Герб Мінска
Герб Мінска | |
---|---|
![]() |
|
Дэталі | |
Зацверджаны | 27 сакавіка 2001 |
Заснаванне | 27 сакавіка 2001 |
Герб Мінска — змяшчае выяву ўшэсця Багародзіцы, яе постаць у чырвона-фіялетавым адзенні на срэбным воблаку ўзносяць на неба два анёлы і над імі два херувімы. Герб нададзены гораду ў 1591 годзе. Паводле падання, абраз Ушэсця Багародзіцы прыплыў у горад уверх па цячэнню Свіслачы з Кіева, разбуранага татарамі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]
Яшчэ ў першым прывілеі на Магдэбургскае права Менску, выдадзеным каралём і вялікім князем Аляксандрам 14 сакавіка 1499 года, агаворвалася, што месцічы «на месцу годнам маюць справіці ратуш… на ратушу, маюць меці бочку мерную і медніцу з знаменем мескім». У наступным прывілеі караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста таксама ўпамінаецца «знаменне мескае», аднак яго выгляд дагэтуль дакладна не вядомы.
12 студзеня 1591 году выйшаў чарговы вялікакняжскі прывілей, у першай частцы якога тлумачыліся прычыны яго надання. У ім гаворыцца, што мяшчане «места… меньскага» мелі з даўніх часоў «герб на пячаць мескую», які быў у першым прывілеі, у якім «герб мескі апісан і вымалеван быў», згарэў пры пажары ў менскім замку, у сувязіз чым месцічы «невядомасцю сваею і да таго часу да ўжывання ўласнага гербу прыйці ня могучы, уніжоне прасілі нас, гаспадара, абыхма ім, аб’ясняючы і ва ўжывання прыводзячы герб на іх пячаць мескую надалі…». Далей ішоў пераказ зместу папярэдніх прывілеяў і толькі ў канцы гаварылася «Ку таму, паказуючы ім у том ласку нашу гаспадарскую, ку аздобе і ўчціваму захаваньню таго места нашага Меньскага надаем ім на герб да пячаці мескае на ратуш фіґуру ўнебаўзяцьця панны Марыі, і ў сем лісьце нашам вымалеваці есьма тую фігуру вялелі… каторае ўжо ані за герб у пячаці мескай вечне ўжываці… маюць».
Гарадскія ўлады Менску ў XVI—XVIII стагоддзях карысталіся не менш як пяццю рознымі пячацямі, на чатырох з якіх ужываўся гарадскі герб. Стыль і тлумачэнне выявы гарадскога герба, таксама ягоная мова і змест легенды на пячацях залежалі ад агульнапалітычных фактараў таго або іншага перыяду, прытым сама ідэя герба і яго змест заставаліся без змен[1].
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у студзені 1793 году Мінск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. 22 студзеня 1796 года, загадам імператрыцы Кацярыны II быў «пакінуты» герб Мінска «без змены: а для абазначэння далучэння і падданства гэтага краю да Расійскай імперыі, малюецца Дзяржаўны герб, гэта значыць, двухгаловы арол, на грудзі ж яго пакладзены герб Мінска».
- Гістарычныя выявы герба Мінска
-
1592 г., паводле Б. Стажынскага, 1875—1900 гг.
-
Б. Стажынскі, 1875—1900 гг.
-
Т. Дмахоўскі, 1910 г.
-
На сцягу Мінскага палку стральцоў, 1919 г.
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі за савецкім часам герб не выкарыстоўваўся.
5 верасня 1991 года гарадскія ўлады пацвердзілі гістарычны герб места[2]. Герб і сцяг Мінска зацверджаныя рашэннем Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў ад 27 сакавіка 2001 года № 160 «Аб зацвярджэнні палажэння аб гербе горада Мінска і палажэння аб сцягу горада Мінска».
У працы па рэканструкцыі гістарычнага герба прымалі ўдзел М. М. Елінская, Р. С. Жаўняркевіч, С. Я. Рассадзін[3].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Барочны шчыт, у блакітным полі якога выява Маці Божай на срэбным воблаку ў чырвона-сінім адзенні, два анёлы і два херувімы[4].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Цітоў А. Сімвалы горада і Менскага ваяводства: Пячаткі і герб // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска.. — Мн. С. 216
- ↑ Рашэнне Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў ад 5 верасня 1991 г. № 167 «Аб гербе г. Мінска і аб вяртаньні гораду яго гістарычнай назвы Менск»
- ↑ Герб Мінска
- ↑ «Об утверждении Положения о гербе города Минска и Положения о флаге города Минска», 27.03.2001 г.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.