Тыгр (Panthera tigris) — драпежная жывёла з сямейства кашачых. Тыгр займае ганаровае месца сярод буйных драпежнікаў.
Двума асноўнымі і самымі буйнымі падвідамі тыгра з'яўляюцца індыйскі (бенгальскі) і амурскі (сібірскі) — маса самцоў складае 180—275 кг, але ў асобных выпадках маса можа перавышаць 300 кг. Даўжыня цела тыгра без хваста ў залежнасці ад падвіду вагаецца ад 1,4 да 2,8 м, хваста ад 60 да 110 см. Вышыня ў карку да 1,15 м. Звычайны дарослы самец у прыродзе важыць у сярэднім 200—240 кг (бенгальскі каля 220 кг, амурскі каля 225 кг, бенгальскі ў паўночнай Індыі і Непале каля 240 кг) пры даўжыні цела 2,9 — 3 м разам з хвастом і ў карку 95 — 102 см. Маса самак складае 100—180 кг, у асобных выпадках да 200 кг. Сярэдняя — 130—150 кг пры даўжыні цела карацей чым у самца на 30 — 45 см.
Самкі ў сярэднім менш за самцоў, прадстаўнікі паўночных відаў тыграў буйнейшыя за паўднёвых.
Тыгр — від выключна азіяцкі. Яшчэ некалькі стагоддзяў назад вобласць яго рассялення дасягала Казахстана і Паўночнага Ірана. Цяпер на большай частцы ранейшага арэала тыгры знішчаныя; найбольшыя папуляцыі захаваліся ў Індыі і Індакітаі. У межах Расіі невялікая папуляцыя тыграў маецца толькі на Далёкім Усходзе, у Прыморскім краі. Сёння сустрэць тыгра у яго натуральным жыццёвым асяроддзі — вялікая рэдкасць.
Агульнае пагалоўе віду ў прыродзе ацэньваюць у 4000-6500 асобін.
Тыгры засяляюць розныя месцапражыванні, уключаючы мангравыя балоты і бамбукавыя гушчары ў тропіках, густыя лясы ў больш прахалодных абласцях, голыя камяністыя сопкі і тайгу на поўначы. У гарах яны падымаюцца вышэй за 3000 м над узроўнем мора. У залежнасці ад дастатку мясцовай фаўны, індывідуальная паляўнічая тэрыторыя аднаго дарослага тыгра займае ад 200 да 3000 км2.
Здабычай тыгру служаць капытныя (дзікі, алені, казулі) і шматлікія іншыя жывёлы, уключаючы малпаў, чарапах, неядавітых змей, рыбу, крабаў, жаб і насякомых.
Калі не лічыць шлюбнага сезону і перыяду догляду маці за патомствам, тыгры вядуць адзіночны спосаб жыцця. Спарванне адбываецца без асабістай сезоннасці, але часцей за ўсё зімою. Цяжарнасць працягваецца 102—106 дзён. Тыгрыца нараджае, звычайна, раз на 2 гады. У адным кодле звычайна па 2-4 тыграня. Дзіцяняты жывуць з маці першыя 2-3 гады. Палавая сталасць надыходзіць у 3-4 гады ў самак і ў 4-5 гадоў у самцоў, хаця ў заапарках дапускаюць да размнажэння і двухгадовых. За ўсё сваё жыццё самка прыносіць 10-20 тыгранят, з якіх выжывае меншая частка. Пражыць тыгр можа да 26 гадоў.
Тыгры вядуць лад жыцця адзіночак, яны трымаюцца пэўнай тэрыторыі лесу, якую пільна ахоўваюць ад тыграў-суседзяў. Гэта актыўныя драпежнікі, якія не ядуць трупы. Тыгр аддае перавагу свежаму мясу і палюе звычайна на капытных сярэдняга памеру — аленяў, казуль, дзікоў. Галоўны вораг тыгра — голад. Кожная асобіна патрабуе вялікіх паляўнічых угоддзяў. Многія тыгры гінуць з-за недахопу ежы ці з-за вострай канкурэнцыі за паляўнічыя ўчасткі. Звычайна тыгры пазбягаюць людным месцаў і не спакушаюцца лёгкай здабычай накшталт свойскай скаціны. І толькі там, дзе людзі выцясняюць тыграў з іх тэрыторыі, апошнія могуць нападаць на буйвалаў, нават коз і сабак у будках.
Параненыя і старыя звяры, няздольныя паляваць на хуткіх аленяў, могуць зрабіцца людаедамі. У мінулыя стагоддзі, калі колькасць тыграў была вялікай, у Індыі выпадкі людаедства фіксавалі нярэдка. Сёння толькі каля 3 тыграў з 1000 з'яўляюцца людаедамі.
У міфаэпічных уяўленнях жыхароў Сярэдняй Азіі і Індакітая тыгр часта выступае як цар звяроў і гаспадар лесу. У Паўднёва-Усходняй Азіі вядомы як дух гор і пячор. У Кітаі тыгр шанаваўсяся не толькі як цар звяроў, але і як страх дэманаў (у прыватнасці тых, якія прыносілі хваробы). Вялікія чараўнікі, якія застрашвалі дэманаў, часта выяўляліся сядзячымі на тыгры. Каракалпакскія жанчыны лічылі, што пазбаўленне ад бясплоднасці можа быць дасягнута смакаваннем кавалачка мяса тыгра, ушаноўваннем яго слядоў, скаканнем праз яго скуру. Узбекскія жанчыны акружалі асабістай пашанай паляўнічага, які забіў тыгра.
У міфалогіях распаўсюджаны вобраз тыгра-пярэваратня. Ад шлюбу жанчыны з тыграм вядуць свой радавод многія плямёны. «Тыгрыныя» назвы некаторых індыйскіх народаў, эпітэты ўзору «чалавек-тыгр» дазваляюць казаць пра старажытнае ўшанаванне тыгра як татэмнай жывёлы. У Кітаі вобраз белага тыгра суадносіўся з захадам, восенню і зямной стыхіяй, часам з тыграм суадносіўся пэўны месяц года. У хрысціянстве тыгр разглядваўся як эмблема Хрыста. Тыгр у бамбукавым гаі сімвалізуе ў японскай традыцыі чалавецтва, апантанае злом.
Сібірскі тыгр (
Panthera tigris altaica)
Вылучаюць дзевяць падвідаў тыграў, тры з якіх ужо вымерлі:
- ↑ zviazda.by