Гараскоп
Гараскоп (ад стар.-грэч.: ὥρα — прамежак часу, перыяд і стар.-грэч.: σκοπός — назіральнік) — у астралогіі — схематычная выява «ўзаемнага становішча» планет у небе на пэўны момант часу.
У старадаўніх крыніцах гараскопам таксама называўся Асцэндэнт або знак, у якім Асцэндэнт знаходзіўся (т.зв. узыходны знак). У Найноўшы час у прэсе і папулярнай літаратуры гараскопам называецца не ўзыходны знак, а знак, у якім размешчана Сонца; таксама словам гараскоп называюцца астралагічныя «прагнозы», зробленыя на аснове схематычнай выявы, згаданай вышэй.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Узнікненне
[правіць | правіць зыходнік]Практыка складання гараскопаў з мэтай прадказання будучыні ўзнікла каля V ст. да н.э. у Месапатаміі[1], паклаўшы пачатак традыцыі гараскапічнай астралогіі, а канчаткова дактрына гараскапічнай астралогіі сфарміравалася ва II—I стст. да н.э. у эліністычным Егіпце са з'яўленнем канцэпцыі дамоў гараскопа. Гараскапічная астралогія выцесніла больш раннюю форму астралогіі — астралогію прадвесцяў, у якой пасля назірання якой-небудзь з'явы ў небе, жрацы звяраліся з запісамі пра тое, што адбывалася раней пры такіх жа з'явах, і на аснове гэтых звестак рабілі прагноз для гэтага выпадку. Класічны прыклад такой методыкі — клінапісны тэкст «Энума Ану Энліль», датаваны II тыс. да н.э.
Найстаражытнейшы з гараскопаў, які дайшоў да нашых дзён — клінапісны гараскоп з храмавых вавілонскіх архіваў, змяшчае астралагічныя даныя 29 красавіка 410 г. да н.э. Найстарэйшы з грэчаскіх гараскопаў — гараскоп каранацыі Антыёха Тэаса I Камагенскага (7 ліпеня 62 г. да н.э.), які з'яўляецца часткай манумента на вяршыні гары Німруд-Даг[1].
У розныя эпохі гараскопы маляваліся рознымі спосабамі. У ранніх месапатамскіх і грэчаскіх крыніцах адсутнічаюць графічныя выявы неба на момант складання гараскопа; адзінае выключэнне — грубая кругавая дыяграма ў папірусе першай паловы I ст. н.э. Першыя выявы гараскопаў сустракаюцца ў візантыйскіх крыніцах, дзе гараскопы прадстаўлены ў выглядзе квадратных дыяграм.
Зноскі
- ↑ а б Броль Р. В. (Куталёв Д.) 3.3. Возникновение и развитие «научной астрологии» Архівавана 4 жніўня 2014. // Астрология как историко-культурный феномен. Архівавана 9 жніўня 2014.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гараскоп