Перайсці да зместу

Давер Аляксандра Македонскага да лекара Філіпа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Генрых Семірадскі
Давер Аляксандра Македонскага да лекара Філіпа. 1870
Матэрыял Палатно
Тэхніка алей
Памеры 245 × 346,5 см
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Мінск
(інв. РЖ-712)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Давер Аляксандра Македонскага да лекара Філіпа (руск.: Доверие Александра Македонского врачу Филиппу) — карціна рускага мастака Генрыха Семірадскага (18431902), напісаная ў 1870 годзе. З'яўляецца часткай збору Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў Мінску. Памер карціны — 245 × 346,5 см[1].

У 1864 годзе Генрых Семірадскі адправіўся ў Пецярбург, каб стаць вучнем Імператарскай Акадэміі мастацтваў. Паколькі Семірадскаму ўжо споўніўся 21 год, а ў вучні прымалі да 20 гадоў, яго залічылі толькі вольным слухачом, аднак ён вучыўся так добра, што ў 1866 годзе быў прыняты ўжо ў лік вучняў. Выканаўшы праграму на Малы залаты медаль, Семірадскі атрымаў права ўдзельнічаць у конкурсе на Вялікі залаты медаль і ў лістападзе 1870 прадставіў на экзамен карціну «Давер Аляксандра Македонскага да лекара Філіпа»[1]. Паводле слоў Алены Зорынай, ён прадэманстраваў веды анатоміі, жывапіснае і кампазіцыйнае майстэрства. Тут упершыню выявіліся якасці ўсёй будучай творчасці мастака — мяккія, «цякучыя» сілуэты, выразнасць дэталяў і праца са святлом; бездакорнае тэхнічнае выкананне[2].

Журы Акадэміі 4 лістапада аднадушна прысудзіла яму вялікі залаты медаль і права замежнай паездкі за казённыя сродкі[3]. Характэрна, што У. В. Стасаў заўважыў карціну на акадэмічнай выстаўцы і даў ёй падрабязны разбор, у якім, у прыватнасці, заявіў, што «спадар Семірадскі не належыць да натоўпу»[4].

Сюжэт і апісанне

[правіць | правіць зыходнік]

У аснову карціны лягла легенда, якая распавядае пра тое, як Аляксандра Македонскага, які цяжка захварэў у адным з паходаў, лячыў лекар Філіп  (англ.) — не толькі лекар, але і блізкі сябра палкаводца. Ворагі Філіпа, што зайздросцілі яму, напісалі данос, дзе абвінавацілі яго ў намеры атруціць Аляксандра: у чары з лекамі яму нібыта будзе дабаўлены яд. Македонскі прачытаў данос і, калі лекар прынёс яму лекі, выпіў іх, а данос аддаў Філіпу з просьбай прачытаць пры ім[1].

На карціне намаляваны самы напружаны момант легенды. У пакоі, абвешаным дыванамі, на ложку, пакрытым тыгровай скурай, з чарай у руцэ ляжыць вялікі палкаводзец Аляксандр Македонскі. Струмень сонечнага святла мякка асвятляе яго схуднелы за час хваробы твар, моцныя аголеныя грудзі. Уважлівы позірк Аляксандра не адрываецца ад твару лекара, які стаіць перад ім і чытае данос на самога сябе. У вачах Аляксандра тоіцца хутчэй інтарэс, чым падазронасць, ён не верыць у вінаватасць Філіпа. Аляксандр Македонскі ў трактоўцы Семірадскага — ідэальны класіцыстычны герой, выдатны маральна і фізічна. У яго вобразе ўвасоблена ідэя чысціні і высакароднасці чалавечых адносін, перад якімі бяссільныя любыя паклёпы. Складаная кампазіцыя пабудавана па строгіх акадэмічных канонах, вельмі старанна выпісаны даспехі Аляксандра, якія ляжаць на крэсле і стале: шчыт, шлем, меч у багатых ножнах, упрыгожаных каштоўнымі камянямі, пунсовы плашч, іншыя рэчы інтэр'ера. Усё тое, што пазней будзе выклікаць цікавасць гледачоў у карцінах Семірадскага, — захапляльнасць сюжэта, артыстызм выканання — ужо ёсць у гэтай рабоце, якая падводзіць вынік гадам вучнёўства[1].

Зноскі

  • Зорина Е. Семирадский. — М.: Белый Город, 2008. — 48 с. — ISBN 978-5-7793-1431-2.
  • Карпова Т. Л. Генрих Семирадский: Альбом. — СПб.: Золотой век, 2008. — 400 с.
  • Лебедева Д. Н. Генрих Семирадский. — М.: Арт-родник, 2006. — 96 с.