Граматычны лік
Лік — граматычная катэгорыя, якая служыць для выражэння колькасці[1].
Поруч з паказчыкамі ліку сродкамі выражэння колькасці ў мове могуць быць лічэбнікі (адзін, пяць), некаторыя назоўнікі, прыметнікі і прыслоўі (пара, сотня, адзіны, некалькі, многа і інш.)[1].
Мовы, у якіх ёсць лексічныя сродкі выражэння колькасці, але адсутнічаюць граматычныя сродкі (граматычныя катэгорыі ліку) сустракаюцца вельмі рэдка (напрыклад, в’етнамская, лаоская мовы і інш.). Мовы без граматычнай катэгорыі ліку — з’ява яшчэ больш рэдкая, чым мовы без катэгорыі роду, склону і пэўнасці/няпэўнасці[1].
Адрозніваюць:
- семантычную граматычную катэгорыю ліку назоўнікаў і асабовых займеннікаў (субстантыўны лік),
- сінтаксічную (дапасавальную) граматычную катэгорыю ліку прыметнікаў і дзеясловаў[1].
У беларускай мове
[правіць | правіць зыходнік]У сучаснай беларускай мове адрозніваюцца дзве формы ліку: адзіночны і множны, якія размяжоўваюць прадметы паводле іх колькасных суадносін (стол — сталы) ці значэння (выбар — выбары). Асноўныя сродкі іх выражэння — канчаткі (дом — дамы), словаўтваральныя афіксы (неба — нябёсы), суплетывізм асноў (я — мы)[2]. У нескланяльных назоўнікаў форма ліку выражаецца сінтаксічна па форме дапасаванага азначэння: легкавое таксі — легкавыя таксі[3].
Адналікавыя і парналікавыя назоўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Большасць назоўнікаў мае суадносныя формы адзіночнага і множнага лікаў (парналікавыя). Пэўная частка назоўнікаў не ўтварае адпаведных пар і выступае ў пастаяннай форме толькі адзіночнага ліку (адзіночналікавыя, або singularia tantum) ці толькі множнага (множналікавыя, або pluralia tantum)[2].
Да адзіночналікавых назоўнікаў адносяцца[3]:
- рэчыўныя: вугаль, капуста, малако;
- зборныя: смецце, сялянства, галлё;
- большасць абстрактных, якія абазначаюць дзеянне, працэс, псіхічны стан, прыметы і іншае: дабро, блакіт, смех;
- назвы формаў дзяржаўнага і грамадскага ладу, плыняў мастацтва, галін навукі: кансерватызм, рэалізм, лінгвістыка;
- назвы напрамкаў свету: поўдзень, поўнач, захад, усход;
- назвы месяцаў: студзень, красавік, ліпень;
- уласныя назвы: Беларусь, Еўропа, Іван.
Многія з пералічаных адзіночналікавых назоўнікаў у асобных кантэкстах могуць мець і форму множнага ліку, але пры гэтым яны набываюць не граматычнае значэнне множнасці, а новае лексічнае значэнне[3].
Да множналікавых адносяцца назоўнікі, якія абазначаюць[4]:
- канкрэтныя прадметы, што складаюцца з дзвюх або некалькіх аднолькавых частак: акуляры, дзверы, сані;
- рэчывы, прадукты, адыходы вытворчасці: дрожджы, зёлкі, памыі;
- гульні, звычаі, абрады, святы: каляды, шахматы, імяніны;
- прамежкі часу ці прасторавыя паняцці, прыродныя з’явы: замаразкі, суткі, канікулы;
- сукупнасць чаго-небудзь як мноства: грошы, нетры, фінансы;
- ад’ектыўныя назоўнікі, якія з’яўляюцца батанічнымі і заалагічнымі тэрмінамі, некаторыя сельскагаспадарчыя тэрміны : млекакормячыя, цытрусавыя, азімыя;
- некаторыя ўласныя назвы: Альпы, Філіпіны, Пухавічы.
Множналікавыя назоўнікі, што абазначаюць прадметы, якія можна пералічыць (вароты, граблі, сані), а таксама прамежкі часу (суткі, канікулы) не пазбаўлены супрацьпастаўлення «адзінкавасць — множнасць». Значэнне ліку ў іх выражаецца сінтаксічна: адзіночнага — спалучэннем са словам адны ў яго лічбавым сэнсе (адны сані, адны вароты, адны суткі), множнага — спалучэннем са зборнымі ці колькаснымі лічэбнікамі (двое варотаў, трое саней, пяць сутак, некалькі сутак). Усе астатнія множналікавыя назоўнікі з лічэбнікамі не спалучаюцца і не здольныя выражаць супрацьпастаўленне «адзінкавасць — множнасць»[3].
Лік у розных часцінах мовы
[правіць | правіць зыходнік]Супрацьпастаўленне адзіночнага ліку множнаму ў граматычнай сістэме ажыццяўляецца шляхам супрацьпастаўлення дзвюх парадыгмаў: у назоўніку — усіх шасці склонаў адзіночнага ліку шасці адпаведным склонам множнага, у дзеяслове — усіх трох асоб адзіночнага ліку адпаведным тром асобам множнага і г. д. Такім чынам, граматычнае значэнне ліку выражаецца сістэмай склонавых канчаткаў у скланяльных і асабовых канчаткаў у спрагальных часцін мовы[3].
Лік як граматычная катэгорыя ўласцівы назоўнікам, прыметнікам, асабовым займеннікам, дзеяслову. Аднак калі ў назоўніках і асабовых займенніках лік — гэта намінатыўная граматычная катэгорыя, якая адлюстроўвае аб’ектыўную рэальнасць, то ў астатніх часцінах мовы катэгорыя ліку, як правіла, не самастойная, не намінатыўная[3].
Прыметнікі (а таксама тыя займеннікі, якія скланяюцца як прыметнікі: мой, твой, такі, гэты, які, каторы, чый, свой, увесь, усякі, сам, самы, ніякі і пад.) дапасуюцца да назоўнікаў і прымаюць форму таго ліку, што і назоўнік. У тых выпадках, калі назоўнік нязменны, прыметнік сам паказвае на лік назоўніка: маё новае паліто — мае новыя паліто. Тое ж самае тычыцца і дзеепрыметнікаў[3].
Асобныя займеннікі (сябе, хто, нехта, нешта, ніхто, нішто і інш.) наогул не маюць катэгорыі ліку. Не ўласціва гэта граматычная катэгорыя і лічэбнікам, за выключэннем слова адзін, якое мае форму ліку пры спалучэнні з множналікавымі назоўнікамі: адзін стол, але — адны сані[3].
Лік у дзеясловах — таксама катэгорыя сінтаксічная, словазменная. Яна выражае аднесенасць дзеяння да аднаго суб’екта або да некалькіх суб’ектаў шляхам каардынацыі дзеяслова з адпаведнай формай назоўніка ці займенніка (самалёт ляціць — самалёты ляцяць, я іду — мы ідзём). Толькі ў аднасастаўных сказах лік дзеяслова мае самастойнае значэнне: Стаю ля варот і чакаю. Форма множнага ліку ў некаторых аднасастаўных сказах можа ўказваць на тое, што дзеянне выконваецца невядомай ці знарок не названай асобай (Вас выклікаюць; Яму паведамілі тэлеграмай; Калі будзеце патрэбныя, вас паклічуць)[3].
Парны лік
[правіць | правіць зыходнік]Побач з формамі адзіночнага і множнага лікаў у некаторых беларускіх гаворках захаваліся рэшткі былога парнага ліку (дзве руцэ), якія для сучаснай беларускай літаратурнай мовы не характэрныя[2].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 Лік // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: В. В. Калістратава (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2014. — Т. 5. — С. 97—98. — 664 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0805-9.
- 1 2 3 Лік // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 256. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Беларуская мова 1994, с. 308—309.
- ↑ Беларуская мова: энцыклапедычны даведнік / пад агул. рэд. Д.В. Дзятко. — Мн.: Беларусь, 2022. — С. 191. — 495 с. — ISBN 978-985-01-1558-4.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- І. Я. Лепешаў. «Сучасная беларуская мова: спрэчныя пытанні». Гр., 2002
- Лік // Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 308—309. — 654 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-126-9.