Шапка дыяметрам 6—8 см, падушкападобная, гладкая, слізкая, мясістая, брудна-белая, потым аліўкава-бурая, паверхня часта з трэшчынкамі. Мякаць белавата-жаўтаватая, на зломе сінее, потым чарнее. Гіменафор белы, потым пясочна-шараваты, палевы, выемчаты. Ножка цыліндрычная, суцэльная, каля асновы патоўшчаная, лускаватая, уверсе бура-аліўкавая, унізе бураватая. Споры верацёнападобна-эліпсоідныя, гладкія, жоўта-бурыя.
Пашыраны ў Еўропе, у тым ліку ў Прыбалтыцы, Закаўказзі, на Украіне, у Краснадарскім краі Расіі, на Урале; на Беларусі рэдкі від, выяўлены ў Брэсцкай вобласці. Расце ў лісцевых лясах, пераважна з грабовым дрэвастоем. Пладаносіць у чэрвені—верасні.
Грабовік // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.