Перайсці да зместу

Георгій Іванавіч Ількевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Георгій Іванавіч Ількевіч
Дата нараджэння 15 красавіка 1935(1935-04-15) (89 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці навуковец
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат геолага-мінералагічных навук
Альма-матар
Прэміі
Дзяржаўная прэмія БССР

Георгій Іванавіч Ільке́віч (15 красавіка 1935, вёска Бараўцы, Вілейскі раён, Мінская вобласць) — беларускі геолаг, заслужаны геолаг СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986). Кандыдат геолага-мінералагічных навук.

Скончыў у 1958 геолага-геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «інжынер-геолаг», працаваў у арганізацыях РУП «Белгеалогія» на пасадах ад старшага калектара да начальніка геолагаздымачнай экспедыцыі (1967), з 1976 — галоўны геолаг Беларускай гідрагеалагічнай экспедыцыі. 3 2000 у Інстытуце геалагічных навук НАН Беларусі, з 2004 — у Дзяржаўнай установе «БелГКА», намеснік генеральнага дырэктара. У 1997—2002 па сумяшчальніцтве дацэнт кафедры дынамічнай геалогіі БДУ, чытаў спецкурсы «Гісторыя і метадалогія геалагічных навук», «Арганізацыя і эканоміка геалогіі», «Мінерагенія», «Спецыфіка правядзення геалагічных даследаванняў і пошуку карысных выкапняў у Беларусі», «Рэгіянальныя геалагічныя даследаванні». Навуковыя працы па методыках і праграмах рэгіянальных даследаванняў Беларусі, складанні зводных геалагічных картаў, вывучэнні стратыграфіі антрапагенных адкладаў, геалагічнай будовы і карысных выкапняў.

Пад яго кіраўніцтвам і пры яго ўдзеле выкананы рэгіянальныя буйна- і сярэднемаштабныя даследаванні ў розных рэгіёнах Беларусі, якія прывялі да адкрыцця радовішчаў жалезнай руды, рэдкіх металаў, бурага вугалю, будаўнічых матэрыялаў, праяў бурштыну і інш. Значны ўклад Г. Ількевіч унёс у водазабеспячэнне гарадоў і буйных прадпрыемстваў краіны прэснымі падземнымі водамі, у пошук і разведку мінеральных падземных вод, у вырашэнне пытанняў геа- і радыеэкалогіі.

Аўтар і рэдактар карт Беларусі: сярэдне- і дробнамаштабных чацвярцічных і дачацвярцічных адкладаў, геамарфалагічнай, металагенічнай і інш., у т.л. Дзяржаўнай геалагічнай карты. У Інстытуце геалагічных навук НАН Беларусі на пасадзе вядучага навуковага супрацоўніка працаваў над стварэннем «Нацыянальнага атласа Беларусі» (2002) — адказны рэдактар раздзелаў «Геалагічная будова і рэсурсы нетраў», «Рэльеф і геамарфалогія», адзін з аўтараў 13 карт. Сааўтар некалькіх раздзелаў і член рэдкалегіі надрукаваных у 2001-04 манаграфій «Геология Беларуси», «Полезные ископаемые Беларуси», «Основы геологии Беларуси». У гэты перыяд выдаецца міжнародная карта «Land and Sea Atlas of Northern Europe» і дзве карты Усходне-Еўрапейскай платформы, дзе ён таксама сааўтар і член рэдкалегіі.

У Беларусі Г. І. Ількевічам адкрыты новы тып структур — Лагойскі метэарытны кратар; адклады, якія яго запаўняюць, вывучаны і апісаны разам з А. С. Махначом і інш. У 1991 пры ўдзеле навукоўцаў МДУ імя М. Ламаносава выдадзена манаграфія «Логойская астроблема». Таксама ўпершыню свідравінай каля Магілёва ўскрыты і апісаны сумесна з А. С. Махначом (1962) тыліты і іншыя асадкавыя пароды, якія атрымалі назву вільчанскай світы. У крышталічным фундаменце Беларусі сумесна з іншымі даследчыкамі выяўлены бялёўская світа ніжняга пратэразою і рэдкаметальныя жухавіцкія граніты.

3 1982 па 1992 год Г. І. Ількевіч уваходзіў у склад рабочых груп і камісій Міністэрства геалогіі СССР па выпрацоўцы праграм па рэгіянальным вывучэнні нетраў, складанні інструкцый і метадычных дапаможнікаў для падрыхтоўкі да выдання Дзяржаўнай карты СССР маштабу 1:50000, па глыбінным вывучэнні; пры Усесаюзным інстытуце мінеральнай сыравіны — па стварэнні новых даведнікаў каштарысных норм па рэгіянальным геолага-гідрагеалагічным даследаванні і буравых работах. 3 1995 ён прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у Міжнароднай камісіі па геалагічнай карце свету і ўваходзіць у склад падкамісіі па Паўночнай Еўразіі.

Г. І. Ількевіч — аўтар і сааўтар больш чым 200 друкаваных прац, у т.л. двух вучэбных дапаможнікаў. Ён адзін з адказных выканаўцаў Праграмы развіцця рэгіянальных геолагаздымачных і геафізічных работ тэрыторыі Беларусі да 2005 года, адзін з распрацоўшчыкаў дзяржаўных праграм геолагаразведачных работ па развіцці мінеральна-сыравіннай базы Рэспублікі Беларусь на 2006—10 гады і да 2020 года.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986) за распрацоўку навуковых асноў геалогіі антрапагену і геамарфалогіі і ўкараненне іх у практыку геолагаразведачных работ.

Зноскі

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1998. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2
  • Георгій Іванавіч Ількевіч (Да 75-годдзя з дня нараджэння) // Літасфера. № 2(33). 2010.