Дзярэзка заліўная[2], лікападыела заліўная (Lycopodiella inundata) — від раслін сямейства Дзеразовыя.
Шматгадовая травяністая расліна з паўзучымі, разгалінаванымі вегетатыўнымі парасткамі звычайна шчыльна прылягае да субстрату і ўкараняецца, фарміруе плямы на зямлі. Сцябло даўжынёй 75—100 см можа месцамі перарывацца і лёгка абламваецца. Спараносныя парасткі прамастойныя, вышынёй 10—15 см, негалінастыя. Лісты-філоіды лінейна-шылападобныя, вельмі дробныя, суцэльнакрайнія, зялёныя са светлым саламяна-жоўтым заканчэннем, серпападобна загнутыя ўверх.
Стробілы адзінкавыя, цыліндрычныя, сядзячыя, шырэйшыя за парасткі, нярэзка адмежаваныя ад сцябла. Спарафілы шылападобныя, зялёныя, з яйцападобна расшыранай асновай, якая мае некалькі зубцоў па краі. Споры шматлікія, светла-жеўтыя.
Рэліктавы барэальны атлантычна-еўрапейскі лугава-балотны від. Пашырэнне ў Еўразіі: асобныя астравы і эксклавы ў Еўропе, на Каўказе, у Заходняй і Усходняй Сібіры, на Далёкім Усходзе. У Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных месцазнаходжаннях за паўднёва-ўсходняй мяжой суцэльнага пашырэння, трапляецца спарадычна, пераважна на Палессі. Арэал ахоплівае таксама Японію, Азорскія астравы і Паўночную Амерыку (на захадзе і ўсходзе).
Экалагічна адносна вузкапластычны від, прыстасаваўся да спецыфічных эдафатопаў, бедных пажыўнымі рэчывамі, і дв разрэджаных фітацэнозаў. Месцы росту: асакова-сфагнавыя балоты, вільготныя плямы ў тундры, сырыя грунтавыя агаленні і выемкі грунту. Аддае перавагу сырому торфу і пяску, на поўдні арэала трапляецца ў кар’ерах і каля дарог. Расце невялікімі, часам даволі значнымі групамі.
Размнажаецца спорамі і вегетатыўна. На тэрыторыі Беларусі спараносіць з ліпеня да верасня. Споры прарастаюць толькі пры наяўнасці вільготнага аголенага субстрату.
Зноскі
- Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-095-5
- Ботаника (исследования): Сборник научных трудов. Выпуск 43 / Ин-т эксперимент. бот. НАН Беларуси. — Минск: 2014. — С. 4. — 296 с. — ISSN 2221 — 9927. (руск.)