Гарадзішча на рацэ Менка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Гарадзішча (на р. Мена) і селішча ў в. Гарадзішча (Мінскі р-н) IX — сяр. XI стст.

Абарончы вал гарадзішча з паўднёвага боку
Схема гарадзішча і селішча на р. Менцы і месцы археалагічных раскопаў. Чырвоным — Месцы і нумерацыя археалагічных раскопаў па Э. М. Загарульскаму Сінім — Месцы і нумерацыя археалагічных раскопаў па Л. В. Аляксееву Чырвоны пункцір — Месцы і нумерацыя траншэй

Унікальны археалагічны комплекс, які складаецца з гарадзішча (падзелена на малое і вялікае), абнесенага валам і рвом, і селішча. Найвышэйшы ўздым эканамічнага і культурнага жыцця на помніку прыходзіцца на перыяд X — пач. XI ст. Малое гарадзішча ўтрымлівае матэр'ялы культуры штрыхаванай керамікі і перыяду Русі, а вялікае — банцараўскай культуры, перыяду Русі, ВКЛ і новага часу. Селішча бярэ пачатак з V ст. Існуе меркаванне, што гарадзішча з'яўлялася ўмацаваным цэнтрам паселішча, якое было цэнтрам Менскай воласці дрыгавічаў, мела назву Менск і да яго знішчэння ў 1067 г. папярэднічала позняму аднайменнаму цэнтру ў вусці Нямігі — сучаснаму Мінску[1].

Агульная характэрыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Археалагічны комплекс знаходзіцца ля в. Гарадзішча (Мінскі р-н) на адлегласці 16 км ад Мінска. Гарадзішча — шматслойнае ўмацаванае паселішча складанай канфігурацыі размешчана на правым беразе прытока Пцічы р. Мена (Менка) пры ўпадзенні ў яе ручая Дунай. У сучасным стане гарадзішча абнесена высокім валам і шырокім рвом. Гарадзішча складаецца з двух частак: вузкага мысавага малога гарадзішча (з адной пляцоўкай) і вялікага (амаль квадратнай формы з верхняй і ніжняй пляцоўкамі, з розніцай ўзроўняў паміж якімі 8-9 м). З напольнага боку ўмацавана доўгападобным рвом і валам вышынёй 8 м[1].

У 1967 г. гарадзішча было пашкоджана праз спробу мясцовых ўладаў (па сведчанню Г. В. Штыхава) прыстасаваць археалагічны помнік пад стадыён: пляцоўка была разраўнявана бульдозерамі, валы звонку падрэзаны і г.д.2 (ст.67)

Селішча знаходзіцца на палях і на тэрыторыі вёскі Гарадзішча ўздоўж ручая Дунай і р. Мена да ўпадзення яе ў Пціч. Агульная плошча пасялення вакол гарадзішча складае 40 га[1].

Гісторыя даследаванняў[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню ўвагу на паселішча звярнуў у сярэдзіне XIX ст. П. М. Шпілеўскі, заўважыўшы, што гэтае гарадзішча калісьці было горадам альбо замкам. У 1930 г. паселішча было абследавана А. Рынейскім, які зрабіў тапаграфічнае апісанне помніка і апублікаваў яго план. На аснове сабранага керамічнага матэр'яла ён датаваў гарадзішча XII—XV стст. У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі захоўваецца кераміка з гарадзішча, памечаная 1935 г. Магчыма ў гэты час невялікія раскопкі былі праведзены А. М. Ляўданскім і А. Дз. Каваленей, але справаздачы аб выніках даследаванняў не захавалася.1 (ст.30-31) Першыя значныя раскопкі на гарадзішчы былі праведзены ў 1954 г. А. Г. Мітрафанавым разам са студэнтамі гістарычнага факультэта БДУ. Але гэтыя матэрыялы не былі апублікаваныя і часткова былі страчаны. А. Г. Мітрафанавым было зроблена два раскопа: адзін плошчай 60 м.кв. у цэнтры малога гарадзішча (раскоп I) і адзін плошчай каля 100 м.кв. у паўднёвай частцы вялікага гарадзішча недалёка ад прарэза вала (раскоп II).1 (ст.31) А. Г. Мітрафанаў ахарактэразаваў гарадзішча як феадальны замак і датаваў яго XII—XIII стст.2 (ст.66)

Шкляныя пацеркі (Візантыя) X—XI стст. з гарадзішча на р. Менцы (раскопкі Г. В. Штыхава; музей гісторыі НАН Беларусі, Мінск: www.history.by;).8 У 1963, 1964, 1967 і 1968 гг. раскопкі на гарадзішчы былі прадоўжаны экспедыцыяй БГУ пад кіраўніцтвам Э. М. Загарульскага. У 1963 г. была даследавана плошча ў 100 м.кв на малом гарадзішчы (раскоп III). У 1964 г. раскопкі вяліся на селішчы на паўднёвы ўсход ад вялікага гарадзішча, дзе была даследавана плошча ў 240 м.кв (раскоп IV). У 1967 г. было даследавана 2 раскопы на вялікім гарадзішчы (раскопы V і VI), кожны па 80 м.кв, і адзін раскоп плошчай 64 м.кв на малом гарадзішчы (раскоп VII). Акрамя таго, было пачата даследаванне абарончых пабудоваў гарадзішча. З боку ўнутраняй пляцоўкі ў вал былі ўрэзаны траншэі на ўсходняй частцы вялікага гарадзішча (траншэя 2) і на малым гарадзішчы (траншэя 3). У паўночна-ўсходнім прарэзе вала была даследавана траншэя 1. У 1968 г. было праведзена даслелаванне траншэй 2 і 3 на знешніх баках вала.1 (ст.31-32) Э. М. Загарульскі быў першым, хто даказаў, што гарадзішча на р. Менцы павінна датавацца IX — пачаткам XI стст.2 (ст.67)

Э. М. Загарульскі быў першым з даследчыкаў, хто зразумеў і даказаў, што гарадзішча на р. Менцы трэба датаваць X — пачаткам XI ст.2 (ст.67) У 1969 г. М. А. Ткачоў даследаваў паўднёвы прарэз вала вялікага гарадзішча (траншэя 4). У 1975 і 1983 гг. раскопкі археалагічных помнікаў на р. Менцы пачаў полацка-мінскі атрад Інстытута гісторыі АН БССР пад кіраўніцтвам Г. В. Штыхава. На селішчы на поўдзень ад гарадзішча быў даследаваны раскоп 30х30 м (раскоп VIII).1 (ст.31-32) Па сведчанню М. А. Штыхава, на селішчы знойдзена ляпны посуд, які датуецца IX ст. і які даказвае што селішча ўзнікла раней, чым гарадзішча.2 (ст.68) У 1976—1977 гг. Г. В. Штыхавым даследаваўся раскоп плошчай 168 м.кв амаль у цэнтры вялікага гарадзішча (раскоп IX).1 (ст.31-32)

Па сведчанню Г. В. Штыхава, помнік характэрызуе таксама пад'емны матэр'ял, сабраны на гарадзішчы і на селішчы мясцовым настаўнікам С. П. Ерамчуком і яго вучнямі. Яго калекцыя налічвае вялікую колькасць рэчаў, напрыклад, звыш ста пацерак X — 1-й пал. XI стст. (сярод іх 26 пацерак-лімонак), бронзавыя упрыгожанні XI ст. (сякерка, канёк, манетападобная падвеска з зернем).2 (ст.68)

У 1992, 1996—2001 гг. вывучэннем археалагічнага комплекса займаўся Ю. А. Заяц.3 (ст.223)

Гарадзішча[правіць | правіць зыходнік]

У раскопе I на малым гарадзішчы А. Г. Мітрафанавым быў выяўлены вугал драўлянай пабудовы з рэшткамі печы, пры разборцы якога былі знойдзены срэбрная завушніца з падвескай (валынскага тыпу X — 1-х дзесяцігоддзяў XI стст.; аналогіі — Гушчынскі клад 1930 г. ля Чарнігава), пацерка-лімонка (X ст. — 1020 -я гг.), сердалікавая прызматычная пацерка (X ст.), наканечнік стралы (блізкі да стрэлаў Новатроіцкага гарадзішча VIII—IX стст.)2 (ст.67) Знойдзены таксама абпаленае зерне са слядамі мяшка з суровай тканіны, серп, жалезныя нажы, жорнавы. У раскопе II (А. Г. Мітрафанаў, 1954 г.) на вялікім гарадзішчы была выяўлена печ-каменка і «каменная выкладка».1 (ст.31)

У раскопе III на малым гарадзішчы Э. М. Загарульскім былі знойдзены 5 наканечнікаў стрэл, з якіх адзін (чарашковы) мае аналаг сярод знаходак Новатроіцкага гарадзішча (IX—X стст.), а чатыры астатнія (утульчатыя) адносяцца да тыпаў стрэл, якія распаўсюджаны з канца IX да пачатку XI стст.; арчатае стрэмя 2-й пал. 1 тыс. да пач. 2 тыс.; цуглі ранняга перыяда Русі; фрагмент ключа X—XI стст.; долаты, сярпы; бронзавая падковападобная фібула са спіральна загнутымі канцамі (X — 1-я пал. XI ст.); бронзавы бубенчык с крыжападобнай прораззю (X — 1-я пал. XI ст.); пацеркі (X — пач. XI ст.); керамічны посуд выраблены на ганчарным крузе і болшасць венцаў у посудзе характэрны для раннеганчарных пасудзін з венцам «ў выглядзе карнізіка» (IX—X стст.); сярод цікавых знаходак — днішчы некаторых пасудзін з княскай тамгой — трызубцам.1 (ст.41-43), 2 (ст.67)

[[Файл:|thumb|Арабскія дырхемы 893 г. з гарадзішча на р. Менцы (раскопкі Ю. А. Заяца; музей гісторыі НАН Беларусі, Мінск: www.history.by;).7 (ст.47)]]

Аналіз рэчаў, знойдзеных у раскопе III, дазволіў Э. М. Загарульскаму сцвярджаць, што гарадзішча магло функцыянаваць ужо на мяжы IX — Х стст., а гаворачы аб верхняй даце, амаль ўсе знойдзеныя датаваныя рэчы дажываюць да пачатку XI ст. (наканечнікі стрэл, пацеркі, фібула). Прычым на іх месца, па словах даследчыка, не прыходзяць рэчы тых самых катэгорый, якія былі характэрны да пазнейшага часу — 2-й пал. XI—XII стст., што ў першую чаргу заўважна па поўнай адсутнасці шкляных вырабаў. Як адзначае даследчык, у слаях наогул адсутнічаюць шкляныя бранзалеты — самая тыповая катэгорыя рэчаў канца XI, асабліва XII ст. і наступных стагоддзяў. І хаця ў матэр'ялах раскопак маюцца рэчы, якія бытуюць на працягу ўсяго XI ст. і нават дасягаюць XII ст. (ключ ад драўлянага накладнога замка) яны, на думку Э. М. Загарульскага, не могуць змяніць прапанаванае датаванне.1 (ст.44)

Рэчавы матэр'ял раскопа VII, як адзначае Э. М. Загарульскі, у асноўным звязаны з гаспадарчай дзейнасцю жыхароў паселішча: наральнікі (аналогіі ў матэр'ялах Старой Ладагі, X ст.), матыка; з упрыгожанняў — фібула з макападобнымі канцамі.1 (ст.46-47)

Падсумоўваючы даследаванні раскопак на малым гарадзішчы, даследчык выказвае меркаванне, што ўзнікненне паселішча на гэтым месцы адносіцца да ранняга жалезнага веку і звязана з культурай штрыхаванай керамікі. Другі этап ахоплівае X — 1-я пал. XI ст. У якасці трэцяга этапу пачатку засялення гэтай часткі па Э. М. Загарульскаму найбольш адпавядаюць даты XIV—XV стст.1 (ст.47)

На думку Э. М. Загарульскага, знойдзеныя прадметы матэрыяльнай культуры аніяк не могуць характэрызаваць малое гарадзішча як частку гарадской тэрыторыі — дзядзінец. Што знойдзеныя рэчы дастаткова тыповыя длястаражытнарускіх паселішчаў X — пач. XI стст., што адсутнічаюць дадзеныя аб развіцці мясцовых рамёстваў. Акрамя таго, як ён лічыць, сама тэрыторыя малога гарадзішча вельмі малая і на ёй, у лепшым выпадку мог размяшчацца адзін двор.1 (ст.47) Э. М. Загарульскі заўважае таксама, што ў пластах старажытнарускага слоя адсутнічаюць археалагічныя сведчанні разбурэння паселішча, якія можна было б звязаць з ваеннымі дзеяннямі ў 2-й палове XI ст. Сляды пажару выяўлены ў больш ранніх напластаваннях, якія можна датаваць X ст. Таксама няма ў верхніх слаях і сканцэнтравання прадметащ узбраення.1 (ст.47)

Рэчы, знойдзеныя ў выніку раскопак Э. М. Загарульскага на вялікім гарадзішчы (раскоп V і раскоп VI) таксама ўкладваюцца ў храналагічныя рамкі X — 1-й пал. XI ст., аднак, як ён адзначае, пад старажытнарускім слоем тут не выяўлены слой са штрыхаванай керамікай, як гэта было на малым гарадзішчы.1 (ст.49-50)

У раскопках Г. В. Штыхава было знойдзена тое самае кола рэчаў, што і ў раскопках Э. М. Загарульскага, а таксама некалькі днішчаў керамічнага посуду з княжацкай тамгой Рурыкавічаў ранняга варыянта. Г. В. Штыхавым таксама было вызначана, што на помніку няма шкляных бранзалетаў, з чаго вынікае, што адкладаў XII—XIII стст. на гарадзішчы не існуе.2 (ст.68)

Ю. А. Заяц адзначае, што першапачаткова малое гарадзішча займала мысавае ўзвышша ў сутоках Дуная і Мены. Даследчык даводзіць, што ніжнія пласты малога гарадзішча ўтрымліваюць матэр'ялы культурай штрыхаванай керамікі, а вялікага — банцараўскай культуры, а таксама, акрамя старажытнарускага перыяда, часоў ВКЛ і новага часу[1].

Сярод знаходак на гарадзішчы Ю. А. Заяц згадвае наступныя рэчы: пацерка (амулет) з егіпецкага фаянсу (II—III стст.), срэбрная завушніца з прывескай валынскага тыпу, бронзавыя спражкі, нагрудны абразок з выявамі лекараў святых Казьмы і Дзяміяна, якіх благаслаўляе Спас-Эмануіл, наканечнік ножнаў мяча, шкляныя і сердалікавыя пацеркі, фрагменты амфар, ляпнога і вырабленага на крузе керамічнага посуду, донцы гаршкоў з клеймамі ў выглядзе знака Рурыкавічаў (трохзубза), жорны (IX—XII стст.), кафля, манеты, керамічны посуд і вырабы з жалеза (XVII—XIX стст.)[1].

Абаронныя ўмацаванні[правіць | правіць зыходнік]

У 1969 г. М. А. Ткачоў праводзіў раскопкі каля паўднёвага прарэза вала, заклаўшы там раскоп, па сведчанню Г. В. Штыхава, ў 4 м.кв. Пад валам вялікага гарадзішчы быў выяўлены слой паселішча жалезнага века. Першапачатковы ж вал складзены з пяску, змешанага з культурным слоем і рэчамі IX—X стст. Першапачатковы вал быў накрыты другім валам, у якім знойдзены рэчы XI ст. Па меркаванню М. А. Ткачова, першы вал быў насыпаны ў пачатку XI ст., другі — ў XI ст.2 (ст.67)

[[Файл:|thumb|Мініяцюрны глячок X—XI стст. з гарадзішча на р. Менцы (раскопкі Г. В. Штыхава; музей гісторыі НАН Беларусі, Мінск: www.history.by;).7 (ст.47)]]

Э. М. Загарульскі, які праводзіў раскопкі вала як на малым так і на вялікім гарадзішчы, прыйшоў да высновы, што пад насыпам вала знаходзіцца напластаванні не толькі жалезнага веку, але і ўсяго старажытнарускага перыяду.2 (ст.68) Так (па Э. М. Загарульскаму) прарэзка вала ў малым гарадзішчы (траншэя 3) паказала, што пад яго насыпам маецца вялікі культурны слой, які цягнецца да самага схілу ўзвышша, на якім размяшчалася паселішча, і што да ўзвядзення вала плошча малога гарадзішча была па меньшай меры ў тры разы большай, чым пасля яго ўмацавання. Згодна з меркаваннем Э. М. Загарульскага, ўзвядзенне вала можа датавацца не раней канца XIV—XV стст. і што малое гарадзішча не мела штучных земляных умацаванняў ні ў жалезным веку, ні ў старажытнврускія часы, паколькі пасля іх узвядзенння карысная плошча малога гарадзішча стала настолькі малой, што яно не магло служыць ў якасці дзядзінца.1 (ст.53)

У падножжы траншэі на вялікім гарадзішчы (траншэя 2), па сведчанню Э. М. Загарульскага, выяўлены культурны слой з керамікай X — 1-й паловы XI стст. перакрыты насыпам вала. Значная таўшчыня слоя ў асобных месцах вала (да 1,2 м), па меркаванню даследчыка, можа тлумачыцца тым, што ў якасці насыпа вала была выкарыстана частка старажытнага слоя. У ніжніяй частцы гэтых напластаванняў знойдзена скапленне абпаленых бярвёнаў. Як лічыць даследчык, вал насыпаўся аднаразова і адначасовыя па часу узвядзення ў абоіх частках замка, які быў ўзведзены некалькі стагоддзяў пазней на месцы старажытнага паселішча.1 (ст.53-54)

Па сведчанню Г. В. Штыхава, які разрэзаў вал ў паўночнай частцы помніка, ў ніжніх частках вала ён рашчысціў рэшткі гародзень — зрубы даўжынёй 3,5 — 4 м із дубовых бярвёнаў, якія ставіліся ў тры рады адзін каля другога ўздоўж вала і былі шчыльна забітыя суглінкам і супескам. Узвышаючыся прыкладна на 4 м, яны складалі аснову першапачатковай пабудовы 1-й пал. XI ст. Па меркаванню Г. В. Штыхава, умацаванні загінулі падчас вялікага пажару ў хуткім часе пасля іх ўзвядзення. Затым вал быў рэканструяваны і стаў ўдвая вышэйшы за папярэдні, па яго грабяню ішоў частакол, агульная яго вышыня была не меней 8,2 м.2 (ст.68)

Паводле Ю. А. Заяца, земляныя ўмацаванні былі пабудаваны на фінальным этапе існавання, або пры засяленні пляцоўкі вялікага гарадзішча носьбітамі банцараўскай культуры. На яго думку, валы вялікага гарадзішча былі ўзведзены ў X ст. і спачатку мелі вышыню 4 м. Аснову вала складалі тры рады дубовых зрубаў-гародняў памерамі 3,5 х 4 м, запоўненыя супессю і суглінкам. На працягу стагоддзя вал дабудоўваўся двойчы, у выніку чаго яго вышыня дасягнула 8-8,2 м[1].

Селішча[правіць | правіць зыходнік]

Від з паўднёвага вала на тэрырыторыю селішча на поўдзень ад гарадзішча

Раскопкі, праведзеныя Э. М. Загарульскім (раскопы IV і VIII), выявілі, па яго словах, такі самы па вялічыні і зместу матэр'ял, як і на тэрыторыі, абмежаванай валам. У адрозненні ад вялікага гарадзішча, культурны слой аказаўся ў добрай захаванасці. Сярод керамічнага матэр'яла некалькі часцей чым на гарадзішчы трапляюцца абломкі ляпнога посуду IX — пачатку X ст.1 (ст.57-57)

На думку Г. В. Штыхава, пераважная колькасць ляпнога посуду IX ст. на селішчы сведчыць аб тым, што селішча ўзнікла раней чым гарадзішча.2 (ст.68) Яшчэ адным адрозненнем з'яўляецца скапленне на месцы селішча ям рознай велечыні (14 ям у раскопе IV і 90 — у раскопе VIII). Э. М. Загарульскі падзяляе ямы ў раскопе IV на дзве групы: 1-я група — прылягаючыя адна да другой круглыя ў плане і ямы, якія звужаюцца ў напрамку дна. Яны запоўнены густым чорным слоем, які змяшчае вуглі і абпаленую гліну. У іх, акрамя керамікі і касцей, знойдзены нажы, цвікі, прасліцы, пацеркі і інш. Па меркаванню даследчыка, гэтыя ямы звязаны, хутчэй за ўсё, з гаспадарчай дзейнасцю. 2-я група дробных ям у плане склала прамавугольнік і, на думку Э. М. Загарульскага, магла быць звязанна з жыллёвай пабудовай наземнага тыпу.1 (ст.57-58)

Большасць ям ў раскопе VIII, па меркаванню М. А. Штыхава, маглі быць гаспадарчага прызначэння, аднак некаторыя ямы мелі ў плане прамавугольнікі былі і вертыкальныя сценкі, што дазволіла Э. М. Загарульскаму звязаць іх з зямлянкамі.1 (ст.57-58)

У раскопе VIII (Г. В. Штыхаў, 1975 г.), дзе таўшчыня слоя даходзіла да 1,4 м, і амаль паўсюдна ў слое XI ст. на глыбіні 0,2-0,4 м былі выяўлены шкелеты людзей, часткова пашкоджаныя ворывам (магчыма узараны курганны могільнік).2 (ст.67)

Фрагмент паліванай кафлі, XVI—XVII стст., Музей старажытнабеларускай культуры

Як сведчыць Ю. А. Заяц, агульная даследаваная плошча селішча складае 1900 м.кв. Даследчык адзначае, што на селішчы выяўлены рэшткі жылых і гаспадарчых пабудоў, развалы печаў X—XII і XIV—XVII стст. Па яго словах, вызначана, што ў V—VIII стст. яно мела плошчу 1,5-2 га., да пачатку X ст. — не меньш за 10 га., а да сяр. XI ст. — 40 га. З рэчаў знойдзеных на селішчы даследчык вылучае наступныя: фрагменты глінянага посуду культур штрыхаванай керамікі, банцараўскай, валынцоўскай, лукі-райкавецкай і роменскай, гліняныя прасліцы біканічныя з вялікай адтулінай, жалезныя нажы, ключы, наканечнікі стрэл, сякеры, парахоўніца, наральнікі, крэсівы, шыферныя прасліцы, тачыльныя брускі, бронзавыя спражкі, пярсцёнкі, фібулы, гіркі-разнавагі, накладкі на наборныя баявыя паясы, віслая пячатка князя Глеба (XII ст.), срэбраны дырхем 893 г.; да XIV—XVII стст. адносяцца керамічны посуд, кафлі, курыльныя люлькі, жалезныя нажы, ключы, відэлец, шкляны посуд, вырабы з каляровых металаў, срэбраныя, білонавыя і медныя манеты.3 (ст.223)

Узяцце Менска войскамі Ізяслава, Святаслава і Усевалада Яраславічаў у лютым 1067 г. (мініяцюра Радзівілаўскага летапісу).

Летапісны Менск[правіць | правіць зыходнік]

У 1930-х гг. А. Н. Ясінскі выказаў думку, што летапісны Менск першапачаткова размяшчаўся за межамі сучаснага горада, а дакладней на р. Менцы, дзе быў спалены падчас паходу паўднёварускіх князёў у 1066 (1067) г. (гл. артыкул «Росквіт дзяржаўнасці»). Аргументацыя А. Н. Ясінскага зводзілася да наступнага: 1. Сваёй назвай горад Менск абавязаны назве ракі с коранем мень-, і паколькі ракі с такой назвай на тэрыторыі сучаснага Мінска няма, то звяртае ўвагу на сябе рака, якая адпавядае назве горада і знаходзіцца недалёка ад яго. 2. Адсутнасць на тэрыторыі сучаснага горада археалагічных матэрыялаў, якія суадносіліся б як з часам першага згадвання Менска ў летапісу так і больш раннім. 3. Аб існаванні летапіснага Менска за межамі сучаснага горада ўскосна сведчыць летапіс, у якім гаворыцца, што пасля таго, як войска Яраславічаў узяло Менск, яно пайшло «к Немизе» (навошта было Яраславічам ісці ад Менска да р. Нямігі, якая якраз і працякае праз Мінск?).1 (ст.3)

Э. М. Загарульскі лічыць, што ніводнае з гэтых палажэнняў пакуль не даказана. Адносна гарадзішча на р. Мена, даследчык лічыць, што храналагічны аналіз матэр'ялаў сведчыць аб тым, што жыццё на паселішчы спынілася задоўга да таго, як на старонках летапісу з'явіліся першыя звесткі пра Менск.1 (ст.60) Спынене жыцця на паселішчы Э. М. Загарульскі звязвае з перасяленнем жыхароў на новыя месцы, што магло быць вынікам спусташэння глебы.2 (ст.67) Паводле Г. В. Штыхава, археалагічны комплекс на р. Мена з'яўляецца значным цэнтрам акругі ў густазаселенай мясцовасці2 (ст.69) і ён папярэднічаў узнікненню ўмацаванага замчышча на Нямізе. Даследчык лічыць дапушчальным, што паселішча і было першапачатковым Менскам, які ўзяў назву ад ракі,4 (ст.159) але прычыну спынення жыцця на паселішчы ён бачыць ў абмяльчэнні ракі і спыненні праз яе гандлёвага шляха.2 (ст.68-69)

Л. В. Аляксееў лічыць, што паселішча, верагодна, з'яўлялася племянным і рэлігійным (малое гарадзішча, магчыма, было капішчам) цэнтрам паўночных дрыгавічоў і мела назву Менск. Спыненне жыцця на паселішчы даследчык звязвае з захопам яго полацкім князем.2 (ст.68-69)

Ю. А. Заяц звяртае ўвагу на тое, што з рэчаў знойдзеных на гарадзішчы колькасна значна пераважваюць ключы, прадметаў узбраення і конскай збруі, а таксама накладкі на пояс дружыннікаў (адна з галавой бога Тора), дэталь кніжнай зашчэпкі, свінцовая пячатка з выявай князя ці святога на аверсе і літар «П,Г» (абрэвіятура «Помози Господи») на рэверсе, шкляныя і каменныя пацеркі і арабскі дырхем 893 г. Усе гэтыя знаходкі, на думку даследчыка, адпавядаюць менавіта ўзроўню гарадской культуры[2].

Па меркаванню Ю. А. Заяца, неўмацаванае паселішча з X ст. з'яўлялася эканамічным і, магчыма, культавым цэнтрам вясковых паселішчаў цэнтральнай тэрыторыі Беларусі. Верагодна, яно было і «местам» — тыпам неўмацаваных перадгарадскіх паселішчаў. З будаўніцтвам дзяцінца і пераўтварэннем «места» ў горад, на яго думку, неўмацаванае паселішча стала гарадскім пасадам, які раздзяляўся на некалькі частак рэчкай і ручаём. Гарадзішча было ўмацаваным цэнтрам (дзяцінцам) пасялення (горада) на р. Мена — цэнтра Менскай воласці дрыгавічоў, потым Менскага ўдзельнага княства Полацкай зямлі. Ю. А. Заяц падзяляе мяркаванне, што гэты горад, магчыма, называўся Менскам (Меньскам, Менескам) і папярэднічаў больш позняму адміністрацыйнаму цэнтру (сучасны Мінск), які быў пабудаваны пры ўпадзенні Нямігі ў Свіслач. Пасля разгрому паселішча ў 1067 г. і далейшым яго заняпаду гарадзішча ператварылася ва ўмацаваную феадальную сядзібу — «двор», а на частцы тэрыторыі пасада пачало фарміравацца мястэчка[2].

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  1. Э. М. Загорульский. Возникновение Минска. Минск: Издательство БГУ им. В. И. Ленина, 1982.
  2. Л. В. Алексеев. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. Книга 1. Москва: «Наука», 2006.
  3. Археалогія Беларусі. Энцыклапедыя ў двух тамах. 1 том. Мінск: «Беларуская энцыклапедыя» імя Патруся Броўкі, 2009.
  4. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: «Беларуская энцыклапедыя» імя Патруся Броўкі, 1993.
  5. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП «Экаперспектыва», 2000.
  6. Очерки по археологии Белоруссии, часть II. Минск, «Наука и техника», 1972.
  7. Ю. А. Заяц, О. Н. Левко. Археологическая научно-музейная экспозиция НАН Беларуси. Минск: «Беларуская навука», 2009.
  8. Лавыш К. А. Художественные традиции восточной и византийской культуры в искусстве средневековых городов Беларуси (X—XIV вв.). Минск, «Белорусская наука», 2008
  9. Вялікі гістарычны атлас Беларусі (у 3-х тамах). Том 1. Мінск, «Белкараграфія», 2009.
  10. Гістарычны атлас Беларусі. Том 1. Warszawa, «EFEKT», 2008.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]