Перайсці да зместу

Геаграфія Бурундзі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Касмічны фотаздымак Бурундзі

Бурундзі — невялікая дзяржава ў Цэнтральнай Афрыцы. Плошча краіны складае 27.830 км² (крыху больш за Гродзенскую вобласць, крыху меней за Магілёўскую), з якіх 25 650 км² прыпадае на сушу. Бурундзі — дзяржава, якая не мае выхаду да мора. Агульная працягласць мяжы — 974 км: на захадзе — з Дэмакратычнай Рэспублікай Конга (233 км), на поўначы — з Руандай (290 км), на ўсходзе і паўднёвым усходзе — з Танзаніяй (451 км).

Становішча Бурундзі ва ўсходняй, найбольш прыўзнятай, частцы Афрыкі абумоўлівае пласкагорны характар рэльефу з сярэднімі вышынямі 1000-2000 метраў і значнымі іх перападамі. На паўднёвым захадзе плато спускаецца да возера Танганьіка, урэз вады якога (773 м) — самы нізкі пункт краіны; найвышэйшы ж (2684 м.) знаходзім усяго за 20 кіламетраў на ўсход аж возера — гэта гара Хеха ў хрыбце Бурундзі. Перапады вышынь, а разам і высокая сейсмічнасць, абавязаны праходжанню праз тэрыторыю краіны заходняй галіны Усходне-Афрыканскагіх разломаў.

Клімат Бурундзі пераходны ад экватарыяльнага (на паўночным захадзе) да субэкватарыяльнага, з двума сезонамі дажджоў: у верасні-лістападзе і лютым-маі — гэтак званыя зенітальныя дажджы, і двума сухімі сезонамі між імі. Сярэдняя колькасць ападкаў складае ад 1300 да 1600 мм. Тэмпературы не празмерна высокія дзякуючы значнай вышыні над узроўнем мора.

Нягледзячы на гідраграфічную дамінанту возера Танганьіка, што разлеглася ў рыфтавай даліне на паўднёва-ўсходняй мяжы, большая частка тэрыторыі Бурундзі адносіцца да басейна возера Вікторыя. Галоўная рака краіны — Рувубу, што пачынаецца на поўдні, цячэ на паўночны ўсход і ў рэшце рэшт далучаецца да Кагеры — прызнанага вытоку Ніла. Такім чынам, Бурундзі можа з гонарам назваць сябе калыскай вялікай афрыканскай ракі. Прынамсі, многія географы лічаць даўжыню Ніла ад вытока Руверонзы — прытока Рувубы.

Іншыя вялікія рэкі — Малагарасі і Рувуву, вада якіх выкарыстоўваецца для арашэння ва ўсходняй і заходняй частках краіны.

Ландшафты. Ахова прыроды

[правіць | правіць зыходнік]
Савана ў Бурундзі

Большая частка тэрыторыі Бурундзі занята саванамі з тыпова афрыканскімі флорай і фаўнай. У вобласці экватарыяльна клімату на паўночным захадзе захаваліся вільготныя лясы. Аднак завысокі антрапагенны ціск пакідае мала шанцаў слаўным насельнікам саван і гілей, як і самім гілеям. Каб захаваць хоць нейкія некранутыя ўчасткі прыроды, ў 1982 былі створаны нацыянальныя паркі Кібіра (ахоўваюцца экватарыяльныя лясы) і Рувубу (саванавая і прырэчная фаўна: нільскія кракадзілы, бегемоты, буйвалы, вадзяныя казлы.