Голас вёскі
| «Голас вёскі» | |
|---|---|
| Тып | газета |
| Заснавана | 1 кастрычніка 1941 |
| Спыненне публікацый | 16 чэрвеня 1944 |
| Мова | беларуская |
| Галоўны офіс | |
«Голас вёскі» — газета, якая выдавалася з 1 кастрычніка 1941 да 16 чэрвеня 1944 гг. у Мінску на беларускай мове пад кантролем нямецкіх акупацыйных улад у перыяд Другой сусветнай вайны. Галоўныя рэдактар: М. Караленка, Я. Кіпель, А. Сянькевіч. Мастаком да першай паловы 1942 года быў Уладзімір Леановіч, пасля Янка Кашкель[1]. Выйшла 130 нумароў.
Распаўсюджвалася пераважна ў сельскіх раёнах Генеральнай акругі Беларусь.

Сядзяць (злева направа): Уладзіслаў Казлоўскі, Наталля Арсеннева, Аляксей Сянкевіч.
Стаяць (злева направа): Уладзімір Кушаль, Антон Адамовіч, Караленка. Мінск, снежань 1942 г.
Тэндэнцыйна асвятляла падзеі на франтах Другой сусветнай вайны, друкавала распараджэнні акупацыйных улад, прамовы А. Гітлера, А. Розенберга, В. Кубэ, Крытыкавала калгасную сістэму, усхваляла нацысцкі «новы аграрны парадак», аналізавала гаспадарчыя магчымасці беларускіх зямель, сялянскае жыццё ў замежных краінах. Парады земляробам і сельскім жыхарам друкаваліся ў рубрыках «У дапамогу сельскаму гаспадару», «Куток вясковай жанчыны», «Парады гаспадыні», «Ветэрынарныя парады» і інш.
Шмат увагі аддавала гісторыі і культуры Беларусі (праца «Беларусь учора і сення» і артыкул «Каляды на Беларусі» Я. Найдзюка, артыкул «Магілёў і яго барацьба за свае правы» З. Байдацкага, «Як верылі нашы продкі» М. Шчаглова, «Народнае выяўленчае мастацтва» У. Глыбіннага), пісала пра сталінскія рэпрэсіі ў 1930-я гады (урыўкі з кнігі «Валадары ГПУ» К. Альбрэхта, артыкул «Апошні разгром беларускай інтэлігенцыі» У. Клішэвіча і інш.). У газеце апублікаваны раман «Наўсуперак лесу» М. Дуброўскага (Р. Мурашкі).
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Valodzin U. 2022, p. 356.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Жумар, С. «Голас вёскі» / Сяргей Жумар // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 56. — ISBN 985-11-0041-2.
- Valodzin U. Janka Kaškiel: An Accomplice in Crimes or the Victim of Two Dictatorships? The Fate of a Caricaturist in the Service of the Stalinist and Nazi Regimes // Dailės istorijos studijos. — 2022. — Т. 5. — P. 351–370. — DOI:10.53631/DIS/2012.5.18
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Голас вёскі на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларуская энцыклапедыя»