Дамен (зямля)
Даме́н (фр.: domaine ад лац.: dominium — «уладанне») — поўная і спадчынная форма зямельнай уласнасці ў сярэднявечных краінах Еўропы[1].
Агульная характарыстыка
[правіць | правіць зыходнік]Каралеўскі дамен узнік на аснове прысваення каралём вярхоўнай уласнасці на зямлю племя або народа. Ён уключаў вотчыну, крэпасці, гарады і розныя ўгоддзі. Павелічэнне дамена адбывалася за кошт канфіскаваных зямель феадалаў і царквы[1].
Як правіла, дамен уключаў розныя населеныя пункты, умацаванні, зямельныя ўчасткі, пашы і лясы. Не была выключэннем тэрытарыяльная раздробненасць уладанняў, калі асобныя вобласці дамена знаходзіліся ў розных раёнах краіны. Свае дамены былі таксама ў герцагаў, графаў, баронаў і іншых феадалаў. Дамен караля мог і не быць найбольшым феадальным уладаннем у краіне.
Вылучаўся таксама сеньярыяльны дамен (баярскі, магнацкі) — частка вотчыны феадала з асабістай гаспадаркай[2], якая з’яўлялася яго непасрэднай уласнасцю. Тут уладальнік, выкарыстоўваючы працу залежных сялян, вёў сваю ўласную даменіяльную гаспадарку[1].
На Беларусі і ў Вялікім Княстве Літоўскім
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі Беларусі ў XI—XIII стагоддзях існавалі даменіяльная зямельная ўласнасць і ўмоўнае землеўладанне князёў і баяр, якое ў пісьмовых крыніцах вядома як воласць (аналагам у краінах Заходняй Еўропы з’яўляўся бенефіцый)[1].
У Вялікім Княстве Літоўскім у XIV—XVIII стагоддзях гаспадарскі дамен утвараўся з радавых уладанняў дынастыі вялікіх князёў, а таксама з прысвоеных маёнткаў іншых літоўскіх князёў і князёў Рурыкавічаў. У выніку аграрнай рэформы (паводле «Уставы на валокі» 1557 года і правядзення валочнай памеры) гаспадарскія двары былі ператвораны ў фальваркі, узніклі староствы і эканоміі[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д Беларуская энцыклапедыя 1998.
- ↑ БелСЭ 1971.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дамен // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 30. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Дамен // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 4. Графік — Зуйка / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1971. — 608 с.: іл., карты.
- Christopher Corèdon, Ann Williams. A Dictionary of Medieval Terms and Phrases. — Cambridge: D. S. Brewer, 2004. — ISBN 1-84384-023-5.