Дарахі (археалагічныя помнікі)
Дарахі́ — археалагічныя помнікі — стаянкі, селішчы і курганныя могільнікі каля вёскі Дарахі Гарадоцкага раёна.
Стаянкі
[правіць | правіць зыходнік]Чатыры стаянкі паўночнабеларускай культуры размешчаны на паўночным усходзе ад вёскі, на беразе возера Сенніца. Абследавалі ў 1989 П. М. Драчоў, В. І. Ждановіч, Ю. К. Кульпановіч, В. М. Лоскутаў, С. М. Сіманюкоў. Знойдзены фрагменты ляпных пасудзін, арнаментаваных ямкавымі ўцісканнямі, насечкамі, грабеньчатым штампам, косці жывёл.
Селішча-1
[правіць | правіць зыходнік]Селішча-1 за 0,5 км на паўночны захад ад вёскі, на ўзвышшы правага берага возера Сенніца. Мясцовая назва Лысая Гара. У 1958 адкрыў краязнавец І. А. Вашчыла, у 1972—1973 гадах Г. В. Штыхаў даследаваў 104 м². Культурны пласт 0,3—0,6 м. Выяўлена некалькі ям ад слупоў. Знойдзены фрагменты ляпнога гладкасценнага посуду 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя банцараўскай культуры і кругавых пасудзін старажытнарускага часу.
Селішча-2
[правіць | правіць зыходнік]Селішча-2 за 1,2 км на паўночны захад ад вёскі, на беразе возера Сенніца, на ўзвышшы сярод балота. Плошча возера складае 2 га. У 1978 Г. В. Штыхаў даследаваў 40 м². Знойдзена 456 абломкаў ляпной керамікі 2-й і 3-й чвэрцяў 1-га тысячагоддзя, глінянае прасліца, 2 жалезныя шылы, фрагмент сярпа, жалезныя шлакі. На балоце каля селішча знойдзены жорнавы камень дыяметрам 38 см з паглыбленнем.
Селішча-3
[правіць | правіць зыходнік]Селішча-3 за 1,5 км на паўночны захад ад вёскі, на беразе возера Сенніца. Мясцовая назва Чорная Зямля. Плошча больш за 1 га. У 1972 абследаваў Г. В. Штыхаў. Культурны пласт 0,8 м. У шурфе знойдзены 60 абломкаў гаршкоў XI—XIII стст., на раллі — фрагменты ляпной керамікі.
Могільнік-1
[правіць | правіць зыходнік]Могільнік-1 банцараўскай культуры 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя, за паўднёвай ваколіцай вёскі. 12 падоўжаных памерамі 5×8×1 м і паўсферычных курганоў дыяметрам 7—11 м і вышынёй 0,5—1 м. Адзін курган доўгі памерамі 22×10×1,2 м. У 1970-я гг. Г. В. Штыхаў даследаваў 9 насыпаў. Пахавальны абрад — трупаспаленне, ад 1 да 7 пахаванняў у ямках у верхняй частцы курганоў. Рэшткі крэмацыі былі змешчаны ў ляпныя урны, некаторыя з іх накрыты перавернутым гаршком. На розных узроўнях насыпаў прасочваюцца попельна-вугальныя праслойкі з перапаленымі косткамі жывёл. У 3 насыпах пахаванняў не выяўлена. Пахавальны інвентар — жалезныя спражка, цуглі.
Могільнік-2
[правіць | правіць зыходнік]Могільнік-2 крывічоў VIII—IX стст. за 2 км на ўсход ад вёскі, на беразе возера Сенніца, ва ўрочышчы Яўграфаў Хутар. 17 насыпаў памерамі 7-9×6-7 м, вышынёй 1?5—2,2 м. У 1970-я гг. Г. В. Штыхаў даследаваў 3 курганы, Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Рэшткі крэмацыі знаходзіліся на гарызонце ў ямах, накрытых перавернутым гаршком. Сярод перапаленых касцей знойдзены бронзавыя спіралькі, фрагменты скроневага кольца, 15 аплаўленых бляшак.
Могільнік-3
[правіць | правіць зыходнік]Могільнік-3 за 0,3 км на поўдзень ад могільніка-1. 5 курганоў: 4 круглыя дыяметрам 7—10 м, вышынёй да 0,8— 1,4 м, 1 — падоўжаны памерамі 13,5×8×1,25 м. Могільнік поўнасцю даследаваны Г. В. Штыхавым у 1970-я гг. Пахавальны абрад — трупаспаленне. Пахавальны інвентар адсутнічаў. У 2 курганах пахаванняў не выяўлена.
Могільнік-4
[правіць | правіць зыходнік]Могільнік-4 банцараўскай культуры 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя за 0,5 км на поўдні ад вёскі. 15 насыпаў дыяметрам 6—10 м, вышынёй 0,5—1,7 м. У 1970-я гг. Г. В. Штыхаў даследаваў 5 курганоў: 4 — круглыя і 1 падоўжаны памерам 14,2×8×1 м. Пахавальны абрад — трупаспаленне, пахаванні урнавыя і бязурнавыя ў ямах, на падсыпцы альбо на гарызонце. У падоўжаным кургане выяўлены 2 урнавыя і бязурнавыя пахаванні. Знойдзены жалезныя шпора і спражка.
Могільнік-5
[правіць | правіць зыходнік]Могільнік-5 крывічоў другой паловы X—XI стст. за 2,5 км на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Яўграфаў Хутар, каля паселішча-3. 63 насыпы дыяметрам 6—8 м, вышынёй 0,5—1 м, У 1970-я гг. Г. В. Штыхаў даследаваў 10 курганоў. Пахавальны абрад — трупаспаленне (больш раннія) і трупапалажэнне на гарызонце галавой на захад, на месцы рытуальнага вогнішча. У некаторых выпадках у больш раннія насыпы з трупаспаленнем зроблены ўпускныя пахаванні з трупапалажэннем. Пахавальны інвентар — лірападобная і прамавугольная спражкі, шкляныя пацеркі, жалезныя крэсіва, цуглі, касцяныя грэбень з футаралам, падковападобная фібула, ляпны і кругавы посуд. Курганы насыпаны на месцы селішча 3-й чвэрці 1 тысячагоддзя.
Могільнік-6
[правіць | правіць зыходнік]Могільнік-6 банцараўскай культуры 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя за 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, каля дарогі на вёску Кайкі. 7 насыпаў дыяметрам 5,5—8 м, вышынёй 0,9—1,2 м. У 1970-я гг. Г. В. Штыхаў даследаваў 4 курганы. Пахавальны абрад — трупаспаленне. Пахаванні — урнавыя і бязурнавыя ў ямах, ад 1 да 4, былі размешчаны ў верхняй частцы насыпу.
Могільнік-7
[правіць | правіць зыходнік]Могільнік-7 за 1,5 км ад вёскі ва ўрочышчы Зуевы Ляды. 4 курганы дыяметрам 7—8 м, вышынёй 1 м. У 1970-я гг. Г. В. Штыхаў даследаваў 1 насып. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за курганом. Пахаванне ў цэнтры насыпу ў ямцы памерамі 0,2х0,5 м. глыб. 0,3 м, пад дзірваном. Пахавальны інвентар адсутнічаў.
Могільнік-8
[правіць | правіць зыходнік]Могільнік-8 за 0,7 км на ўсход ад вёскі. 4 курганы. У 1970-я гг. Г. В. Штыхаў даследаваў падоўжаны курган памерамі 9х6,3х0,8 м. Пахаванне не знойдзена.
Могільнік-9
[правіць | правіць зыходнік]Могільнік-9 за 1 км на поўдзень ад вёскі ўздоўж дарогі ва ўрочышчы Зуевы Ляды. У 1970-я гг. Г. В. Штыхаў даследаваў круглы курган дыяметрам 7,8 м, вышынёй 1,3 м, з раўком вакол яго. Пахавальны абрад — трупаспаленне. Рэшткі крэмацыі знойдзены на глыбіні 0,7 м у яме 0,7×0.5 м. У цэнтры кургана выяўлена іншая яма з попелам і вуголлем.
Могільнік-10
[правіць | правіць зыходнік]Могільнік-10 за 1,2 км на поўдзень ад вёскі, побач з могільнікам-9. 3 курганы дыяметрам 8—9 м, вышынёй да 1 м.
Могільнік-11
[правіць | правіць зыходнік]Могільнік-11 за 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, каля дарогі на в. Рудня. 3 курганы дыяметрам 7—8 м, вышынёй 1—2 м.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дарахі // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2012. — Т. 3. — 688 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0662-8.
- Штыхаў Г. В. Крывічы. Мінск, 1992. Г. В. Штыхаў.