Перайсці да зместу

Горвальская аперацыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Горвальскі бой
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна
physical
Казуліцкія баі
Казуліцкія баі
Дата 19 лістапада 1943
Вынік перамога партызан
Праціўнікі
Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі
Партызанская брыгада «Жалязняк»
108-ы партызанскі атрад імя Р. І. Катоўскага
Трэці рэйх Нямецкія акупацыйныя войскі і іх саюзнікаў

Горвальская аперацыя — разгром партызанскай брыгадай «Жалязняк», партызанскай брыгадай імя П. К. Панамарэнкі і 108-ым партызанскім атрадам імя Р. І. Катоўскага нямецка-фашысцкіх часцей у вёсцы Горваль Рэчыцкага раёна 19 лістапада 1943 года.

У ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі пад ударамі 48-й і 65-й армій Беларускага фронту, якія наступалі, нямецкія войскі пачалі спешна адступаць у напрамку Бабруйска. Камандаванне Беларускага фронту паставіла партызанам задачу 16 лістапада перакрыць дарогу з Рэчыцы на Горваль і Шацілкі і не прапусціць па ёй гітлераўскія часці, што адступалі.

Партызаны замініравалі дарогі, выкарысталі тактыку засад, нечаканыя атакі, у выніку чаго праціўнік не змог прабіцца з Горваля на Шацілкі. Больш за суткі партызаны вялі бой з праціўнікам, які меў на ўзбраенні танкі, бронемашыны, артылерыю. Гітлераўцы пацярпелі вялікія страты ў жывой сіле, пакінулі больш за 25 аўтамашын і вярнуліся ў Горваль, пачалі наспех наводзіць пераправу цераз Бярэзіну, каб на яе левым беразе злучыцца з гомельскай групоўкай. Атрымаўшы загад разграміць праціўніка, партызаны 19 лістапада ўварваліся ў Горваль, імклівай атакай прыціснулі да ракі гітлераўцаў, якія кінуліся перапраўляцца ўплаў, але мала каму з іх удалося дасягнуць берага.

У гэтым баі партызаны знішчылі больш за 150 салдат і афіцэраў, захапілі ўсю тэхніку ворага, у тым ліку 110 аўтамашын, гружаных боепрыпасамі, прадуктамі і абмундзіраваннем. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі пераправіцца цераз Бярэзіну і зноў захапіць Горваль, але партызаны моцна ўтрымлівалі свае пазіцыі на працягу 5 сутак да падыходу часцей Чырвонай Арміі.

У Горвалі ў памяць аб баявых дзеяннях партызан у 1977 годзе пастаўлены абеліск.

  • В. В. Гетаў. Горвальская аперацыя // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 176. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.