі
15 Антон Чэхаў Сватанне. На беларускую мову пералажыў Н. Чарноцкі. 1910 кірыліца
16 Карусь Каганец Модны шляхцюк 1910 кірыліца
17 М. Крапіўніцкі Пашыліся ў дурні. Пераложана з украінскай на беларускую мову. 1910 кірыліца
18 Вінцук Дунін-Марцінкевіч Шчароўскія дажынкі, Купала. Выд. 2-е. 1910 лацінка
19 Эліза Ажэшка У зімовы вечар 1910 кірыліца
20 А. Новіч У дому лепей 1911 кірыліца
21 не ўказаны Міхалка. З польскага на беларускі лад перарабілі Далецкія. 1911 кірыліца
22 М. Крапіўніцкі Па рэвізіі. Перароблена з украінскай мовы. 1911 кірыліца
23 Генрык Бярозка Пчаліна — жывёлка малая, а карысці дае многа 1911 лацінка
24—26 - Маладая Беларусь (альманах)[заўв 6] 1912, № 1—2, 1913, № 3.
27 Янка Купала Сон на кургане 1912 кірыліца
28 Эліза Ажэшка Хам (мужык) 1912 кірыліца
29 А. Навіна На дарозі да новага жыцця 1912 кірыліца
30 Янка Купала Паўлінка 1913 кірыліца
31 Янка Купала Шляхам жыцця 1913 кірыліца
32 Антон Чэхаў Мядзведзь. Пераложана з расійскай. 1913 кірыліца
33 А. Новіч Амерыканец 1913 кірыліца
34 Якуб Колас Батрак 1913 лацінка
35 Цішка Гартны Песні 1913 лацінка
36 А. Валодзьскі  (укр.) Як яны жаніліся. Вольны пераклад з украінскай. 1913 кірыліца
37 Змітрок Бядуля Абразкі 1913 лацінка
38 Мацей Бурачок Дудка беларуская. Выд. 4-е. 1914 лацінка
39 Якуб Колас Чарка ўсё на свеце робіць. 1-шы акт п'есы «Антось Лата». 1916 кірыліца

Вобраз у мастацтве

[правіць | правіць зыходнік]

А. А. Марачкін у 2006—2007 напісаў карціну «Загляне сонца і ў наша ваконца. Да 100-годдзя выдавецкай суполкі»[22].

  1. буквар
  2. паводле падлікаў С. Александровіча
  3. Упершыню рэкламная абвестка суполкі была надрукавана ў № 3 «Нашай нівы» за 1906 г.
  4. тэкст апрацавалі В. Іваноўскі, К. Кастравіцкі[19]
  5. Выдадзена сумесна з суполкай «Наша хата»[20].
  6. Цынкаграфічную працу па афармленні вокладкі альманаха выканаў рускі фотамастак Сяргей Міхайлавіч Пракудзін-Горскі[21].
  1. Напісанне назвы ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах. Н. П. Ракіцкая. «Загляне сонца і ў наша аконца» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 496.
  2. а б в г д е Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мн., 2006.
  3. Туронак Ю. Дзейнасць беларускага выдавецтва…
  4. Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. — СПб., 2009. — С. 240.
  5. Пагадненне Браніслава Эпімах-Шыпілы, Вацлава, Юрыя і Сабіны Іваноўскіх, Уладзіслава Сталыгвы, Уладзіслава Калашэўскага, Вінцука Валейкі аб утварэнні беларускага выдавецкага таварыства «Загляне сонца і ў наша аконца». г. Санкт-Пецярбург. 5 мая 1906 г.
  6. Ракіцкая Н. «Загляне сонца і ў наша аконца» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 394.
  7. Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. — СПб., 2009. — С. 248.
  8. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) // Гісторыя беларускай кнігі. У 2 т. / М. Нікалаеў і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. — Т. 2. — С. 44.
  9. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) // Гісторыя беларускай кнігі. У 2 т. / М. Нікалаеў і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. — Т. 2. — С. 43.
  10. Жылуновіч Зм. Эволюцыя беларускае кніжкі // Полымя. — № 1. — 1925. — С. 118.
  11. Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. — СПб., 2009. — С. 247.
  12. Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. — СПб., 2009. — С. 248.
  13. Кветка Вітан. «Наша ніва» і Антон Луцкевіч // На суд гісторыі: Успаміны, дыялогі / Уклад. Б. Сачанка. — Мн., 1994. — С. 64.
  14. Туронак Ю. Дзейнасць беларускага выдавецтва….
  15. Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. — СПб., 2009. — С. 244.
  16. Жылуновіч Зм. Эволюцыя беларускае кніжкі // Полымя. — № 1. — 1925. — С. 119.
  17. Ракіцкая Н. Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» // Свіцязь. Свитязь: Альманах библиофилов Белоруссии. — Мн.: Беларусь, 1989. — С. 73—74.
  18. Паводле артыкула: Ракіцкая Н. Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» // Свіцязь. Свитязь: Альманах библиофилов Белоруссии. — Мн.: Беларусь, 1989. — С. 79—80.
  19. Туронак Ю. Абставіны публікацыі і аўтарства…
  20. Гісторыя беларускай кнігі. У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) / М. Нікалаеў і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. — С. 52.
  21. Гісторыя беларускай кнігі. У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) / М. Нікалаеў і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. — С. 137.
  22. ЗАГЛЯНЕ СОНЦА І У НАША ВАКОНЦА
  • Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. — Мн., 1971.
  • Гісторыя беларускай кнігі. У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) / М. Нікалаеў і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. — С. 41—44.
  • Жылуновіч Зм. Эволюцыя беларускае кніжкі // Полымя. — 1925. — № 1. — С. 118—127.
  • Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. СПб., 2009. — С. 240—248.
  • Ракіцкая Н. Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» // Свіцязь. Свитязь: Альманах библиофилов Белоруссии. — Мн., 1989. — С. 65—80.
  • Ракіцкая Н. «Загляне сонца і ў наша аконца» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 496.
  • Ракіцкая Н. «Загляне сонца і ў наша аконца» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 394—395.
  • Семашкевіч Р. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе. — Мн., 1971.
  • Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мн., 2006.