Клеткі рухомыя, з двухбаковай сіметрыяй, эліпса-, яйца-, грыбападобныя або сферычныя. Абалонка кволая ці грубая, цвёрдая, часам баразнаватая. Ад перакрыжавання папярочнай і падоўжанай баразён па абалонцы адыходзяць 2 жгуцікі. Клетачнае ядро звычайна ў цэнтры. Храматафоры шматлікія або адзінкавыя, жоўта-бурыя ці аліўкава-зялёныя, нярэдка адсутнічаюць. Вочка часцей адсутнічае.
Каля 150 прэснаводных, саланаватаводных і марскіх відаў пашыраны ў планктоне вадаёмаў рознага тыпу, асабліва ў невялікіх са стаячай вадой (азёрах, балотах, сажалках, лужынах і інш.). На Беларусі адзначаны ў Прыпяці і на Дняпры, у азёрах і вадасховішчах. Выклікаюць цвіценне вады — падлёднае і летам.