Гісторыя майго жыцця — песня беларускага гурта NAVI, які прадстаўляў Беларусь на «Еўрабачанні-2017». Аўтарам песні з’яўляецца саліст групы Арцём Лук’яненка. 30 лістапада 2016 года быў зняты кліп на песню, 7 сакавіка 2017 года гуказапісная студыя MediaCube Music выпусціла сінгл для спампавання з Інтэрнэту. Гэта песня стала першай песняй, выкананай на «Еўрабачанні» на беларускай мове[1][2].
Гурт NAVI падаў сваю заяву на ўдзел у беларускім нацыянальным адборы 26 лістапада 2016 года[3], і 30 лістапада гурт уключылі ў лік 13 фіналістаў нацыянальнага адбору з песняй «Гісторыя майго жыцця»[4]. Фінал прайшоў 20 студзеня 2017 года, і гурт выйграў нацыянальны адбор: ён заняў 1-е месца па выніках галасавання журы і 5-е месца па выніках галасавання тэлегледачоў, стаўшы ўдзельнікам «Еўрабачання» ад Беларусі[1]. Упершыню ў гісторыі «Еўрабачання» песня была выканана на беларускай мове — раней па-беларуску выступалі толькі ўдзельнікі Дзіцячага Еўрабачання[2]. Беларусь выступіла ў другім паўфінале конкурсу 11 мая 2017 года[5][6]. З гэтай песняй NAVI трапілі ў фінал конкурсу, дзе затым занялі 17-е месца.