Двін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Двін (Арменія)
Двін
Двін
Геаграфічная лакалізацыя горада

Двін, Вастан Двін (арм.: Դվին; араб. دبيل‎‎ (Дабіль), перс.: دوين (Двін), стар.-грэч.: Δούβιος або стар.-грэч.: Τίβιον) — буйны рамесна-гандлёвы горад, сталіца старажытнай Арменіі і галоўны горад аднайменнай вобласці (Вастан Двно або Вастан Хаёц) у правінцыі Айрарат.

Гістарычны нарыс[правіць | правіць зыходнік]

Пабудаваны царом Вялікай Арменіі Хасровам II у 335 г. Назва паходзіць з сярэдне-персідскага і азначае «ўзгорак»[1][2]. З IV стагоддзя тут знаходзілася рэзідэнцыя армянскіх цароў дынастыі Аршакідаў. Пасля ліквідацыі Армянскага царства ў 428 годзе стаў рэзідэнцыяй персідскіх, а з 702 года — арабскіх кіраўнікоў вобласці Армінія (араб. ارمينيّة‎‎), якая ўключала ў свой склад, апроч армянскіх земляў, таксама і Картлі, Аран і Баб аль-Абваб (Дэрбент). Зрабіўшыся сталіцай дзяржавы, Двін неўзабаве стаў адным з найбольшых гарадоў Азіі і па багацці свайму супернічаў са многімі гарадамі тагачаснага свету. Але дабрабыт яго працягваўся нядоўга. Першы ўдар нанеслі яму арабы. Па Себеосу і Яну Драсханакертцы, узяцце Двіна адбылося пры Канстанце II (641—668) і каталікосу Езрэ (628—640). Нягледзячы на тое, што Двін з тых часоў трохі раз пераходзіў з рук у рукі, ён у пачатку IX стагоддзя быў яшчэ ў квітнеючым стане. Да ўціскаў ад заваёўнікаў далучыліся частыя землятрусы, і горад з пачатку Х стагоддзі стаў хіліцца да заняпаду. Арабскія гісторыкі і географы таксама захавалі важныя дадзеныя пра гісторыю горада дадзенай эпохі.

Арабскі аўтар X стагоддзя ал-Істахры паведамляе, што ў «вобласці горада Дабіля: вакол яго гавораць па-армянску». Пра горад таксама даецца наступная звестка:

Дабіль сталіца Арменіі і ў ім Санбат, сын Ашута. Горад увесь час знаходзіўся ў руках шляхетных хрысціянаў, а хрысціяне складаюць вялікую частку насельнікаў Арменіі, яна ж «царства Арман».

Пра насельніцтва Двіна піша таксама іншы знакаміты арабскі аўтар X стагоддзя — Ібн Хаўкаль:

для многіх груп насельніцтва ва ўскраінах Арменіі і прылеглых краін існуюць іншыя мовы <чым персідская і арабская>, як армянская — для жыхароў Дабіля і вобласці яго, а жыхары Бёрда'а гавораць па-аранску[3]

Яшчэ адзін арабскі географ таго ж перыяду Аль-Мукадасі паведамляе: «Дабіль - значны горад; у ім непрыступная крэпасць і вялікія багацці… Пры ўсіх яго вартасцях пераважаюць у ім хрысціяне; зараз ужо зменшылася яго насельніцтва, і крэпасць яго разбурылася»

Двін. Цэнтральная частка горада. На пярэднім плане — сабор, ззаду справа — базылікальная царква (VI ст.), злева — палац каталікоса (V ст.). Рэканструкцыя. Мал. А. Патрыка (на падставе рысункаў Г. Качаяна).

Нароўні з армянамі тут жылі і персы і яўрэі. Дагавор, заключаны паміж арабскім палкаводцам Хабібам ібн Масламай і Двінам, абвяшчаў:

У імя Алаха міласцівага і літасцівага! Дана гэта грамата Хабібам ібн Масламай хрысціянам горада Дабіла, яго чараўнікам і юдэям, якія як прысутнічаюць, так і адсутным, у тым, што я гарантую вам /недатыкальнасць/ вашых асоб і маёмасці, вашых цэркваў і храмаў і сцен вашага горада. Вы знаходзіцеся ў бяспецы, і мы абавязваемся прытрымлівацца дамове з вамі датуль, пакуль і вы самі яму вынікаеце і ўносіце харадж і джызью, у чым парукай Алах, найбольш надзейны даручальнік![4]

Каля 951 года прадстаўнік курдскай дынастыі Шададзідаў, Мухамад ібн Шадад, зацвердзіўся ў Двіне, у старажытным армянскім горадзе[5]. Але Мусафірыдам, якія валодалі горадам да гэтага, удалося адваяваць яго. Пазней Шададзіды зноў аднаўляюць сваё кіраванне ў Двіне[6].

У 992 годзе патрыяршы прастол Армянскай апостальскай царквы быў перанесены з Двіна ў Ані. Падчас другога землятрусу, у 893 годзе, у ім загінулі каля 70 тыс. жыхароў.

У 1064 Арменію заваявалі сельджукі. Грузінскі цар Георгій III у 11611162 гадах і, другасна, у 1173 годзе ненадоўга адваёўваў у іх горад. У 12011203 гадах, у часы кіравання грузінскай царыцы Тамары, Двін ізноў быў далучаны да Грузіі.

У 1236 годзе горад быў канчаткова разбураны манголамі.

Сістэматычныя раскопы Дзвіна вядуцца з 1937 і далі вялікі матэрыял, што характарызуе культуру Арменіі V—XIII стагоддзяў. У крэпасці адкрыты разваліны палацаў кіраўнікоў Арменіі, пабудаваных пасля землятрусу 893 года (пад імі разваліны палацавых збудаванняў IV—IX стагоддзяў), жылыя хаты службовых асоб і ганчарныя майстэрні X—XIII стагоддзяў. У цэнтры гарады — рэшткі сабора, перабудаванага ў VII стагоддзі з базылікальнага паганскага храма III стагоддзя, палац каталікоса (V стагоддзе), базылікальная царква (VI стагоддзе), будынак вялікай караван-адрыны (VI стагоддзе) і іншае.

Двін ляжаў на поўнач ад ранейшай сталіцы — Арташата, на берагах ракі Мецамор, у 35 км да поўдня ад сучаснага Ерэвана.

Зноскі

  1. James R.Russell. Zoroastrianism in Armenia. — Harvard University, 1987. — P. 26.
  2. Encyclopaedia Iranica.
  3. Караулов Н.А. Сведения арабских писателей X и XI веков по Р. Хр. о Кавказе, Армении и Адербейджане. Архівавана 28 мая 2013.
  4. Юзбашян. Армянские государства эпохи Багратидов и Византия IX-XI вв.. — М.: Наука, 1988.
  5. V. Minorsky. Studies in Caucasian History. — Cambridge University Press, 1953. — P. 104.:
  6. Босворт К.Э. Мусульманские династии. — М.: Наука, 1971.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Арутюнян В. «Архитектурные памятники Двина». «Известия Академии наук Армянской ССР». 1947, № 8.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]